У Беларусі захоўваецца рызыка таго, што рост цэн на тавары і платныя паслугі паскорыцца. Такі прагноз зрабілі эксперты Еўразійскага банка развіцця. На іх думку, адна з прычын гэтага — дзяржрэгуляванне цэн. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 красавіка, што не ведае, да чаго прывядзе дзяржрэгуляванне цэн.
Нагадаем, у сакавіку, як і ў лютым, гадавая інфляцыя ў Беларусі была на ўзроўні 5,6% гадавых. «Запаволіўся рост цэн на харчовыя тавары да 6,2% гадавых у сакавіку пасля 6,4% у лютым і на паслугі — да 7,1% гадавых у сакавіку ў параўнанні з 7,3% месяц таму. Інфляцыя нехарчовых тавараў паскорылася да 3,5% гадавых у сакавіку пасля 3,2% у лютым».
Пры гэтым аналітыкі ЕАБР бачаць рызыку, што інфляцыя ў Беларусі разгоніцца яшчэ больш.
«Ва ўмовах дзейнага адміністрацыйнага рэгулявання цэны вельмі абмежавана могуць рэагаваць на рост унутранага попыту, што фармуе інфляцыйны ціск на сярэднетэрміновым гарызонце», — чакаюць у ЕАБР.
Нагадаем, раней эксперты ўжо прагназавалі адкладзены рост цэн праз гэтае рашэнне чыноўнікаў.
Як уводзілі жорсткае дзяржрэгуляванне і як далей развівалася сітуацыя з цэнамі
6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка забараніў павышаць цэны. Для гэтага ўвялі спецыяльную дырэктыву № 10. 19 кастрычніка ўрад прыняў альтэрнатыву — пастанову пра рэгуляванне цэн на пэўныя тавары. Ёю ўвялі гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю.
На гэтым фоне ў гандлі па ўсёй краіне зладзілі маштабныя рэйды. На бізнес штампавалі крымінальныя справы, праводзілі суды (да прыкладу, за павышэнне цаны на сыр на 26 капеек дырэктару крамы далі два гады з адтэрміноўкай).
У нашумелую пастанову па цэнах двойчы ўводзілі істотныя змены. Першы раз — у другой палове кастрычніка (з дакумента выключылі ювелірныя ўпрыгожанні, кветкі, некаторыя іншыя тавары), а другі — у пачатку лютага 2023 года. У прамежку паміж гэтымі праўкамі ў 713-ю пастанову чыноўнікі таксама ўносілі змены па асартыментным пераліку (а потым — яшчэ раз і яшчэ раз), пашыралі пералік дакументаў, якія трэба падаваць для ўзгаднення павышэння цэн.
У гэтай сітуацыі скараціўся асартымент некаторых тавараў, а па асобных пазіцыях наогул узнік недахоп. Пры гэтым у кастрычніку і лістападзе 2022 года ў цэлым па краіне зафіксавалі дэфляцыю — зніжэнне цэн, а ў снежні яны зноў пачалі расці.
З 1 студзеня 2024 года ў Беларусі ўвялі новую сістэму рэгулявання цэн. Галоўнае змяненне — увядзенне штомесячных межаў змены адпускных цэн вытворцаў.
Чыноўнікі неаднаразова казалі, што не збіраюцца адмяняць нашумелую 713-ю пастанову ўрада. Пры гэтым і чыноўнікі, і эксперты адзначаюць, што дзяржрэгуляванне пагражае адкладзеным ростам цэн.
9 красавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не ведае, да чаго прывядзе дзяржрэгуляванне цэн. «Але калі ўрад не праваліць, гэта будзе ўнікальная аперацыя ў рынкавай, так бы мовіць, эканоміцы», — сказаў палітык.