Пасля абрання кіраўніком УНС 24 красавіка Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паўтарыў, што не трымаецца за ўладу, і паабяцаў сысці: «Калі скажаце — усё». Пра гэта ён кажа з 2019 года, але пасля пратэстаў пасля выбараў і рэпрэсій, што ўзмацняюцца з кожным годам, да яго заяваў узнікаюць пытанні. Навошта Лукашэнка абяцае сысці, калі не робіць гэтага? Чаму настойвае, што не трымаецца за крэсла, але пры гэтым у краіне працягваюць затрымліваць праціўнікаў улады? Спыталі пра гэта палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандра Класкоўскага.
Такія заявы палітыка Аляксандр Класкоўскі тлумачыць проста: нешта казаць трэба, але заяўляць адкрытым тэкстам пра любоў да ўлады Лукашэнка папросту не можа.
— Насамрэч для яго ўлада — гэта звышкаштоўнасць, — упэўнены суразмоўца. — Хоць былі выпадкі, калі ён прагаворваўся, маўляў, паняцця не маю, як я перастану быць прэзідэнтам, маўляў, «прачынаюся раніцай і не ведаю, што рабіць далей». Але ён разумее, што тэрмаядзерную прагу да ўлады трэба больш-менш прыстойна хаваць, таму ставіць старую пласцінку, што пакуль народ не скажа яму сысці, ён будзе правадыром. І калі раней гэта выглядала як проста какецтва, то пасля таго, як пралетарыят на МЗКЦ у жніўні 2020-га наўпрост крычаў яму, каб ён сыходзіў, гэта пачало выглядаць анекдатычна. Бо нацыянальны дыялог, так бы мовіць, ужо адбыўся. Прычым гэта было сказана вуснамі пралетарыяў, якіх Лукашэнка заўсёды ўсхваляе.
На думку аналітыка, палітык здолеў пераканаць сябе, што заклікі сысці былі ад «няправільных» прадстаўнікоў гэтага самага народа. Спісаўшы палітычную актыўнасць на «наркаманаў і прастытутак», хутчэй за ўсё, ён упэўнены, што большая частка «правільных» беларусаў падтрымлівае рэжым. Але пэўныя высновы для сябе ўсё ж зрабіў, і ўчорашняе выказванне было адрасаванае не ўсім грамадзянам, а толькі лаяльным рэжыму, адзначае Класкоўскі.
— Лукашэнка тут мае на ўвазе «правільны народ», «лукашыстаў», як ён сам казаў, — тлумачыць Класкоўскі. — На гэтым Усебеларускім сходзе ствараецца свайго роду рэінкарнацыя з’ездаў КПСС, і Лукашэнка паступова занураецца ў культ асобы, як у цёплую ваду. Таму гучалі такія панегірыкі, калі ўчора яго кандыдатуру вылучылі на пасаду старшыні сходу. То-бок ён мае на ўвазе лаяльную аўдыторыю і разумее, што можа даваць такія абяцанні, не баючыся, што хтосьці ў зале ўстане і скажа: «Сапраўды, Аляксандр Рыгоравіч, можа, час падумаць пра заслужаны адпачынак?»
Абяцанні сысці, калі папросяць, ідуць паралельна з заявамі пра тое, што толькі Лукашэнка можа захаваць стабільнасць у Беларусі, адзначае эксперт.
— Учора ён большую частку свайго выступу прысвяціў міжнароднай сітуацыі, планам амерыканцаў і іншых задушыць Беларусь. Зноў быў пастаянны матыў, што NATO ўжо на мяжы, «ляскае гусеніцамі»? і гэтак далей. Падсвядома такім чынам Лукашэнка ўнушае аўдыторыі думку, што без яго надыдзе апакаліпсіс. Менавіта таму толькі такі моцны і мудры лідар, як ён, зможа ўтрымаць сітуацыю, выратаваць беларусаў ад вайны, катастрофы і развалу краіны, — апісвае супярэчлівасць сітуацыі суразмоўца. — Таксама відавочна, што ён проста нікому не давярае. Учора прагучала, што ён сыдзе, калі «побач будзе чалавек, які не здрадзіць, які будзе ісці на барыкады не баючыся, які не будзе лічыцца ні з чым, нават з уласным жыццём». Атрымліваецца, што сёння няма такіх людзей, якія не здраджваюць, якія гатовыя аддаць за яго сваё жыццё. То-бок ён фактычна сказаў, што не давярае да канца нават свайму атачэнню.
Падазронасць палітыка і пастаяннае чаканне пагрозы то ад Захаду, то ад «збеглых», лічыць Класкоўскі, тлумачыцца разуменнем Лукашэнкі: ён наламаў столькі дроваў, што ніякіх гарантый пасля сыходу з пасады не будзе. Усё гэта прымушае яго пастаянна паўтараць, што дастаткова папрасіць — і ён прыслухаецца, але пры гэтым яшчэ мацней закручвае гайкі.
— Таму вонкава ўсё працягваецца ў духу сціплага народнага абранніка, маўляў, воля народа вышэйшая за любыя мае жаданні. Гэта выглядае вельмі няшчыра, бо ён таптаў волю народа, якая выявілася ў сотнях тысяч людзей на вуліцах у 2020 годзе. Цяпер адчувае, што сённяшні ўзровень рэпрэсій і страху яму не пагражае, таму зноў можа дазволіць сабе такую рыторыку. Але гэта пустыя словы, — упэўнены палітычны аналітык.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню згадаў, што не будзе трымацца за ўладу «пасінелымі пальцамі», у 2019 годзе, кажучы пра свае планы на прэзідэнцкія выбары. А жніўні 2020-га, выступаючы перад рабочымі МЗКЦ, ён заявіў, што «сыдзе праз год ці два», і што гэтае рашэнне залежыць ад рабочых. Тыя хорам прасілі зрабіць гэта, але палітык, насуперак запэўненням, так і не прыслухаўся.
Далей Лукашэнка не менш за пяць разоў абяцаў сысці і не менш за сем — не трымацца за ўладу «пасінелымі пальцамі».
Што стаіць за абяцаннямі «сысці, калі папросяць»? З дапамогай экспертаў «Люстэрка» разбіраецца з патокам бравурных заяваў і знаходзіць сутнасць, каб назваць рэчы сваімі імёнамі.
Падтрымайце рэдакцыю, каб мы працягвалі разбірацца ў сутнасці рэчаў
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


