У аўторак раніцай у Бараўлянах сілавікі ў цывільным затрымалі былога журналіста СТБ Дзмітрыя Баяровіча разам з жонкай Валерыяй. Момант, калі мужчына спакойна выходзіў з дому, а потым яго скруцілі, трапіў на відэа з камеры назірання. Пакуль Баяровіча круцілі чатыры чалавекі, нічым не падобныя да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, міма праходзілі іншыя людзі. І нічога не рабілі. Імаверна, таму, што баяліся самі аказацца на яго месцы. Спыталі ў супрацоўнікаў Бараўлянскага аддзела міліцыі, што рабіць, калі бачыш, што на кагосьці невядомыя накідваюцца на вуліцы, і як адрозніць, бандыты гэта ці праваахоўнікі.
«Ніхто вам не забараняе падысці да тых людзей, якія затрымліваюць, і ўдакладніць, хто гэта і што»
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў дзяжурна-аператыўную службу Бараўлянскага аддзела міліцыі Мінскага РУУС як занепакоеная грамадзянка.
— Бачыла, як чатыры чалавекі на вуліцы заламалі мужчыну, паклалі яго на асфальт, у снег. Яны былі ў звычайнай вопратцы, я нават не падумала, што гэта міліцыя. А потым аказалася, што яго так затрымлівалі.
— Цалкам магчыма. Што вас усхвалявала?
— Што рабіць у такой сітуацыі? Раней, калі гэта міліцыя, гэта зразумела: людзі ў форме.
— Вы ж не забывайце, што ў нас не толькі міліцыя можа затрымліваць людзей. Ёсць яшчэ такая арганізацыя, як Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Яны ў цывільным толькі і ходзяць.
— Як у такім выпадку дзейнічаць? Можна дапамагаць чалавеку?
— Як дзейнічаць?! Вы можаце ў любым выпадку папрасіць людзей прадставіцца: хто вы, што вы. Староннім грамадзянам яны адназначна паведамляць не будуць, а калі, да прыкладу, вас будуць затрымліваць, вы можаце ўдакладніць, што гэта за арганізацыя, [якая] прычына затрымання. Гэта ж сама сабой зразумелая рэч.
— А калі на вуліцы такое бачыш? Адразу хочацца падысці дапамагчы чалавеку: мала што, раптам хтосьці на яго напаў.
— Вас жа ніхто не просіць кідацца ў бойку. Ніхто вам не забараняе падысці да тых людзей, якія затрымліваюць, і ўдакладніць, хто гэта і што, прычыну затрымання. Але вялікая імавернасць, што вам не паведамяць.
— Калі я падыду спытаю, мяне не затрымаюць?
— Ну, калі вы не ў нейкіх адносінах з той асобай, у дачыненні да якой праведзенае затрыманне. Усё залежыць ад абставін. Не магу вам падказаць, будуць вас затрымліваць ці не. Калі ёсць падставы, то і вас затрымаюць.
— А калі міма праходзіў, могуць затрымаць, таму што падышоў і спытаў? Для праверкі нейкай.
— Не магу вам сказаць. На гэтае пытанне мне адказаць цяжка.
— Проста людзі без формы, і адразу думаеш, што гэта нейкія бандыты. Як зразумець: гэта хуліганы напалі на чалавека і скруцілі або міліцыя?
— Я вам скажу, вось такіх рэчаў, пра якія вы цяпер расказваеце, у нашай краіне няма. У плане таго, што хуліганы кагосьці затрымліваюць.
— Гэта ж не падобна да затрымання: чатыры чалавекі схапілі аднаго мужчыну, ён выглядаў нармальна. Спакойна ішоў, не бег — яго павалілі на зямлю.
— Вы не забывайце, што ў нас злачынцы таксама ходзяць нармальна і нічым не адрозніваюцца ад звычайных людзей. Гэта не значыць, што злачынец мусіць быць нейкага іншага выгляду. Калі ў дачыненні да чалавека ёсць нейкія матэрыялы праверкі, распачатая крымінальная справа, усякае мае законныя падставы для затрымання. Ёсць яшчэ і асобы, якія хаваюцца ад суда і следства. Прычым тут бег або ішоў? Можна проста хавацца: не з’яўляцца да следчага на допыт.
