Мінімальны заробак у Беларусі летась рос хутчэй, чым у многіх краінах. Але інфляцыя ў нашай краіне аказалася яшчэ вышэйшай і з’ела частку прыросту. Каманда Picodi.com праверыла, як змянілася мінімальная зарплата на пачатак 2023 года ў дзясятках краінах свету і ці хопіць гэтых грошай, каб забяспечыць мінімальны камфорт для жыцця.
У даследаванні ўдзельнічалі 67 краін, у якіх існуе ўстаноўленая ўладамі мінімальная заработная плата. У кожнай краіне свае асаблівасці падаткаабкладання, і розніца паміж «чыстым» і «брудным» заробкамі можа складаць ад 0% да 35% (у Беларусі — 14%). Каб рэйтынг быў справядлівым, аўтары даследавання з Picodi.com параўноўвалі зарплаты нета, то-бок грошы, якія работнік атрымлівае на рукі або банкаўскі рахунак.
Заробак у пагоні за інфляцыяй
Сярод 67 разгледжаных у даследаванні краін толькі ў 7 мінімальная заработная плата не змянілася са студзеня 2022 года. Да такіх краін адносяцца, напрыклад, Ізраіль, Ганконг і Нігерыя.
Найбольшы рост мінімальнай зарплаты за год аўтары даследавання зафіксавалі ў Аргентыне (104,5%) і Турцыі (100%). Але варта ўлічваць, што ў гэтых краінах інфляцыя і падзенне кошту нацыянальнай валюты цягам некалькіх гадоў былі дастаткова высокімі.
Высокім ростам мінімалкі таксама адзначыліся Малдова (32,5%), Латвія (27,1%) і Малайзія (25,8%).
Беларусь у рэйтынгу росту мінімальных заробкаў заняла 9-е месца: цяпер «чыстая» мінімальная аплата працы складае 476 рублёў, што на 21,2% больш, чым летась (393 рублі). Большае павышэнне чакае нізкааплатных работнікаў у Германіі (21,9%) і Румыніі (24,5%).

Асноўныя прадукты харчавання
Для гэтага даследавання аўтары сфармавалі ўмоўны харчовую кошык і супаставілі кошт прадуктаў з мінімальнай заработнай платай. Кошык складаецца з такіх прадуктаў, як хлеб, малако, яйкі, рыс, сыр, мяса, садавіна і гародніна. Хоць спіс гэты вельмі бедны, але прадукты ў ім (у названых колькасцях) здольныя задаволіць мінімальную патрэбу ў пажыўных рэчывах сярэднестатыстычнага дарослага чалавека.
Кошт такога прадуктовага кошыка на пачатак 2023 года складае 205,56 рублёў, што на 22,9% больш, чым летась. Такі прадуктовы кошык роўны 43,1% ад мінімальнай аплаты працы пасля выплаты падаткаў. Летась гэтыя суадносіны складалі 42,6%.
Атрымліваецца, што ў Беларусі рост цэн апярэдзіў рост мінімальнага заробку.
У мінулыя гады кошт ідэнтычнага прадуктовага набору выглядаў наступным чынам:
- студзень 2019 — 135,71 рубля
- студзень 2020 — 141,53 рубля
- студзень 2021 — 158,6 рубля
- студзень 2022 — 167,32 рубля
- студзень 2023 — 205,56 рубля.
Дзе можна пражыць на мінімалку?
У кожнага чалавека свае харчовыя звычкі, якія залежаць і ад краіны пражывання, і ад сям'і. Тым не менш аўтары даследавання вырашылі параўнаць кошт адных і тых жа прадуктаў у розных краінах і праверыць, які працэнт ад афіцыйнага мінімальнага даходу пойдзе на аплату прадуктаў, што забяспечваюць толькі выжыванне.
Найлепшыя суадносіны цэн і мінімальнага заробку аналітыкі зафіксавалі ў Вялікабрытаніі, Ірландыі і Аўстраліі: ад 6,5% да 7,7%.
Беларусь у гэтым рэйтынгу аказалася на 57-й пазіцыі з вынікам у 43,1%, апярэдзіўшы Расію (45,5%) і Казахстан (51,9%).
У такіх краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, як В’етнам, Індыя, Інданезія, Тайланд і Філіпіны, на асноўныя прадукты харчавання жыхары таксама выдаткоўваюць больш за палову мінімальнай зарплаты. У сваю чаргу ў Нігерыі мінімальнай аплаты працы не хопіць нават на такі бедны набор прадуктаў.
Як аналітыкі праводзілі разлікі
У гэтым даследаванні аналітыкі параўноўвалі стаўкі мінімальнай аплаты працы, актуальныя са студзеня 2023 года, са стаўкамі ў студзені 2022 года. Звесткі ўзятыя з афіцыйных старонак урадаў альбо адпаведных міністэрстваў. Аўтары даследавання не ўлічвалі краіны, у якіх памер заработнай платы вызначаецца прафсаюзамі і ў якіх няма ўстаноўленай законам мінімальнай зарплаты (напрыклад, Італія, Сінгапур, Швейцарыя і краіны Паўночнай Еўропы). Для краін, дзе мінімальная заработная плата вар’юецца ад рэгіёна да рэгіёна (В'етнам, Канада, ЗША, Тайланд, Філіпіны), яны разлічылі і выкарыстоўвалі сярэдняе арыфметычнае. Сума пасля выплаты падаткаў была атрыманая з дапамогай мясцовых падатковых калькулятараў.
Выкарыстаны ў даследаванні набор прадуктаў — умоўны і створаны выключна для статыстычных мэтаў. Названыя аб’ёмы былі разлічаныя на аснове рэкамендацый некаторых міністэрстваў аховы здароўя што да мінімальных нормаў спажывання прадуктаў харчавання. Цэны прадуктаў, выкарыстаныя ў гэтым даследаванні, узятыя з сайта numbeo.com, дзе цэны на розныя тавары і паслугі збіраюцца сотнямі тысяч карыстальнікаў з усяго свету.
Для канвертацыі валют выкарыстоўваўся сярэдні курс Google Finance за IV квартал 2022 года.