На цырымоніі ўручэння дзяржузнагародаў Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў тое, што адбылося ў Мачулішчах. Пра гэта паведамляе яго прэс-служба.
Лукашэнка — пра тое, хто быў «дыверсантам»
Ён расказаў пра затрыманне ў Беларусі «тэрарыста ўкраінскіх спецслужбаў і ягоных памагатых», якія датычныя да спробы дыверсіі ў дачыненні да самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы.
Паводле Лукашэнкі, пачатак аперацыі быў пакладзены восем месяцаў ці паўгода таму ў Кіеве.
«Служба бяспекі Украіны, кіраўніцтва ЦРУ ці то збоку, ці то за спінай распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расіянін, з расійскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014, здаецца, годзе. Айцішнік або добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», — падзяліўся падрабязнасцямі Лукашэнка.
Ён заявіў, што «рыхтавалі дыверсанта прадстаўнікі СБУ, выкарыстоўваліся самыя высокія тэхналогіі».
«Тое, што мы ўбачылі, рэалізуючы аперацыю ў Беларусі, — гэта сапраўды было нешта неверагоднае. Былі задзейнічаныя самыя высокія тэхналогіі. Ён быў навучаны ўсяму гэтаму не за адзін месяц. Пасля падрыхтоўкі ён быў маршрутаваны (так кажуць у КДБ) на нашую тэрыторыю», — расказаў Лукашэнка.
Як «дыверсант» трапіў у Беларусь
Лукашэнка расказаў, як «украінскі дыверсант» трапіў у Беларусь. Ён нагадаў, што мяжа Беларусі і Украіны закрытая. Таму быў абраны маршрут Варшава — Брэст, Варшава — Лодзь — Рыга — Пскоў. А затым Мінск. Ён таксама даручыў старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Анатолю Лапо знайсці беларускага памежніка, які не прапусціў «украінскага дыверсанта» на тэрыторыю Беларусі пад Брэстам.
«Пад рознымі выкрутамі, слязьмі і плачам, што, калі ён яго не прапусціць — бяда будзе з ім ва Украіне. Але наш хлопец малайчына. І хоць па-чалавечы можна было яго зразумець, ён яму сказаў, што ў Беларусі так не бывае: „Вы калі праедзеце ў Беларусь па ўкраінскім пашпарце (у яго два пашпарты: расійскі і ўкраінскі), то я вымушаны вас зафіксаваць тут“. Яму гэта не трэба было. Ён вярнуўся ў Варшаву. Яму з Украіны далі запасны маршрут. Як я ўжо сказаў, Варшава — Лодзь — Рыга. І там ён перасёк латвійска-расійскую мяжу», — агучыў падрабязнасці Лукашэнка.
Ён паскардзіўся, што ўкраінца прапусцілі расійскія памежнікі.
«Хоць не мусілі гэта зрабіць. Ён перамяшчаўся па ўнутраным расійскім пашпарце. У іх ёсць замежны пашпарт. Ён не меў права перамяшчацца праз мяжу. Але тым не менш перамясціўся ў Пскоў, затым прыехаў на аўтобусе ў Мінск», — дадаў ён.
Пра тое, якія пашкоджанні атрымаў самалёт А-50
«Не буду ў дэталях казаць, як перадаваліся прылады злачынства, гэтыя беспілотнікі. Выбралі маленькі беспілотнік. Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Але маленькі гэты беспілотнік кітайскай вытворчасці, які прадаецца і ў нашых крамах, мы ўсталявалі: ён быў прададзены ў ЗША (гэты кітайскі беспілотнік), а потым вярнуўся ва Украіну. І ва Украіне былі задзейнічаныя гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі. Пра гэта мы раскажам вам потым», — заявіў Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, самалёт не атрымаў сур’ёзных пашкоджанняў, але Беларусь папрасіла ў Расіі іншы А-50.
