Уезд у Польшчу на аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй без яго ўладальніка немагчымы. Польская мытня ў адказ на запыт Reform.news пацвердзіла ўвядзенне новых абмежаванняў на мяжы.
У афіцыйным адказе прадстаўнік мытнай службы спасылаецца на дапаўненні, унесеныя ў рэгламент Еўрарады № 765/2006, якім рэгулюецца санкцыйны рэжым у дачыненні да Беларусі. Яны былі ўнесеныя рэгламентам 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра артыкул 1ra, якім уводзіцца забарона на імпарт у краіны Еўрасаюза тавараў, пералічаных у дадатку XXVII да рэгламенту. У яго ўключаныя і аўтамабілі (код таварнай наменклатуры 8703).
Артыкул змяшчае параграф, які дазваляе ў якасці выключэння кампетэнтным органам краіны — чальца Еўрасаюза дазваляць уезд на тэрыторыю саюза аўтамабіляў з Беларусі пры выкананні пэўных умоваў.
«Кампетэнтныя органы могуць дазволіць на тых умовах, якія яны лічаць мэтазгоднымі, уезд транспартнага сродку, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, што мае сапраўдную візу або від на жыхарства, якія дазваляюць уезд у ЕС. Падводзячы вынік, уезд на зарэгістраваным у Беларусі транспартным сродку без яго ўладальніка немагчымы», — гаворыцца ў адказе.
Нагадаем, інфармацыя пра забарону на ўезд аўтамабіляў з Беларусі ў Польшчу без уладальніка з’явілася ўчора ў чатах, дзе абмяркоўваецца праходжанне мяжы паміж дзвюма краінамі. Удзельнікі абмеркавання паведамлялі, што ўладальнік аўтамабіля мусіць прысутнічаць у машыне ў момант перасячэння мяжы. Яму неабавязкова быць за рулём. Праезд па даверанасці немагчымы.