У камісію па вяртанні беларусаў, якія з’ехалі, паступіла 23 заявы. Пра гэта паведаміў 6 сакавіка ў эфіры СТБ намеснік генпракурора Аляксей Стук.
Аляксей Стук падкрэсліў, што большасць зваротаў, якія паступілі, «не адпавядае тым крытэрам, якія прапісаныя ва ўказе». Такім заяўнікам прапануюць паведаміць неабходныя звесткі або пераслаць у камісію дакументы, якіх не хапае.
Прапагандыст Юрый Васкрасенскі, які ўдзельнічаў у праграме і якога ўключылі ў камісію па вяртанні тых, хто з’ехаў, адзначыў, што ніхто «не гоніцца за колькасцю».
— Хай гэта 23 чалавекі або 230 чалавек. Няважна. Важна, што нас потым ніхто не папракне, што такога механізму не было, — сказаў Васкрасенскі.
Ён таксама закрануў пытанне «пакаяння», якое з’яўляецца адной з умоваў вяртання на радзіму.
— Мы ж хочам не іх запэўненняў у любові да нейкай партыі ці нейкага палітычнага дзеяча, каб яны прыехалі, сталі на калені, сказалі: «Мы любім Азаронка або Мукавозчыка» ці яшчэ нешта, але яны мусяць зразумець, што цяпер Беларусь у няпростай сітуацыі: па перыметры ходзяць, ляскаюць зубамі нашыя партнёры, мы на парозе вайны, пад пагрозай нашыя незалежнасць, суверэнітэт. Вядома, нам хацелася б, каб у якасці доказу, што яны патрыёты, яны сказалі, як любяць сваю краіну, — патлумачыў Васкрасенскі.
Намеснік генпракурора ў сваю чаргу расказаў, што пакуль камісія ў поўным складзе не збіралася.
— Паседжанні камісіі яшчэ не праводзіліся, бо яшчэ не напрацаваны матэрыял, неабходны для абмеркавання той ці іншай заявы, звароты ад той ці іншай кандыдатуры, якая яго напісала, — растлумачыў Стук.
Намеснік генпракурора расказаў, што перад паседжаннем камісіі яе «сакратарыят правядзе вялікую працу»:
— Калі распачатая крымінальная справа — значыць [будуць вывучаныя] матэрыялы крымінальнай справы. Будуць запытаныя ўсе кампетэнтныя органы. Гэты чалавек будзе «прасветлены» прававым рэнтгенам.
Стук нагадаў, што ў камісію можа звярнуцца любы беларус, які жыве за мяжой і «з нейкіх прычын лічыць, што яму вяртацца ў краіну небяспечна, але ён хоча гэта зрабіць».
— Камісія абсалютна не адрыне тую заяву, якая паступіць ад грамадзяніна, што знаходзіцца ў краіне. Але камісія створаная менавіта для інфармавання і вырашэння пытання пра вяртанне тых, хто за мяжой. Таму адразу магу сказаць: тыя грамадзяне, якія знаходзяцца тут і звернуцца з заявамі, таксама атрымаюць кампетэнтны, кваліфікаваны адказ, але адказ гэты будзе дастаткова вузкім, што яны павінныя будуць у рамках дзейнага заканадаўства падаць заяву. Будзе гэта наглядная скарга ці заява па нейкіх іншых пытаннях, але заява ўсё роўна будзе датычыць не вяртання і не вырашэння пытання пра іх магчымасць вяртання, а магчымасці прызнання камісіяй факту немэтазгоднасці прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці.
— Але гаворка пра ўсёдараванне агульнае ж не ідзе? — удакладніла вядоўца СТБ Алёна Сырава.
— Не, вядома. Нават той вектар, які пазначаны ўказам па вяртанні з-за мяжы, — таксама не ідзе гаворка, што для ўсіх грамадзян, якія знаходзяцца там, якія звернуцца, наступіць для іх эра ўсеагульнай міласэрнасці, — сказаў Стук.
Што за камісія
Нагадаем, у Беларусі стварылі камісію для «падтрымання грамадзянскай згоды, забяспечання рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян». У яе маюць права звярнуцца беларусы, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай скіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».
Адпаведныя звароты на рускай або беларускай мовах могуць быць накіраваныя грамадзянамі ў тэрмін да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з далучэннем неабходных дакументаў. Ліст мусіць змяшчаць: найменне камісіі, прозвішча, імя таго, хто звярнуўся, адрас жыхарства (месца знаходжання), дату апошняга выезду за межы Беларусі, а таксама звесткі пра апошняе месца працы (навучання) у Беларусі. Акрамя таго, у звароце неабходна выкласці ўсю інфармацыю наконт «прычын, з якіх грамадзянін пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, абставін, у сувязі з якімі яго могуць прыцягнуць да адказнасці». Таксама можна прыкласці спіс паручальнікаў. Імі могуць быць «дзеяздольныя поўнагадовыя асобы, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, дзяржслужбоўцы, працоўныя калектывы, іншыя аб’яднанні грамадзян, юрыдычныя асобы».
Згодна з указам, гэтыя асобы мусяць раскаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію пра гатоўнасць пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, кампенсаваць нанесеную шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак.
Па выніках разгляду зваротаў грамадзян будуць апавяшчаць пра наяўнасць або адсутнасць у дачыненні да іх адміністрацыйнага працэсу, распачатай крымінальнай справы, а таксама пра магчымасць іх спынення ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам. Гэтыя рашэнні будуць прымацца камісіяй шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў і афармляцца пратаколамі.