У Беларусі змогуць пераводзіць пад знешняе кіраванне замежныя кампаніі. Гаворка пра фірмы, у якіх уласнікі або акцыянеры з-за мяжы. Урад вызначыўся, як гэта мусіць працаваць на практыцы. Так, чыноўнікі ў Мінску і абласцях павінныя ствараць спецыяльныя рэестры кампаній з замежным капіталам і вызначаць, ці ёсць падстава прызначыць знешняга кіраўніка. Але ўвесці старонняга топа змогуць таксама для замежных кампаній, якія не ўключылі ў гэты рэестр. У цэлым чыноўнікі досыць абцякальна прапісалі падставы для ўвядзення знешняга кіравання, пад іх можна падвесці практычна любую замежную фірму.
Магчымасць прызначаць знешняе кіраванне для замежных кампаній урад увёў у пачатку студзеня гэтага года. Старонняга кіраўніка могуць увесці ў камерцыйныя фірмы, у якіх уласнік, акцыянер або ўдзельнік — замежнік. Зрабіць гэта можна па рашэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама на тэрмін да 18 месяцаў.
Як чыноўнікі будуць вырашаць, у якія кампаніі прызначаць старонніх кіраўнікоў
Урад абяцаў падрабязней прапісаць, як гэта будзе адбывацца на практыцы. 27 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі адпаведную пастанову Саўміна. Так, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам павінныя ствараць спецыяльныя рэестры кампаній з замежным капіталам і вызначаць, ці ёсць падстава прызначыць знешняга кіраўніка. Чыноўнікі пры гэтым мусяць улічыць значнасць фірмы для рэгіёна, маштабы вытворчасці, яе ўплыў на рынак працы і ўплыў на напаўненне мясцовага бюджэту. Пры гэтым урад прапісаў у дакуменце, што выканкамы могуць таксама па сваёй волі вызначаць іншыя крытэры.
Таксама чыноўнікі на месцах павінныя прааналізаваць кампаніі якія трапілі ў рэестр, на прадмет таго, ці ёсць падставы перадаць іх пад часовае знешняе кіраванне. Сярод прычын гэта зрабіць прапісалі, да прыкладу, фактычнае спыненне ўласнікам кіравання кампаніяй. Яшчэ адна падстава — «ажыццяўленне ўласнікам маёмасці камерцыйнай арганізацыі эканамічна неабгрунтаваных дзеянняў, якія могуць прывесці да фактычнага спынення дзейнасці, ліквідацыі і (або) банкруцтва такой камерцыйнай арганізацыі, нанясення шкоды». Мяркуючы з гэтай фармулёўкі, пад знешняе кіраванне можна падвесці практычна любую замежную кампанію. Галоўнае — угледзець у дзеяннях фірмы эканамічна неабгрунтаваныя дзеянні. З гэтым у чыноўнікаў праблем няма.
Пры гэтым прызначыць старонняга кіраўніка змогуць таксама для замежных кампаній, якія не ўключылі ў гэты рэестр.
Прыведзяце прыклад, як гэта можа выглядаць на практыцы?
Калі зусім спрасціць, то на практыцы магчымыя сітуацыі, калі чыноўнікі прызначаюць умоўную Надзею Ермакову кіраўніком адной з замежных кампаній (у 2020 годзе яе ставілі «ратаваць» «Белгазпрамбанк» пасля затрымання многіх чальцоў праўлення банка).
Патрабаванні да кіраўнікоў не самыя завышаныя. Кандыдат мусіць мець вышэйшую, пераважна эканамічную або юрыдычную, адукацыю (у Ермаковай дыплом БДЭУ), досвед гаспадарчай (прадпрымальніцкай) дзейнасці (кіраванне Нацбанкам, «Белгазпрамбанкам»), быць без судзімасці, а таксама не стаяць на ўліку ў медыкаў з прычыны псіхалагічных разладаў, алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі.