Улады ўвялі чарговыя змяненні для рынку працы — падрабязнасці
Читать по-русски


/

Урад увёў змяненні для занятага насельніцтва, паведамляе Мінпрацы. Новаўвядзенні датычаць працаўладкавання людзей з інваліднасцю, а таксама тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт і мусіць кампенсаваць дзяржаве пэўныя выдаткі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Некаторыя змяненні датычаць працаўладкавання людзей з інваліднасцю. «Вызначаны максімальны памер фінансавання мерапрыемстваў па стварэнні і захаванні працоўных месцаў для працаўладкавання інвалідаў за адно працоўнае месца — да 1500 базавых велічынь (63 000 рублёў)», — удакладняюць у Мінпрацы.

Але каб атрымліваць гэтыя грошы, трэба адпавядаць пэўным патрабаванням. Сярод іншага мусіць адсутнічаць запазычанасць па падатках, а кампанія не можа знаходзіцца ў ліквідацыі. Пры гэтым месца за прынятым на працу інвалідам мусіць захоўвацца як мінімум тры гады.

«У трохгадовы перыяд не ўключаюцца перыяды прастою, знаходжання інваліда ў адпачынку без захавання ці з частковым захаваннем заработнай платы, які даецца з ініцыятывы наймальніка, адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, перамяшчэння інваліда або яго часовага пераводу, перыяд утворанай вакансіі», — тлумачаць у Мінпрацы.

Карэктаванні для тых, хто кампенсуе дзяржаве выдаткі на дзяцей

Таксама з’явілася новаўвядзенне па працаўладкаванні тых, хто абавязаны кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржзабяспечанні.

«Урэгуляваны парадак праходжання абавязанымі асобамі медыцынскага агляду падчас прыёму на працу, — адзначаюць у Мінпрацы. — Прыём на працу абавязанай асобы, у дачыненні да якой вынесеная судовая пастанова пра працаўладкаванне, ажыццяўляецца арганізацыяй у дзень яўкі абавязанай асобы на падставе скіравання на працу, выдадзенага органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне».

Калі чалавек не можа выконваць працу з прычыны стане здароўя, наймальнік мусіць перавесці яго на іншую.

«Пры адсутнасці ў наймальніка адпаведнай працы ён у пісьмовай форме інфармуе орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пра скасаванне з абавязанай асобай працоўнай дамовы і неабходнасць падбору для яго іншага месца працы», — тлумачаць у Мінпрацы.

Што прапісалі для тых, хто атрымаў «адміністратыўку»

Таксама ўлады вызначылі, паводле якой схемы прыцягваюць да працы тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт і лічыцца абавязаным — то-бок мусіць кампенсаваць дзяржаве пэўныя выдаткі (да прыкладу, на дзяцей).

«Адміністрацыйна арыштаваныя абавязаныя асобы могуць прыцягвацца да працы як па месцы іх асноўнай працы, так і ў іншых арганізацыях, якія будуць вызначацца рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню», — паведамляюць у Мінпрацы.

Чытайце таксама