Адмова фармаваць выбарчыя ўчасткі за мяжой на будучых выбарах «не абмяжоўвае правы» беларусаў. Такое меркаванне агучыў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, перадае БЕЛТА.
— У свой час у нас былі за мяжой выбарчыя ўчасткі, і ўсе яны, як правіла, былі прыпісаныя да аднаго з участкаў Ленінскага раёна горада Мінска — менавіта на тэрыторыі гэтага раёна размешчанае Міністэрства замежных справаў. У адпаведнасці з новым выбарчым заканадаўствам мы не фармуем выбарчых участкаў за мяжой, — сказаў Карпенка.
Кіраўнік ЦВК заявіў, што не лічыць гэта абмежаваннем правоў беларусаў, якія выехалі з тых ці іншых прычын за мяжу і цяпер не змогуць прагаласаваць дыстанцыйна.
— Яны могуць прыехаць у краіну і ў перыяд датэрміновага галасавання з аўторка па суботу або ў адзіны дзень галасавання, 25 лютага 2024 года, выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць, — сказаў Ігар Карпенка.
Нагадаем, на 25 лютага 2024 года ў Беларусі прызначаны адзіны дзень галасавання. Адначасова пройдуць выбары дэпутатаў усіх узроўняў: ад сельсаветаў да Палаты прадстаўнікоў, а таксама будзе сфармаваны Савет Рэспублікі. Цягам 60 дзён пасля гэтага пройдзе Усебеларускі народны сход.
Раней праваабаронцы неаднаразова паведамлялі пра выпадкі затрымання людзей, якія вярталіся ў Беларусь. Пра тое, што шукаюць сілавікі ў мабільніках беларусаў і як падрыхтаваць свой тэлефон перад паездкай на радзіму, мы падрабязна расказвалі тут.
Чытайце таксама