Забарона на падаўжэнне пашпартоў беларусам за мяжой можа быць часовай мерай і, імаверна, у перспектыве будзе адмененая. Пра гэта заявіла пастаянная прадстаўніца Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская на паседжанні Камітэта па правах людзей з інваліднасцю, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Камітэт па правах людзей з інваліднасцю разгледзеў у Жэневе даклад уладаў Беларусі пра выкананне Канвенцыі пра правы людзей з інваліднасцю. Сярод іншага беларускую дэлегацыю спыталі, чаму дыпмісіі не падаўжаюць пашпарты грамадзянам Беларусі за мяжой — гэта ўскладняе жыццё ў тым ліку людзям з інваліднасцю, якія для абнаўлення і падаўжэння дакументаў вымушаныя вяртацца ў краіну.
Пастаянная прадстаўніца Беларусі ў ААН Ларыса Бельская заявіла, што змяненне заканадаўства што да афармлення дакументаў за мяжой звязанае «ў тым ліку з такімі палітычнымі праблемамі, як увядзенне санкцый супраць Беларусі».
— Часам мы сутыкаліся з сітуацыяй, калі, прабачце, пашпарты і дакументы, якія пацвярджаюць асобу, для людзей у сілу санкцый ЕС і іншых заходніх краін проста немагчыма даставіць своечасова і ў тэрмін у нашыя замежныя ўстановы за мяжой, — заявіла дыпламатка.
У прыватнасці, з гэтых меркаванняў беларускія ўлады прынялі рашэнне пра тое, што «людзі, якія хацелі б падоўжыць свае дакументы, маюць магчымасць вярнуцца з-за мяжы ў Рэспубліку Беларусь і зрабіць гэта ў Рэспубліцы Беларусь», дадала Бельская.
— Мы грунтуемся на тым, што гэтая мера можа быць часовай і, магчыма, з цягам часу яна будзе адмененая. Але цяпер сітуацыя вось такая, і мы дзейнічаем у рамках закона, — падкрэсліла яна.
Паводле пастаяннай прадстаўніцы, у МЗС не маюць звестак пра «вялікую колькасць» людзей з інваліднасцю, якія выехалі з Беларусі і маюць патрэбу ў змене і пацверджанні сваіх дакументаў за мяжой.
Нагадаем, раней беларусы, якія пастаянна жывуць за межамі краіны і стаяць на консульскім уліку, маглі атрымаць ці абмяняць пашпарт у амбасадах і консульствах. Аднак пасля выхаду так званага пашпартнага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2023 года гэта можна рабіць толькі «ў органах унутраных справаў на месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства».
Што да біяметрычных пашпартоў, то іх атрыманне ці замена можа ажыццяўляцца органам унутраных справаў або МЗС (раней — «дыпламатычным прадстаўніцтвам ці консульскай установай»). Акрамя таго, указ выключыў пункт пра права дыпламатычнага прадстаўніцтва ці консульскай установы падаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў.
Ён таксама ўвёў новы парадак выдачы дакументаў і ажыццяўлення натарыяльных дзеянняў у замежных установах Беларусі. Цяпер аформіць угоды з маёмасцю і выканаць некаторыя адміністрацыйныя працэдуры можна будзе толькі падчас асабістага звароту або на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі.
Ужо з восені 2023 года, пасля выхаду ўказа, пачалі з’яўляцца паведамленні пра затрыманні беларусаў, якія вярталіся ў краіну, каб памяняць пашпарт.
Чытайце таксама


