Аператараў сотавай сувязі, як і планавалася, абавязалі перадаваць падатковай поўную версію базы дадзеных абанентаў. Гэта трэба будзе рабіць двойчы на год — да 1 чэрвеня і 1 снежня. Новаўвядзенні прадугледжаныя папраўкамі ў Падатковы кодэкс, якія зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама мабільных аператараў абавязалі даваць падаткавікам дыстанцыйны доступ да базы дадзеных абанентаў. У Падатковым кодэксе не прапісана, пра якую канкрэтна інфармацыю гаворка, але, хутчэй за ўсё, пра тую, якую абанент падае аператару падчас рэгістрацыі, да прыкладу, sim-карты або куплі ў растэрміноўку мабільнага тэлефона (прозвішча, імя, пашпартныя звесткі, месца жыхарства).
Мабільныя аператары мусяць будуць таксама на запыт падаткавікоў перадаваць інфармацыю пра тое, на якія сумы быў папоўнены рахунак абанента-фізасобы. Як плануецца, такія звесткі змогуць запытаць за апошнія 5 гадоў.
Пры гэтым аператары мусяць перадаваць гэтую інфармацыю падатковай бязвыплатна.
Нагадаем, у 2024 годзе ўвялі таксама іншыя змены ў Падатковы кодэкс. Да прыкладу, з’явіўся «падатак на багацце», паднялі збор за першую кватэру, перагледзелі падаткі для рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзіб.
Чытайце таксама