— У нас увесь час цяпер так затрымліваюць? Так жорстка.
— Не магу вам сказаць ні так, ні не, хто, як і каго затрымлівае. Усякае, як той казаў, бывае.
— Гэта небяспечных злачынцаў датычыць? Думала, ёсць нейкія правілы.
— Усялякіх. Паўтаруся, парадак затрымання вызначаюць супрацоўнікі, якія непасрэдна праводзяць затрыманне. Не каманда звыш, а самі, каб пазбегнуць нейкіх дзеянняў. А правілы затрымання ў КДБ і ў міліцыі адрозніваюцца трошкі. Мы знаходзімся ў форме — там людзі без формы.
— Ведаеце, проста страшна. Раптам будзеш ісці па вуліцы, хтосьці нападзе і ніхто нават не зверне ўвагі. Людзі праходзяць міма. Цябе паб’юць, і ніхто не ўратуе, думаючы, што гэта міліцыя.
— Гэта не да міліцыі і нейкіх арганізацый, а да людзей пытанні. Калі людзі прайшлі міма — гэта ж, значыць, нейкі чалавечы фактар. Я не магу вам сказаць, чаму людзі прайшлі міма, — на гэтым міліцыянт адмовіўся гаварыць далей, развітаўся. — Калі вы хочаце, я зарэгіструю вашую інфармацыю, да вас прыедуць супрацоўнікі і пагавораць з вамі.
«Само затрыманне, калі наляцелі, паклалі на асфальт у гразі, сведчыць пра прававую непісьменнасць»
Мы папрасілі і ў Алега Талерчыка, былога супрацоўніка беларускай Генпракуратуры і сузаснавальніка BYPOL, які восенню пакінуў аб’яднанне, ацаніць дзеянні сілавікоў на відэа затрымання Баяровіча і адказы дзяжурнага з Бараўлянскага аддзела міліцыі.
Ён адзначае, што ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе і Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях не прапісана, якія дзеянні дапушчальныя падчас затрымання, а якія не. У той жа час яно мусіць праводзіцца так, каб не наносіць шкоду жыццю і здароўю чалавека, не прыніжаць яго гонар і годнасць.
— У нармальнай прававой дзяржаве гэта і варта прапісваць, бо ў гэтых кодэксах ёсць ідэнтычныя артыкулы: «Недатыкальнасць асобы» і «Павага да гонару і годнасці асобы, дзелавой рэпутацыі». Імі замацавана, што падчас правядзення крымінальнага або адміністрацыйнага працэсу ніхто не павінен падвяргацца гвалту, жорсткаму і зневажальнаму абыходжанню.
Зыходзячы з гэтых нормаў, відавочна, што затрыманне мусіць адбывацца максімальна карэктна. У законе «Аб органах унутраных справаў», якім абавязаны кіравацца іх супрацоўнікі, рэгламентавана, што фізічная сіла і прыёмы баявой барацьбы могуць прымяняцца для затрымання асоб, якія здзейснілі злачынствы альбо адміністрацыйныя правапарушэнні. Але з агаворкай: калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма. На відэа ж відавочна, што затрыманне можна было правесці і без гвалту.
У тым жа законе адзначана, што супрацоўнік дзейнічае згодна з абстаноўкай. Але гэта не значыць, што ён на сваё меркаванне вызначае ўмовы ўжывання сілы, спецсродкаў. Ёсць выразны рэгламент, што папярэдне мусіць быць папярэджанне пра такое ўжыванне, прычым выразна выказанае. І толькі калі абстаноўка складваецца так, што гэтае папярэджанне можа паставіць у небяспеку жыццё і здароўе супрацоўніка альбо навакольных людзей, гэтае правіла не дзейнічае. Але, зноў жа, на відэа мы не бачым, каб сілавікам і мінакам што-небудзь пагражала. Ну і само затрыманне, калі наляцелі ўтрох, потым учатырох, паклалі яго на асфальт у гразі, прыціснулі, сведчыць не тое што пра іх выхаванне і жорсткасць, а пра прававую непісьменнасць
«У нас кожны раз людзей затрымліваюць як мацёрых рэцыдывістаў»
Старацца не нашкодзіць сілавікі павінныя нават тады, калі перад імі рэальны злачынец, адзначае экс-супрацоўнік пракуратуры. Паводле яго словаў, яны мусяць дзейнічаць, улічваючы характар злачынства падазраванага і яго асобу.
