Польшча з 23 сакавіка ўвяла забарону на вываз у Беларусь аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка 1,9 літра і больш. Таксама гэтае абмежаванне закранае машыны, якія каштуюць больш за 50 тысяч еўра. Пра гэта паведамляюць у памежных чатах, а таксама ўдзельнікі аўтарынка, якія займаюцца перавозкай машын з ЕС. У ДМК Беларусі журналісту «Люстэрку» як фізасобе заявілі, што чулі пра гэтыя абмежаванні, але ўдакладнілі, што афіцыйных апавяшчэнняў ад польскага боку не атрымлівалі. У амбасадзе Польшчы ў Мінску таксама не змаглі пракаментаваць гэтае пытанне.
Кампанія Dasmotors, якая займаецца продажам аўтамабіляў з Еўропы з дастаўкай у Беларусь, размясціла ў сваіх сацсетках паведамленне, што Польшча з 23 сакавіка не прапускае праз беларускую мяжу аўтамабілі аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, а таксама тыя, што каштуюць больш за 50 тысяч еўра (незалежна ад аб’ёму рухавіка). Як сцвярджае фірма, гэтае абмежаванне датычыць аўто, якія ідуць у ЕАЭС.
«Падчас спробы вывазу такіх аўтамабіляў неабходна падаць даведку вытворцы тавару (даведка з завода) пра тое, што завод не мае прэтэнзій да вывазу такога аўтамабіля на тэрыторыю ЕАЭС, — паведамляе Dasmotors. — Любыя спробы даць падробленыя даведкі будуць спыненыя на месцы выклікам паліцыі, з усіх, хто падасць такія даведкі, будуць браць распіску пра папярэджанне пра крымінальную адказнасць, даведка будзе адпраўленая ў паліцыю для праверкі сапраўднасці, і толькі тады, калі сапраўднасць пацвердзіцца, прапусцяць праз мяжу».
У кампаніі лічаць, што «відавочна, што такія даведкі давацца не будуць, бо адзінкавыя пастаўкі для фізічных асоб не маюць ніякай сувязі з заводамі-вытворцамі».
«Проста на мяжы калапс, увесь „Тэрэспаль“ забіты машынамі», — паведамляе Dasmotors.
Пра ўведзеныя абмежаванні таксама паведамляе bolshoi_autoblog. «Польшча не дае экспартных дэкларацый. Польшча не прапускае машын з нямецкімі і іншымі дэкларацыямі. Усе машыны на транзітных нумарах разварочваюць. У Тэрэспалі забітыя ўсе стаянкі, перагоншчыкі рэзервуюць гатэлі і чакаюць, што будзе далей», — адзначае bolshoi_autoblog і дадае, што гэтыя абмежаванні, паводле неправеранай інфармацыі, могуць дзейнічаць да 1 красавіка.
У дзяжурнай службе Брэсцкай мытні паведамілі, што «ёсць такая інфармацыя» пра ўвядзенне такой забароны з боку Польшчы, але афіцыйных паведамленняў на гэты конт не было. Мытнікі рэкамендавалі даведацца інфармацыю ў амбасадзе Польшчы ў нашай краіне.
У амбасадзе Польшчы ў Мінску таксама не змаглі пракаментаваць гэтае пытанне і рэкамендавалі звярнуцца ў Памежную службу гэтай краіны, аднак аператыўнага адказу на тэму нашаму журналісту атрымаць не ўдалося.
Паводле звестак расследавальнікаў праекта «Бюро», Польшча ўваходзіць у топ-3 краін ЕС, з якіх у нашую краіну трапляе найбольш аўто. Так, на фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы — амаль да 1,5 млрд еўра, а летась перавысілі 1,7 млрд еўра, адзначаюць расследавальнікі са спасылкай на звесткі Еўрастата. Больш за ўсё аўтамабіляў у нашую краіну прадаюць Германія, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага года з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын. На фоне вайны Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых аўтамабіляў на дзясяткі мільёнаў даляраў у Расію, нягледзячы на байкот і санкцыі, перакананыя расследавальнікі.