Беларускія дэмсілы — Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада — апублікавалі агульную заяву пра прызначаныя на студзень 2025 года прэзідэнцкія выбары. У ім выбаршчыкаў заклікаюць на знак пратэсту галасаваць супраць усіх.
«У 2025 годзе ў Беларусі пройдуць так званыя прэзідэнцкія выбары, а насамрэч — бязвыбары, бо права выбару ў людзей скрадзенае. Выбарчая кампанія праводзіцца ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь. Аляксандр Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсій супраць беларускага грамадства, абапіраючыся на падтрымку Крамля», — гаворыцца ў заяве дэмсіл.
Яны нагадалі, што ў Беларусі больш за 1300 чалавек прызнаныя палітвязнямі, усе апазіцыйныя партыі пазбаўленыя рэгістрацыі, незалежныя медыя і больш за 1700 грамадскіх арганізацый закрытыя.
«Гэта яшчэ далей ад свабодных выбараў, чым калі-кольвек раней у Беларусі», — падкрэсліваюць дэмсілы.
Яны апублікавалі спіс патрабаванняў да беларускіх уладаў:
- спыненне рэпрэсій;
- вызваленне палітвязняў;
- рэалізацыя выбарчага права грамадзян Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства;
- забяспечанне свабоды сходаў і роўнага доступу да СМІ;
- правядзенне выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў.
«Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя рэжымам, мы лічым тое, што адбудзецца ў 2025 годзе, імітацыяй выбарчага працэсу», — гаворыцца ў заяве.
Беларускім выбаршчыкам прапануюць выказаць пратэст, прагаласаваўшы «супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу». Дэмсілы таксама прапрацоўваюць і прапануюць іншыя варыянты, «як выказаць пратэст у залежнасці ад развіцця сітуацыі».
У Каардынацыйнай радзе паведамілі, што дэмсілы ўжо распрацавалі агульную стратэгію дзеянняў на выбарах-2025.
«Гэтая стратэгія была распрацаваная сумесна Каардынацыйнай радай, Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам. Была сфармаваная рабочая група, якая некалькі месяцаў працавала над гэтым дакументам. У ім выкладзеныя асноўныя дзеянні і пазіцыі дэмакратычных сіл, а таксама план дзеянняў, прапанаваны беларусам. Гэтая стратэгія — наш адказ недэмакратычным „бязвыбарам“ Лукашэнкі», — расказала спікерка КР Анжаліка Мельнікава.
Іншыя падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.
Нагадаем, Палата прадстаўнікоў прызначыла дату прэзідэнцкіх выбараў. Яны адбудуцца 26 студзеня 2025 года, хоць, згодна з Канстытуцыяй, маглі прайсці да 20 ліпеня. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што гэта звязана з завяршэннем «пяцігадовага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця».