Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў у пералік «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», яшчэ адзінаццаць прозвішчаў.
У спіс трапілі беларусы Максім Ерашэнка, Барыс Кім, Сяргей Савіч, Арцём Воўна, Юрый Калодны, Мікалай Даніш, Рыгор Грыг, Павел Мякіш, Валерый Барзенка, Андрэй Касцоў і расіянка Соф’я Сапега.
У КДБ заявілі, што падстава ўключэння ў спіс — уступленне ў законную сілу прысуду суда па арт. 130 КК Беларусі (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).
Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 1026 чалавек, з іх 278 — беларусы.
Нагадаем, Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у мінскім аэрапорце, пасля таго як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. Пара вярталася з адпачынку. Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў.
Суд пачаўся 28 сакавіка 2022 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Сапезе выставілі абвінавачанні па сямі артыкулах, але прызналі вінаватай па двух — па ч. 3 арт. 130 (Здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых арганізаванай групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы), а таксама па ч. 1 арт. 179 (Незаконныя збор альбо распаўсюд звестак пра прыватнае жыццё, якія складаюць асабістую або сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых).
Сапегу асудзілі на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. У памілаванні ёй адмовілі.