Пасля адстаўкі Валера Сахашчыка прайшло літаральна двое сутак. А замена яму ўжо знайшлася. Прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальнай бяспецы і абароне стаў экс-намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Якім чынам адбывалася яго прызначэнне і чым ён будзе займацца ў Кабінеце, новы «міністр абароны» расказаў журналістам.
«Быў шэраг размоваў папярэдніх»
— Раскажыце, калі ласка, вас угаварылі заняць гэтую пасаду ці вы самі хацелі быць прадстаўніком? Як гэты працэс праходзіў?
— Справа ў тым, што нам прапанавалі ўвайсці ў Кабінет напачатку яго стварэння. Увесці свайго палкавога прадстаўніка. Там былі ў нас пэўныя акалічнасці. Яшчэ незразумела было, ува што, як, па-першае, будзе развівацца гісторыя самаго палка — беларускага падраздзялення — і гісторыя Кабінета. На сённяшні час мы бачым, што ёсць дадатковыя магчымасці па забеспячэнні дапамогі беларускім дабраахвотнікам. Менавіта з гэтай нагоды я і ўвайшоў у Кабінет, для мяне гэта прыярытэтная задача. А дарожную мапу я агучу заўтра падчас панэлі па дабраахвотніках.
— Гэта было нечаканасцю для вас, што Валер Сахашчык падасць у адстаўку так хутка? Вам тэлефанавалі экстранна ці вы загадзя ведалі, што такое будзе?
— Не, я загадзя не ведаў, што хтосьці падасць у адстаўку. Шчыра кажучы, не буду каментаваць рашэнняў Валера Сахашчыка, хай гэтым займаецца Кабінет, у якім ён працаваў.
— А якім чынам вам прапанову рабілі? Патэлефанавалі і сказалі: усё, вы падчас канферэнцыі становіцеся «міністрам абароны»?
— Там быў шэраг размоваў папярэдніх. Бо ёсць розныя акалічнасці. Для мяне важна, каб мы не ператварыліся ва ўмоўны клуб пікейных жылетаў (але гэта толькі пакажа час). Я ведаю, што хлопцы, якія ва Украіне, успрымаюць рэальныя справы. І калі за намі будзе толькі слоўная рыторыка, то гэта не трэба ні добраахвотнікам, ні палку і не мне.
— Чаму вы вырашылі пагадзіцца?
— На маю думку, гэтая пасада дае новыя магчымасці па інтэнсіфікацыі дапамогі беларускім добраахвотнікам ва Украіне, пабудове новых структур (маецца на ўвазе, сілавых структур) Новай Беларусі. Мы павінны максімальна адыходзіць ад гэтых савецкіх традыцый — маленькай савецкай беларускай арміі. І будаваць не толькі новую армію, але і іншыя сілавыя структуры. Я лічу, што Кабінет, маючы шматлікія міжнародныя кантакты з партнёрамі, дае новыя магчымасці.
— Якія ў вас спадзяванні, звязаныя з гэтай пасадай?
— Гэта пакажа толькі час. Я прыхільнік канкрэтных практычных крокаў. Яны павінны быць спраўджаныя ў час. Таму забягаць наперад я не хачу, як і раздаваць нейкія завышаныя абяцанні. Думаю, што ў нас атрымаецца рэалізаваць рэчы, што запланаваныя вось ужо ў бліжэйшы час. Некаторыя з іх я агучу заўтра.
«Я не кажу, што ваенны сцэнар самы верагодны. Але зараз у рэгіёне ідзе вайна»

— Ваша асноўная задача — забяспечваць полк Каліноўскага? Акрамя гэтага, іншыя добраахвотнікі ўваходзяць у сферу інтарэсаў?
— Безумоўна. Усе, хто зараз выконвае задачы па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, змагаюцца з расійскай агрэсіяй, яны ўскосна набліжаюць перамогу і ў Беларусі. Мы праводзілі такую камандную гульню (больш падобную да стратэгіравання). І прыйшлі да высновы, што адна з неабходных умоў па змене сітуацыі ў Беларусі — гэта мілітарны разгром Расійскай Федэрацыі. Менавіта РФ ужо некалькі разоў страхавала рэжым Лукашэнкі. Першы раз — у 1996 годзе, тады рэальна можна было яго прыбраць з улады. А апошні яскравы прыклад — 2020 год.
— То-бок, на вашу думку, ваенны сцэнар для Беларусі ўсё ж такі самы верагодны?
