Чыноўнікі прыдумалі, як ударыць па так званых «недружалюбных» краінах: спіс забароненых да ўвозу і продажу тавараў дапоўнілі шматлікімі пазіцыямі. Сярод іх — бытавая хімія і касметыка. У першую чаргу абмежаванні закрануць папулярныя сусветныя брэнды, якія нам пастаўлялі з польскіх заводаў. Расказваем, з якімі таварамі і брэндамі могуць пачацца праблемы.
Некаторыя брэнды могуць амаль цалкам знікнуць з паліц крамаў
Урад пашырыў спіс тавараў, якія імпарцёрам забаронена ўвозіць у нашую краіну, а гандлю — выстаўляць у сваіх крамах на продаж. Сярод іх многія віды касметыкі і бытавой хіміі. Прычым новыя абмежаванні датычаць толькі некаторых «недружалюбных» краін — Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі. Мінск збянтэжыла, што гэтыя дзяржавы прымаюць санкцыі супраць Беларусі. Нагадаем, яны робяць гэта ў дачыненні да беларускага рэжыму за рэпрэсіі, парушэнні правоў чалавека і спрыянне расійскай ваеннай агрэсіі.
У выпадку санкцый гэта часта б’е па беларускіх кампаніяй і спажыўцах. Гэта ж датычыць новага эмбарга. Праз цяперашняе рашэнне ўрада беларусам стане складаней знайсці многія папулярныя касметычныя прадукты. А ў некаторых выпадках можна гаварыць фактычна пра поўнае знікненне брэндаў суседніх краін. Напрыклад, беларусы не змогуць купіць многія тавары польскай касметыкі Ziaja. Тое ж датычыць часткі прадукцыі папулярных у беларусаў брэндаў Eveline Сosmetics, Bielenda, бо яны таксама польскія.
Якой касметыкі мусіць стаць менш на паліцах крамаў
Што да касметыкі, то на паліцах крамаў хапае тавараў, якія імпартавалі з Польшчы. Цяперашнія абмежаванні ўрада закрануць пакупнікоў шампуня Dove, часта яго прадавалі акурат польскай вытворчасці.
Пад забарону таксама трапілі папулярныя мужчынскія дэзадаранты Old spice і Gillette, вырабленыя на заводах у Польшчы. Тая ж гісторыя з многімі вядомымі сродкамі для галення — крэмамі, бальзамамі, пенамі.
Да нас часта везлі сродкі для дэпіляцыі польскай маркі Eveline Сosmetics. Яны таксама трапілі пад забарону.
Нейкі час могуць быць перабоі з зубной пастай Colgate, бо яе таксама часта імпартавалі з польскіх прадпрыемстваў.
Лепш ужо цяпер купіць запас сонцаахоўных крэмаў брэнду Kolastyna — іх таксама да нас везлі з суседняй Польшчы. Але пасля забароны будуць прадавацца іспанскія і нямецкія тавары такога ж дзеяння.
Якая сітуацыя з бытавой хіміяй?
Як вынікае з пастановы ўрада, уводзіцца таксама забарона на ўвоз у нашую краіну мыйных сродкаў, вырабленых на заводах Латвіі, Літвы, Чэхіі, Эстоніі. Як відаць з анлайн-версій крамаў, часцей за ўсё такія такая бытавая хімія трапляе на беларускі рынак з Расіі, радзей іх імпартуюць з заходніх краін. Так што многія пакупнікі могуць не заўважыць забароны па гэтым пункце.
А ці могуць імпарцёры замяніць польскую касметыку, напрыклад, нямецкай?
У тэорыі могуць. Германія ўваходзіць у спіс «недружалюбных» краін, але касметыку і бытавую хімію адтуль можна прывозіць.
У гэтай сітуацыі імпарцёры такіх тавараў маюць магчымасць пераарыентавацца на ўмоўную Германію. Таму касметычныя тавары і бытавая хімія вядомых сусветных брэндаў не мусіць цалкам знікнуць з беларускіх крамаў. Напрыклад, шампунь Pantene будуць везці да нас не з Польшчы, а, напрыклад, з Германіі (у дадатак да паставак з Расіі). Але ў гэтым выпадку яго кошт, хутчэй за ўсё, будзе вышэйшы. Адна з прычын — везці тавар давядзецца даўжэй і больш складаным маршрутам, што абыдзецца імпарцёрам даражэй і ў выніку адаб’ецца на цане для беларускага спажыўца.
Чаму ў выйгрышы будуць, хутчэй за ўсё, расійскія пастаўшчыкі
Сярод беларускіх вытворцаў ёсць, вядома, альтэрнатыва па многіх пазіцыях касметыкі. Аднак замяніць толькі айчыннымі зніклыя заходнія тавары відавочна не атрымаецца. Хутчэй за ўсё, іх месца актыўна будуць займаць расійская касметыка і бытавая хімія — у РФ таксама працягвае працаваць дастаткова прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю сусветных брэндаў.
Выходзіць, што ад такога рашэння ўрада не застануцца ў выйгрышы ні насельніцтва, ні айчынныя вытворцы. Па сутнасці, чыноўнікі проста палегчылі ўмовы канкурэнцыі на нашым рынку для расіян.
«Люстэрка» працуе ўжо больш за два гады. Мы адкрыта гаворым пра тое, што сапраўды хвалюе беларусаў. Без цэнзуры, без прапаганды.
Падтрымайце рэдакцыю
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.