У Мінабароны Беларусі заявілі пра парушэнне дзяржмяжы польскім верталётам. Адзін раз ён заляцеў углыб беларускай тэрыторыі да 1,5 кіламетра, другі раз — на 300 метраў.
У Мінабароны заявілі, што 28 верасня ў 15.02 сродкамі радыёлакацыйнага выяўлення ВПС і войскаў СПА было зафіксаванае набліжэнне паветранага судна Польшчы да беларускай мяжы.
Каля 15.20 паветранае судна перасекла мяжу Беларусі, паглыбіўшыся на далёкасць да 1,5 кіламетра. У 16.22 верталёт паўторна парушыў дзяржаўную мяжу, паглыбіўшыся на 300 метраў.
«Інфармацыя пацверджаная дадзенымі аб’ектыўнага кантролю. У сувязі з гэтым падымалася дзяжурная авіяцыя. У цяперашні час высвятляюцца абставіны здарэння, вайсковым ведамствам ва ўзаемадзеянні з МЗС рыхтуецца адпаведная нота», — гаворыцца ў паведамленні беларускага вайсковага ведамства.
Верталёты-парушальнікі
Беларускі і польскі бок апошнім часам не раз папракалі адзін адзін у парушэнні паветранай мяжы вайсковымі верталётамі.
Нагадаем, 1 жніўня ў небе над польскай вёскай Белавежа ў Падляшскім ваяводстве паблізу польска-беларускай мяжы заўважылі беларускія вайсковыя верталёты. У аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы запэўнівалі, што парушэння паветранай прасторы зафіксавана не было, але ўвечары 1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра тое, што парушэнне паветранай прасторы краіны беларускімі вайсковымі верталётамі ўсё ж было. У МЗС Польшчы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі. Беларусь адпрэчыла абвінавачанні ў парушэнні паветранай прасторы Польшчы.
А днём 1 верасня беларускія памежнікі зафіксавалі парушэнне паветранай прасторы Беларусі з боку Польшчы ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. Як заявілі ў ведамстве, польскі вайсковы верталёт Мі-24 на памежна малой вышыні перасек дзяржаўную мяжу, заляцеў на глыбіню да 1200 метраў на тэрыторыю Беларусі, а затым вярнуўся. МЗС Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Войцеха Філімановіча, ад якога запатрабавалі «адпаведных тлумачэнняў і правядзення стараннага расследавання інцыдэнту». Пазней у МЗС Польшчы заявілі, што польскі бок прааналізуе сітуацыю ў сувязі з паведамленнямі пра парушэнне беларускай мяжы польскім верталётам. У Варшаве адпрэчваюць абвінавачанні ў тым, што верталёт ВПС Польшчы мог заляцець на тэрыторыю Беларусі. Пазней міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін дапусціў, што польскі верталёт перасек мяжу выпадкова — праз нізкую якасць падрыхтоўкі польскіх пілотаў.