Прадстаўнікі Венгрыі і Славакіі не спяшаюцца падпісваць сумесны зварот краін — сябраў ЕС пра непрызнанне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 26 студзеня. Гэта вынікае з інфармацыі, атрыманай еўрапейскім рэдактарам «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Еўропа» Рыкардам Ёзвякам ад крыніц у Брусэлі, паведамляе «Радыё Свабода».
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
У ранняй версіі праекта заявы, якая ёсць у распараджэнні «Радыё Свабода», гаворка ішла пра «недэмакратычныя прэзідэнцкія выбары» ў Беларусі.
«Няўмольны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, парушэнні правоў чалавека, абмежаванне палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс усякай легітымнасці», — цытуе выданне праект заявы, якую рыхтуе Еўрапейская служба знешніх сувязяў.
Таксама ў дакуменце ўвага акцэнтавалася на далейшай падтрымцы беларускага народа, дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, гучаў заклік да правядзення свабодных выбараў і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Паводле інфармацыі крыніцы «Радыё Свабода», Венгрыя і Славакія адмовіліся падпісваць першую версію праекта заявы ад імені 27 дзяржаваў — сябраў Еўрасаюза. Не выключана, што яны адмовяцца пакінуць подпіс і пад фінальным варыянтам.
Выданне падкрэслівае, што гэтыя дзве краіны неаднаразова выступалі супраць пашырэння санкцый супраць Расіі і павелічэння еўрапейскай дапамогі Украіне.
Нагадаем, 22 студзеня прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз заявіў пра «найгрубейшае ўмяшанне ў суверэнныя справы» краіны ў перыяд выбарчай кампаніі. Ён таксама паведаміў, што ў распараджэнне МЗС трапіла заява Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якую яна плануе зрабіць пасля выбараў.
«Выбары толькі пачаліся, а там ужо ўсё асудзілі і не прызналі», — абурыўся ён.
У той жа дзень, 22 студзеня, Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з заклікам не прызнаваць вынікаў выбараў у Беларусі. У ёй еўрадэпутаты заклікалі краіны ЕС і міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікаў электаральнай кампаніі ў краіне.
Не прызналі ў ЕС і вынікаў выбараў 2020 года. На тых выбарах, на думку праваабаронцаў, выбарчы працэс прайшоў са шматлікімі парушэннямі і быў цалкам непразрыстым. Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка набраў 80,1% галасоў, а Святлана Ціханоўская — 10,12%.
Між тым эксперты незалежнай платформы «Голас» прааналізавалі дадзеныя пратаколаў выбарчых участкаў і звесткі, дасланыя карыстальнікамі платформы, і прыйшлі да высновы, што за Ціханоўскую прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек, або 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі.
Чытайце таксама