— Калі ў іх былі нейкія звесткі, што Баяровіч уяўляе пагрозу жыццю і здароўю супрацоўнікаў, можа ўжыць прыёмы барацьбы, халодную або агнястрэльную зброю, то іх дзеянні можна прызнаць правамернымі. Але, улічваючы яго прафесію, я сумняваюся, што гэта так. Проста ў нас кожны раз людзей затрымліваюць як мацёрых рэцыдывістаў, разбойнікаў або забойцаў. Ім так прасцей: навошта разбірацца, прадстаўляцца — лішнія размовы? Прынізіць чалавека, запалохаць — гэта метады іх працы.
Калі затрыманне праводзяць людзі без апазнавальных знакаў і гэта адбываецца на вуліцы, навакольныя маюць права папрасіць гэтых людзей прадставіцца і растлумачыць сітуацыю.
— Дзеянні супрацоўнікаў сілавых органаў павінныя насіць законны характар, і гэтая законнасць мусіць быць відавочная для ўсіх. То-бок калі мінак бачыць, што здзяйсняецца супрацьпраўнае дзеянне (або дзеянне, падобнае да гэтага) — калі чалавека заломваюць, збіваюць — ён мае права дапамагчы. Мае права высветліць, чаму ў дачыненні да іншага чалавека ўжываецца гвалт. Калі не атрымаў тлумачэння — паведаміць пра гэта службе 102.
У нас у КК ёсць артыкул «Неабходная абарона», згодна з якім ты можаш абараняцца ад супрацьпраўных замахаў не толькі сам, але і абараняць іншых асоб, у тым ліку табе не знаёмых. То-бок дапамагаць чалавеку, у дачыненні да якога ажыццяўляюцца неправамерныя дзеянні, або, зноў жа, паведаміць пра здарэнне ў міліцыю. Але мы ўсе разумеем, што ў цяперашніх умовах гэта немагчыма: любы грамадзянін у найлепшым выпадку ў турму пойдзе, а то і жыццё можа страціць пры такіх паводзінах.
Пытанне, ці можна праводзіць затрыманне ў цывільным адзенні, ці павінен абавязкова быць хаця б адзін чалавек у форме, уздымалася даўно, яшчэ да 2020 года. Разглядалася ў тым ліку Генпракуратурай. Былі прыхільнікі думкі, што не павінныя адбывацца выпадкі, калі ў супрацоўнікаў няма знакаў адрознення і немагчыма вызначыць, хто наогул дзейнічае. Але перамог іншы пункт гледжання, і сілавікам дазволілі дзейнічаць інкогніта, матывуючы гэта тым, што нібыта яны змагаюцца са злачыннасцю і, каб не ставіць пад пагрозу сябе і навакольных, дзейнічаюць вокамгненна і нечакана.
Нават калі затрыманне праводзяць супрацоўнікі КДБ, яны таксама абавязаныя прадстаўляцца, адзначае Талерчык.
— У іх свае ведамасныя акты, але нормы, якія датычаць захавання правоў чалавека, павагі да яго гонару і годнасці, аднолькавыя для ўсіх. Так, супрацоўнікі КДБ рэдка падчас выканання службовай дзейнасці знаходзяцца ў форменным абмундзіраванні, але прадставіцца і паказаць пасведчанне яны могуць. Каб выключыць такія кадры, калі з боку гэта выглядае як фактычна напад невядомых на чалавека, а не як законныя дзеянні па затрыманні падазраванага. Гэта збітая фраза, але ў краіне не да законаў. Нават тыя нарматыўныя акты, якія сёння рэгламентуюць дзеянні сілавікоў, груба парушаюцца.
Чытайце таксама


