Паплечнік Віктара Бабарыкі, сакратар Каардынацыйнай рады і сябра аргкамітэта партыі «Разам» Іван Краўцоў пракаментаваў «Люстэрку» фатаграфіі і відэа, апублікаваныя пасля сустрэчы палітыка з Раманам Пратасевічам. Краўцоў кажа, што Бабарыка выглядае добра, і ўпэўнены, што той не пісаў прашэнне на памілаванне, як пра гэта ўжо паведаміла прапаганда, і не падпісваў ніякіх афіцыйных зваротаў або дакументаў.
На фотаздымках, апублікаваных Раманам Пратасевічам, відаць, як Віктар Бабарыка ад рукі піша тэкст на папяровых лістах.
— На фота відаць, што Віктар Дзмітрыевіч нешта піша. Наколькі нам вядома, ён не пісаў ніякіх афіцыйных зваротаў, заяваў, не падпісваў якіх-кольвек дакументаў, — упэўнены Краўцоў. — Як я разумею, на гэтых фотаздымках ён піша ліст сваякам. Пра тое, каб ён пісаў прашэнне на памілаванне, мы не тое што не чулі, мы ўпэўненыя, што такога не было на гэты момант.
— Віктара Дзмітрыевіча я не бачыў з суда, і мне здаецца, што ён вельмі добра выглядае для чалавека, які ўжо 4,5 года сядзіць у камеры большую частку часу, — кажа Краўцоў.
Нагадаем, Віктар Бабарыка знаходзіцца ў папраўчай калоніі Наваполацка. Яго ізалявалі ад вонкавага свету ў канцы красавіка 2023 года, пасля таго як хуткая дапамога прывезла яго ў «цывільную» бальніцу.
Краўцоў лічыць, што ўлады вырашылі перапыніць інфармацыйную ізаляцыю Віктара Бабарыкі, каб прадэманстраваць сваю гатоўнасць да дээскалацыі палітычнага канфлікту ў беларускім грамадстве.
— З'яўляецца разуменне таго, што падзел грамадства пасля 2020 года — гэта праблема, на якую нельга закрываць вочы, — упэўнены Іван Краўцоў. — Магчыма, ідзе працэс падрыхтоўкі да таго, каб у найбліжэйшыя гады паспрабаваць зрабіць так, каб у краіне нарэшце не было палітвязняў. Апошнім часам з’явілася пэўная практыка на, скажам так, зніжэнне напалу. Ужо паўгода адпускаюць людзей. Так, можна казаць, што арыштоўваюць новых, але ўсё роўна ідзе рух у два бакі, а не ў адзін.
Чытайце таксама