«Быў падрыхтаваны дадзены тэракт. Вынікі вы ведаеце. На шчасце, самалёт не зазнаў нейкіх значных пашкоджанняў, акрамя, як яны кажуць, драпін і адной прабоіны ў корпусе, якая ваеннаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі. Мы вам паказвалі гэты самалёт. Як мне паведамілі, ён нават прэзідэнта сустракаў, калі я вяртаўся з Пекіна. Тым не менш мы папрасілі расіян, каб яны ўзялі гэты самалёт на абслугоўванне і даслалі нам іншы. Так і адбылося», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама расказаў, якія задачы самалёт А-50 выконваў у Беларусі.
«Што гэта за самалёт? На тэрыторыі Беларусі гэта не расійскі самалёт. Гэта я папрасіў прэзідэнта Расіі накіраваць мне паветраную групоўку для таго, каб мы маглі ажыццяўляць кантроль па перыметры нашых беларускіх межаў і ў сумеснай беларуска-расійскай групоўцы адпрацоўваць пэўныя навыкі. Гэты самалёт ніколі не залятаў на тэрыторыю Украіны, нават не набліжаўся да мяжы (яму не трэба гэта), Польшчы, Літвы — усіх гэтых мразяў, якія сёння працуюць супраць Беларусі. Мы вельмі акуратна працавалі. Нікому не давалі падставы для гэтага», — падкрэсліў ён.
Гісторыя затрымання «ўкраінскага дыверсанта» і «20 суўдзельнікаў» у Беларусі
«Пасля здзяйснення тэракту і спробы падарваць самалёт — дарагі, самалёт-разведчык — А-50, былі створаныя маршруты вываду яго („украінскага дыверсанта“. — Заўв. рэд.) з тэрыторыі Беларусі. Гэта для іх, мы зразумелі, быў вельмі каштоўны чалавек», — сказаў Лукашэнка.
«На маё распараджэнні яшчэ да камандзіроўкі ў Кітай (вы, напэўна, пра гэта здагадаліся) былі аддадзеныя самыя жорсткія распараджэнні сілавікам (вось яны тут знаходзяцца). Там я лаяўся на вас, і мацюкальныя словы казаў. Гэта абнуляецца сёння. Але не забывайце», — нагадаў ён.
Паводле яго словаў, «былі перакрытыя межы Беларусі».
«Але мы разумелі, што асноўная нашая праблема — гэта беларуска-расійская мяжа. Там у нас няма вайсковых падраздзяленняў. Ды і мяжы няма паміж Расіяй і Беларуссю. І галоўнай нашай задачай было не дапусціць пранікнення яго ў Расію. Таму што ў велізарнай, бяздоннай Расіі знайсці яго было б вельмі складана. Мы гэта разумелі, а таму былі паднятыя сотні, а можа быць, і тысячы людзей — вайскоўцаў усіх падраздзяленняў, каб закрыць Беларусь. Былі зробленыя пэўныя дзеянні, разгорнуты антытэрарыстычны штаб пад кіраўніцтвам старшыні КДБ Беларусі Івана Церцеля. Правакавалі ўкраінцаў, паказваючы ім, што мы там праводзім нейкія аперацыі. Яны паддаліся на нашыя целарухі і паказалі фактычна сваімі дзеяннямі, куды і дзе яны хочуць выводзіць гэтага тэрарыста. Натуральна, Лапо прыкрыў мяжу. Яны заўважылі, што праз мяжу ім не прайсці. І пачалі выкарыстоўваць запасны варыянт вываду яго адсюль. Але перш чым выводзіць, трэба было стварыць новы канал», — заявіў Лукашэнка.
Ён чарговым разам адзначыў, што яго ўразіла ў гэтай аперацыі «выкарыстанне найвышэйшых тэхналогій».
