Аляксандр Лукашэнка праводзіў нараду пра пасажырскія перавозкі, але заадно вырашыў расказаць пра карупцыю на «Бабулінай крынцы» — праўда, прызнаўся, што многія факты агучыць не можа, бо ідзе следства.
«У верасні 2019 года на пасаду дырэктара прызначаны спадар Скітаў (генеральным дырэктарам холдынгу. — Заўв. рэд.), сфармаваў сваю каманду. Многія любяць пра гэта казаць: «Каманда, мы, тут… «Я заўсёды вас аберагаў ад гэтага — ніякіх каманд. Мусіць быць структура кіраўнічая, іншае. Сваю каманду менеджараў, цалкам замкнуў на сябе фінансавыя патокі», — паведаміў Лукашэнка.
Паводле яго, дырэктар прызначаў усіх пад кантролем губернатара — у той час ім быў Леанід Заяц.
Лукашэнка не стаў называць прозвішчы, але сказаў, каго і на якую пасаду запрасіў Скітаў: на месца першага намесніка — кагосьці са Шчучынскага завода «Аўтаправод», кагосьці паклікаў у кіраўнікі з ААТ «МАЗ». На месца дырэктараў філіялаў — начальніка Барысаўскага РУУС і супрацоўніка АБЭЗ. Свайго кіроўцу прызначыў начальнікам вытворчасці сыроў.
«Стрыечны пляменнік, стрыечны брат і сын. Ну як жа без гэтага. Апускаю гэтыя ўсе следчыя дзеянні. У выніку гады два мы працавалі з бандамі гэтымі», — падсумаваў Лукашэнка.
Кіраўнік КДБ Іван Церцель далажыў, што затрымалі 26 чалавек, на гэты момант 15 з іх арыштаваныя.
«Арыштаваныя. Глядзіце, каб не разбегліся. У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узятыя ў распрацоўку восем камерцыйных груп, якія ўсталявалі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію прадукцыі шэрагу айчынных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Цяпер пачнуць выць і крычаць: была «справа дактароў», была справа яшчэ кагосьці, цяпер — «справа малочнікаў»», — сказаў Лукашэнка.
Ён абмаляваў схему: у Расіі былі падкантрольныя суб’екты гаспадарання, што дазваляла прадаваць малочную прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а потым рэалізоўваць тавар канчатковаму спажыўцу па вышэйшай цане. Лукашэнка ўпэўнены, што рэалізацыя такой схемы не магла праходзіць без удзелу службовых асобаў прадпрыемстваў і дзяржорганаў.
«Што ж адкажаце, калі будуць вашыя твары там свяціцца? Там свецяцца і чальцы ўрада, я не называю пакуль прозвішчаў, пакуль ідзе следства», — заявіў Лукашэнка.
Ён прыгразіў чыноўнікам: «Мала не падасца. Будзе ў вачах цёмна. Якімі б надзейнымі і адданымі мне ні былі. Гэта пытанне не Лукашэнкі, гэта пытанне дзяржаўнай важнасці».