Мінск уводзіць чарговыя контрсанкцыі супраць «недружалюбных» краін. Гэта прадугледжваецца пастановай урада № 164. Адно з новаўвядзенняў — павышаная стаўка падатку на некаторыя даходы замежных кампаній. А іншае — прыпыненне некаторых палажэнняў пагадненняў пра ўнікненне двайнога падаткаабкладання з асобнымі краінамі.
З 1 красавіка гэтага года і да канца 2026-га ўводзіцца стаўка падатку на дывідэнды ў памеры 25% для замежных арганізацый, якія не ажыццяўляюць дзейнасць у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а іх офісы знаходзяцца ў «недружалюбных» краінах. Да цяперашніх зменаў гэтая стаўка часта была на ўзроўні 15% (але ў асобных выпадках ніжэйшая).
Раней у верасні 2023 года Аляксандр Лукашэнка ўвёў абмежаванні на атрыманне замежнымі ўласнікамі маёмасці прыбытку і дывідэндаў. Так, усе беларускія кампаніі, якімі валодаюць замежнікі з «недружалюбных краін», або такія людзі ўваходзяць у склад акцыянераў, павінныя адкрыць спецыяльныя рахункі ў беларускіх рублях у адным з айчынных банкаў. На гэтыя рахункі кампаніі абавязалі адпраўляць прыбытак і дывідэнды, і ўжо з іх на іншыя створаныя тамсама рахункі пераводзіць выплаты такім замежнікам.
Таксама Мінск да 31 снежня 2026 года часткова прыпыніць дзеянне пагадненняў з некаторымі краінамі пра ўнікненне двайнога падаткаабкладання. Сярод такіх дзяржаваў — у тым ліку ЗША, Латвія, Літва, Германія, Польшча і многія іншыя еўрапейскія краіны. Аднак гаворка не пра поўнае спыненне дзеяння такіх дамоўленасцяў, а толькі некаторых палажэнняў, якія датычаць выплаты дывідэндаў і працэнтаў.
«Тэрмін прымянення меры ў адказ можа быць скарочаны ў выпадку ліквідацыі абставінаў, якія паслужылі падставай для яе прымянення, альбо на прапанову Міністэрства па падатках і зборах», — гаворыцца ў пастанове ўрада.
Нагадаем, у сакавіку 2022 беларускія чыноўнікі ўвялі магчымасць прыпыніць пагадненні пра ўнікненне двайнога падаткаабкладання з краінамі, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі. Цяпер такія дамовы дзейнічаюць больш чым з 70 краінамі. Сярод іх — Польшча, Літва.
Чытайце таксама