«Яны стварылі яму спецыяльную праграму (хутчэй за ўсё, цээрушнікі — амерыканцы), яму ўручылі спецыяльныя тэлефоны, па якіх яны адсочвалі кожны яго крок у аўдыё- і відэарэжыме. Яны бачылі, куды ён перамяшчаецца, з кім ён сустракаецца і размаўляе і гэтак далей. Потым паралельны тэлефон. Гэта вельмі важна — другое, што мяне здзівіла. Там мы трошкі пракалоліся, калі ён пакінуў гэты тэлефон (нам гэта было невядома, незнаёма) у кватэры, узяў паралельны тэлефон, і ўжо яны ім кіравалі па гэтым тэлефоне», — блытана патлумачыў ён.
«Гэта загад быў эсбэушнікаў: калі мы зойдзем у гэтую кватэру па слядах — яны адразу нас убачаць. Так і адбылося. У гэты момант я ўжо, шчыра кажучы, будучы ў Кітаі, пачаў сумнявацца пасля вашага дакладу, што мы яго хутка знойдзем», — працягнуў Лукашэнка.
«Другое маё неймавернае здзіўленне, калі вы, аналізуючы тысячы званкоў, перамоваў, сустрэч і размоваў рознага кшталту мярзотнікаў за межамі і ўнутры нашай краіны, вылічылі яго. Вось проста вылічылі ў кабінеце. Два пункты. Калі вы зайшлі ў гэты пункт, калі ён лёг на дно і чакаў новага маршруту, вы яго ўзялі ў першай жа гэтай кватэры — пад Бараўлянамі ў нейкім там асабняку садовага таварыства. У падвале — друкарня з рознага роду анучамі бэчэбэшнымі і іншай літаратурай. Ну, мярзотнік пражываў там. Можаце зрабіць выснову. Пра што я заўсёды казаў — што нам ніколі нельга супакойвацца», — чарговы раз нагадаў ён.
«Каманды ішлі ад СБУ збеглым за мяжой (у дадзеным выпадку — у Польшчы), адтуль яны звязваліся (у дадзеным выпадку гэта быў доктар) з мярзотнікамі тут і дапамагалі яму хавацца. Прытым і на пачатковым, і на канчатковым этапе нашай аперацыі. Ну і, напэўна, бог дапамог і здарыўся цуд. Дзякуючы нашым аператыўнікам — Камітэта дзяржбяспекі, МУС і памежнікам — мы яго вылічылі і затрымалі. На сённяшні дзень затрыманыя больш за 20 суўдзельнікаў, якія на тэрыторыі Беларусі. Астатнія хаваюцца там (за мяжой. — Заўв. рэд.)», — заявіў Лукашэнка.
«Мы ўжо да іх ідзём. Нашыя хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца»
Лукашэнка расказаў, што цяпер у Беларусі ідзе «жастачайшая зачыстка», і гэта — яго даручэнне.
«Каб не было размоваў, усе павінныя разумець, і я гэтага не адмаўляю, — я распарадзіўся некалькі дзён таму (яшчэ да гэтай аперацыі) па ўсёй краіне правесці вельмі жорсткую зачыстку. Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць. Будзе як у 1941 годзе, чаго там хаваць: калі фашысты прыйшлі сюды, ячэйкі гэтыя былі, памагатыя былі. А потым яны павязку на руку, „Шмайсер“ на плячо і дзейнічалі разам з гэтымі фашыстамі. Нічога не змянілася. Таму мы іх павінныя знайсці», — заявіў Лукашэнка.
«А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх ідзём. Нашыя хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца. Найлепшы варыянт — калі яны прыйдуць самі: рукі ўверх, прыйдуць і здадуцца. Гэта будзе для іх выратаванне. Мы іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства. Яны за гэтыя два з паловай гады так нічога і не зразумелі. Яны не зразумелі, што мы да іх па-чалавечы: калі вы адумаліся — вяртайцеся. І гэта не адмяняе нічога. Ёсць там адурэлыя, адурманеныя, хай вяртаюцца. Заявы ўжо паступаюць. Але тыя, хто здзяйснялі, а асабліва цяпер здзяйсняюць вось такія падобныя правапарушэнні і з’яўляюцца памагатымі тэрарыстаў, — мы іх знойдзем», — паабяцаў ён.
