У МЗС Беларусі заявілі, што беларускія ўлады збіраюцца «дзейнічаць жорстка» ў дачыненні да тых, хто можа планаваць напад на яе тэрыторыю. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз на палях сустрэчы міністраў замежных справаў краін АДКБ, перадае «КоммерсантЪ».
«Калі раптам сапраўды хтосьці паспрабуе агрэсіўным чынам на нашай тэрыторыі дзейнічаць, то наступствы і для ініцыятараў гэтых дзеянняў, і для выканаўцаў будуць сумнымі», — сказаў Глаз.
«Пра тое, што на тэрыторыі Польшчы з удзелам польскіх — і не толькі польскіх, а заходніх — спецслужбаў адкрыта рыхтуюцца баевікі, экстрэмісты, тэрарысты для правядзення ўзброеных аперацый у Беларусі, мы неаднаразова казалі. Гэта абсалютны факт», — заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі.
Ён падкрэсліў, што Мінск вёў па гэтай праблематыцы дыялог і з самой Варшавай: «Разумення мы не знаходзім, яны (польскія ўлады. — Заўв. рэд.) спрабуюць адмаўляць свой афіцыйны ўдзел, але факты тут у наяўнасці».
«Дзеянні гэтыя адназначна злачынныя, варожыя. Яшчэ нядаўна складана было падумаць, што суседняя краіна, чалец NATO, чалец Еўрасаюза, можа рыхтаваць экстрэмістаў для ўзброеных дзеянняў на тэрыторыі свайго суседа», — дадаў Глаз.
Нагадаем, выданне The Times выпусціла матэрыял пра баявую падрыхтоўку беларусаў у Польшчы, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і ў будучыні хочуць вярнуцца ў Беларусь, каб змагацца супраць рэжыму.
У Беларусі на гэтую публікацыю не звярнулі ўвагі, але яе пракаментаваў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Ён паведаміў, што ў Расіі няма канкрэтнай інфармацыі «пра падрыхтоўку ў Польшчы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі», але ў Мінска і Масквы «вельмі шмат непрыяцеляў, нават ворагаў».