Кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс сустрэлася ў калоніі з Анджэем Пачобутам. Наведаць палітвязня дазволіў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта Борыс расказала падчас сустрэчы 15 красавіка з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, паведаміла прэс-служба польскага лідара.
Дуда напярэдадні прыняў прадстаўнікоў Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс і Марка Занеўскага. Гэтая арганізацыя афіцыйна прызнаная ў Польшчы, але ў Беларусі — не.
«Старшыня Саюза паведаміла пра сваю сустрэчу з Анджэем Пачобутам у папраўчай калоніі ў Наваполацку, якая адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Ніякіх падрабязнасцяў гэтай сустрэчы, а таксама калі гэта адбылося, не паведамляецца.
Нагадаем, што кіраўніца беларускага Саюза палякаў Анжаліка Борыс сама нядаўна знаходзілася ў зняволенні, пасля выхаду на волю яна расказала, што там было нялёгка, у яе пачаліся праблемы са здароўем. Яе затрымалі ў сакавіку 2021 года і склалі на яе пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — неафіцыйнага свята «Казюкі», а потым арыштавалі на 15 сутак. Пасля на яе завялі крымінальную справу нібыта за «распальванне варожасці і рэабілітацыю нацызму».
Журналіст Анджэй Пачобут быў таксама затрыманы ў сакавіку 2021 года. Пасля яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і ў закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды інтарэсам дзяржавы. Яго асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У абвінавачанні супраць журналіста гаварылася, што Пачобут у медыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя таго, яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і яшчэ некалькі матэрыялаў. Вядома, што ў яго сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым палітвязня змяшчалі ў карцар.