«Яны проста пракалоліся, як мудакі апошнія»
На думку Лукашэнкі, дзеянні па спробе падарваць самалёт ніякага ваеннага значэння не мелі.
«Нават калі б нешта здарылася з гэтым самалётам, ён не адзіны. Усё было разлічана на сродкі масавай інфармацыі. І ўсё было ўвязана як звёны аднаго ланцуга — у нас тэракт, у Мачулішчах, і ў Бранскай вобласці, калі дыверсійна-разведвальная група з тэрыторыі Украіны — каля 40, а можа, больш, мярзотнікаў — зайшлі, расстралялі мірных грамадзян, паранілі дзіця (вы ў курсе справы). Гэта былі звёны аднаго ланцуга. Каб прадэманстраваць Захаду, на што яны яшчэ здольныя. Грошы ж патрэбныя. А нашыя збеглыя разлічвалі атрымаць фінансаванне за гэта», — сказаў Лукашэнка.
Ён даручыў расказаць пра ўсе падрабязнасці ў дзяржаўных СМІ.
«Пакажыце гэта ўсё ў дэталях, пакажыце брыдкіх гэтых, якія сядзяць у Польшчы і Украіне, якія за бохан гатовыя знішчаць. Не здраджваць радзіме, а знішчаць нашых людзей. Мы павінныя ў дынаміцы паказаць, як яны крычалі, што „ўсё, ужо тыя, хто здзейсніў у Мачулішчах тэракт, яны ўжо за мяжой“. Гэтым самым яны ў нас падштурхнулі веру ў тое, што яны тут. Калі б былі за мяжой, яны б іх паказалі. Тады я сілавікам сказаў: „Глядзіце, ён тут!“ Яны проста пракалоліся, як мудакі апошнія. І мы актыўна пачалі пошукі тут», — дадаў ён.
Што на словы Лукашэнкі сказалі ў Службе бяспекі Украіны
«Люстэрка» звярнулася ў СБУ, каб ва ўкраінскім ведамстве пракаментавалі заявы Лукашэнкі пра затрыманне «ўкраінскага дыверсанта» і яго падрыхтоўку ва Украіне.
«Мы не каментуем выбухі ў Беларусі і Расіі да перамогі Украіны», — лаканічна адказалі нам у СБУ.
Што адбылося на аэрадроме ў Мачулішчах з самалётам А-50
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Ваенна-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан на расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Як заявіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які здзельнічаў у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны.
Пасля гэтага з’явіліся паведамленні, што на мяжы зрабілі больш жорсткім памежны кантроль, а ў вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Акрамя таго, у Беларусі пачалі правяраць уладальнікаў дронаў, страйкбалістаў, стралкоў і гэтак далей.
Афіцыйна ўлады Беларусі інцыдэнт у Мачулішчах не каментавалі, не лічачы заявы намесніка міністра замежных справаў Беларусі Юрыя Амбразевіча, які назваў тое, што адбылося, фэйкам, упіраючы на тое, што не было афіцыйных каментароў.
У чацвер, 2 сакавіка, беларускія дзяржСМІ апублікавалі відэа палёту самалёта А-50 з бартавым нумарам 43, на які, імаверна, 27 лютага здзейснілі атаку беларускія партызаны. Прапагандысты паведамілі, што борт «цэлы, непашкоджаны і нясе службу ў звычайным рэжыме» і ў адпаведнасці з планам «здзейсніў аблёт дзяржаўнай мяжы ў групе і суправаджэнні іншых самалётаў». Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі наогул заявіў, што А-50 суправаджаў «борт № 1». Аднак паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», пашкоджаны самалёт пакінуў паветраную прастору Беларусі і, «паводле папярэдняй інфармацыі», адправіўся на рамонт у Таганрог.
Як высветліла «Люстэрка», самалёт знаходзіцца на 325-м Авіяцыйнай рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева. Самалёт А-50 з бартавым нумарам 43 знаходзіцца ў іх на рамонце.