Цяпер на тэрыторыі Беларусі няма ні наймітаў ПВК Вагнера, ні іх кіраўніка — Яўгена Прыгожына. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня падчас сустрэчы з журналістамі замежных СМІ.
— Гэта кампанія расійская. Таму пытанне відавочна не да мяне. Наколькі я інфармаваны, байцы знаходзяцца ў сваіх лагерах. Што да Прыгожына, ён знаходзіцца ў Піцеры. На тэрыторыі Беларусі яго няма, — сказаў Лукашэнка.
Разам з тым ён не бачыць рызыкі для Беларусі, калі найміты ПВК будуць размешчаныя ў краіне.
— Мяне абсалютна не турбуе, што ў нас будзе размешчаная нейкая колькасць байцоў. Калі іх трэба будзе задзейнічаць, мы іх задзейнічаем імгненна. Усе веды, якія яны назапасілі на фронце, мы разгледзім і будзем выкарыстоўваць для падрыхтоўкі, — заявіў Лукашэнка.
На яго думку, беларускія ўзброеныя сілы ні ў чым не саступаюць наймітам-вагнераўцам:
— А досвед, які мае «Вагнер» і камандзіры, яны з задавальненнем перададуць нашым Узброеным сілам. Я маю на ўвазе ваенны досвед, які яны атрымалі. Той, які нам неабходны. Гэта тактыка, баявыя дзеянні. Супакойвацца нам не даводзіцца.
Ён таксама пракаментаваў спадарожнікавыя здымкі намётавага лагера на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў Асіповіцкім раёне.
— Лагеры мы не ўзводзім, мы прапанавалі ім некалькі былых вайсковых гарадкоў, якія выкарыстоўваліся ў савецкі час, у тым ліку пад Асіповічамі. Калі яны пагодзяцца. Але ў ЧВК Вагнера іншае бачанне па размяшчэнні, натуральна, пра гэтае бачанне я вам не скажу. <…> Такіх вайсковых гарадкоў, якія перададзеныя цывильным адміністрацыямі на месцы, у нас некалькі дзясяткаў. Мы ім паказалі, як гэта можа быць добраўпарадкавана. Але яшчэ раз падкрэсліваю: на сённяшні дзень пытанне перадыслакацыі і размяшчэння падраздзялення не вырашанае, — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што пытанне размяшчэння вагнераўцаў у Беларусі залежыць не ад яго, а ад расійскага боку і саміх наймітаў. Пры гэтым адзначыў, што не баіцца паўтарэння мяцяжу, але ўжо на беларускай зямлі.
— Як у нас кажуць, варажыць на кававай гушчы сэнсу няма. Але я не думаю, што «Вагнер» дзесьці паўстане і паверне сваю стрэльбу супраць беларускай улады і беларускай дзяржавы. У жыцці ўсякае бывае. Але я сёння не бачу такой сітуацыі. Працаваць трэба з людзьмі, — упэўнены палітык.
Лукашэнка заявіў, што збіраецца найбліжэйшым часам сустрэцца з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і абмеркаваць тэму вагнераўцаў. Гаоврка, апрача іншых пытанняў, пойдзе і пра далейшае функцыянаванне падраздзялення.
Журналіст Бі-бі-сі Стывен Розэрберг пацікавіўся ў Лукашэнкі, ці гатовы той дазволіць наймітам ПВК Вагнера выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на Украіну.
— Мы ніколі ні на кога не нападалі. І з нашай тэрыторыі ніхто нападаць не збіраецца, — сказаў Лукашэнка, так і не адказаўшы на пытанне, ці гатовы ён дапусціць такую агрэсію ў будучыні.
Чытайце таксама