У парламенце працягваюць абмяркоўваць законапраект з пенсійнымі новаўвядзеннямі, над якімі цяпер працуюць дэпутаты. У аўторак, 27 жніўня, перад дэпутатамі выступіла кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны і насельніцтва Юлія Берднікава. Сярод іншага абмяркоўваліся абмежаванні ў выплаце пенсій тым, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.
Нагадаем, у Беларусі хочуць укараніць чарговыя пенсійныя новаўвядзенні — падрыхтаваны законапраект, які знаходзіцца на разглядзе ў парламенце. Пра некаторыя з магчымых змяненняў ужо расказвалі ў Мінпрацы — яны датычаць ІП і плацетнікаў падатку на прафдаход. Гэты дакумент, як пазней высветлілася, прадугледжвае і іншыя новаўвядзенні — абмежаванні ў пенсіях тых, хто пазбаўлены волі.
Што кажуць у парламенце пра законапраект?
У парламенце ўдакладнілі, што таксама хочуць перанесці крайні тэрмін выплаты ўнёскаў у ФСАН індывідуальнымі прадпрымальнікамі і некаторымі фізічнымі асобамі з 1 на 31 сакавіка. Таксама для ІП збіраюцца ўвесці дыферэнцыяваныя ўнёскі ў бюджэт фонду, яны будуць залежаць ад таго, колькі яны зарабілі, — чым больш, тым вышэйшыя страхавыя адлічэнні.
Таксама ўлады хочуць па-новаму разлічваць мінімальны ўнёсак у ФСАН для тых, хто працуе па грамадзянска-прававых кантрактах (да прыкладу, дамове падраду або аўтарскай). Гэта закране тых, хто працуе па такой схеме ў аднаго наймальніка больш за тры месяцы цягам аднаго каляндарнага года. Выключэнне — тыя, хто выконвае работы па выкладчыцкай, навуковай і творчай дзейнасці.
«Працадаўца будзе абавязаны выконваць мінімальныя гарантыі па выплаце ўнёскаў у бюджэт фонду як для грамадзян, што працуюць па працоўных дамовах», — удакладняюць ў парламенце.
Нагадаем, наёмны работнік плаціць 13% падаходнага падатку і 1% унёскаў у ФСАН, а наймальнік даплачвае замест вас у гэты ж фонд яшчэ 34% ад вашага заробку.
Чыноўнікі па-ранейшаму збіраюцца ўвесці магчымасць добраахвотна рабіць страхавыя ўнёскі ў ФСАН тым, хто працуе на падатку на прафесійны даход.
Для тых, каго ловяць на выплатах заробкаў у канвертах, хочуць адмяніць абмежаванне па ўнёсках з пяціразовага сярэдняга заробку. Адлічэнні плануюць браць з фактычных выплат, але не ніжэй за пэўны ўзровень.
Таксама хочуць увесці «больш лаяльны парадак разліку пені на сумы недабору, якая ўзнікла падчас разліку ці пераразліку бальнічных і дапамог па цяжарнасці і родах», удакладняюць у парламенце.
Як хочуць абмежаваць у пенсіях тых, хто пазбаўлены волі
«Карэктуюцца падыходы да парадку выплаты пенсій грамадзянам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, — лаканічна паведамляюць на сайце парламента. — Па выніках разгляду асноўных навін адбылася дыскусія, якая мела прадметны характар і нацэленая на практычны вынік. Праца па гэтым законапраекце будзе працягнутая».
Нагадаем, сярод іншага пенсіі збіраюцца пералічваць не на асабісты рахунак кожнага зняволенага, як гэта адбываецца цяпер, а проста «ў папраўчую ўстанову».
Таксама ўлады хочуць прапісаць, што з пенсій могуць забіраць сродкі на кампенсацыю кошту харчавання, камунальных паслуг, сродкаў асабістай гігіены, адзення і абутку (акрамя кошту спецыяльнага харчавання, спецыяльнага адзення, спецыяльнага абутку і іншых неабходных сродкаў індывідуальнай абароны). Хоць фактычна гэта робяць і цяпер, на што раней звярталі ўвагу праваабаронцы.
Чытайце таксама