— Я не кажу, што ваенны сцэнар самы верагодны. Але зараз у рэгіёне ідзе вайна. Я бачу тэндэнцыю на эскалацыю баявых дзеянняў. Беларусь ужо ўцягнута ў гэту вайну. Таму што існуе лінія фронту на поўначы Украіны. Тое, што яна не актыўная, можа быць проста часовым. Таму што мы ўсе бачылі зіму 2022 года. Мы памятаем, што найбліжэйшы шлях расійскім калонам да сталіцы Украіны пралягае, на жаль, праз Беларусь. А марыянетка Лукашэнка не кантралюе ўжо уласную тэрыторыю і не забяспечвае выкананне Канстытуцыі Беларусі. Ён ужо слаба зможа ўплываць на падзеі, калі расіяне вырашаць паўтарыць.
— Што будзе з воінскай часткай, якую сфарміраваў Сахашчык? Ці будзеце ўзаемадзейнічаць з ёй або аб’ядноўваць з іншымі дабраахвотнікамі?
— Беларускія добраахвотнікі ў дадзены момант служаць у розных частках. У тым ліку ў нас ёсць інфармацыя і пра гэтую частку, да якой спадар Сахашчык меў пэўнае дачыненне. Мы адкрытыя і гатовы да супрацы з усімі добраахвотнымі падраздзяленнямі. Мы, дарэчы, запрашалі іх (роту Сахашчыка. — Заўв. рэд.) і на канферэнцыю, якая была ў 2023 годзе ў лістападзе. Нехта прыняў запрашэнне, нехта — не. Але гэта было ўласнае рашэнне хлопцаў.
— Нейкія зрухі па выніках той канферэнцыі ёсць? Як увогуле ідуць справы па гэтым кірунку?
— Была створаная працоўная група, што падтрымлівала кантакты на такім, скажам, грамадскім узроўні. Але тут ёсць прававая калізія: згодна з украінскім законам вайсковаслужбоўцы УСУ не маюць права займацца такой дзейнасцю (гаворка пра палітычную і грамадскую дзейнасць. — Заўв. рэд.). Мы для сябе прынялі рашэнне, што ў нас яскравымі лідарамі і публічнымі спікерамі будуць людзі, якія зараз не на кантракце ва УСУ, каб не выклікаць праблем з украінскім камандаваннем.
— Як УСУ ставяцца да таго, што вы будзеце зараз займаць такую пасаду? Ці абмяркоўвалі вы гэта, ці неяк узаемадзейнічалі па гэтым пытанні?
— Я з УСУ нічога не абмяркоўваў. У мяне там шмат знаёмых і сяброў. Я думаю, што яны так сябрамі і застануцца. Мы ж, у рэшце рэшт, аказваем дапамогу Украіне. Я думаю, Украіна не будзе супраць, калі гэтая дапамога будзе, скажам так, больш якаснай.
— Якія яшчэ напрамкі, акрамя падтрымкі дабраахвотнікаў, вы маеце намер развіваць?
— Вайсковае навучанне. Гэта і сацыяльная абарона былых добраахвотнікаў, і пытанне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэнне. Некаторыя пазіцыі я агучу заўтра.
«Зараз служыць шмат хлопцаў, што былі на пратэстах 2020 года»

— Ці шмат беларускіх кадравых ваенных звяртаюцца да вас з жаданнем далучыцца да палка нейкім чынам?
— Вы маеце на ўвазе, каторыя зараз служаць у беларускай арміі?
— Так.
— Былі звароты, калі была вельмі вялікая верагоднасць, што іх збіраюцца ўцягнуць у вайну. Канец зімы і пачатак вясны 2022 года. Мы падтрымлівалі сувязь праз розныя інфармацыйныя каналы. І нам прагаворваліся такія рэчы, маўляў, хлопцы, вы толькі абазначце тэхнічна калідор, як перайсці да вас, і мы будзем пераходзіць цэлымі групамі.
— Наколькі зараз верагоднасць таго, што такое жаданне засталося? Як думаеце?
— Я думаю, беларускія сілавікі, беларуская армія — гэта ж зрэз беларускага грамадства. Зараз там служыць шмат хлопцаў, што былі на пратэстах 2020 года. Мы пра гэта памятаем. І мы не зробім падарунак рэжыму. Мы не будзем страляць адзін у аднаго, таму што, у рэшце рэшт, у нас праблема не з беларускай арміяй і з беларускімі суполкамі. У нас праблема з невялікай групай людзей, якія ўзурпавалі ўладу.