У Беларусі 11 ліпеня ўступіць у сілу абноўлены закон «Аб грамадзянстве». Ён прадугледжвае сярод іншага пазбаўленне грамадзянства тых, хто быў асуджаны за «экстрэмісцкую дзейнасць» і знаходзіцца за мяжой. Таксама, згодна з новым законам, беларусы будуць абавязаныя паведамляць дзяржаўным органам пра атрыманне замежнага грамадзянства, віду на жыхарства або іншых дакументаў, якія даюць ільготы і прэферэнцыі. Напярэдадні ўступлення закона ў сілу МУС зладзіла прэс-канферэнцыю, дзе анансавала магчымае ўвядзенне адказнасці за парушэнне гэтага пункта.
Цяпер у законе прадугледжаны абавязак цягам трох месяцаў паведамляць беларускай дзяржаве пра атрыманне замежных дакументаў, але ніякай адказнасці за невыкананне гэтага патрабавання няма. У МУС пра гэты «прабел» ведаюць і гатовыя ў выпадку неабходнасці яго закрыць, заявіў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун.
Паводле яго словаў, МУС і МЗС пасля ўступлення закона ў сілу паглядзяць, «наколькі актыўна і правапаслухмяна» грамадзяне будуць паведамляць органам унутраных справаў або дыпламатычным службам пра атрыманне замежных дакументаў, як будзе збірацца такая інфармацыя праз нацыянальны партал электронных паслуг і праз асабістыя паведамленні ад грамадзян.
— Калі актыўнасць грамадзян будзе не вельмі вялікая, то ў любым выпадку Міністэрства замежных справаў унясе прапановы для таго, каб неяк стымуляваць грамадзян накіроўваць у наш адрас адпаведнае паведамленне. Ці ўвядзеннем адпаведнай адказнасці [стымуляваць], ці ўсталяваннем пэўных кантрольных мерапрыемстваў у дачыненні да гэтых асобаў, якія маюць адпаведныя дакументы, — сказаў Бягун. — Але мы спадзяёмся на правапаслухмяныя паводзіны грамадзян, што яны будуць паведамляць.
Паводле яго словаў, гэтая інфармацыя патрэбная і для статыстыкі пра мабільнасць грамадзян, і для фармавання міграцыйнай палітыкі, і для выканання заканадаўства, якое забараняе займаць пэўныя дзяржаўныя пасады асобам з замежным грамадзянствам ці ВНЖ.
На пытанне пра тое, колькі беларусаў за 2022 год з’ехала з краіны, прадстаўнік МУС змог адказаць толькі паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, якая ўлічвае толькі тых, хто прайшоў працэдуру пераезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу. За мінулы год такіх было ўсяго 6000 чалавек, паведаміў Аляксей Бягун. Больш за ўсё з’ехала ў краіны ЕС, а таксама ў ЗША, Канаду, Расію і дзяржавы СНД. Асноўныя прычыны выезду — уз’яднанне сям'і (калі заключаюць шлюб з замежнікамі) ці выезд на працу — апошняе датычыць у асноўным Расіі і СНД.