Еўрапейскі саюз можа прыняць новыя санкцыі супраць Беларусі і Расіі ў лютым. Пра гэта паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Брусэлі Рыкард Ёзвяк.
doubt the EU’s 10th sanctions package on #Russia — with a considerable #Belarus component this time around — will be ready to be approved ahead or during the EU-#Ukraine summit on 3 Feb. more likely later in Feb.
— Rikard Jozwiak (@RikardJozwiak) January 17, 2023
«Сумняваюся, што 10-ы пакет санкцый ЕС у дачыненні да Расіі — са значным кампанентам у дачыненні да Беларусі гэтым разам — будзе гатовы да ўхвалення да або падчас саміту ЕС-Украіна 3 лютага. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца пазней у лютым», — напісаў Ёзвяк.
Нагадаем, 10 студзеня старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што Еўрасаюз збіраецца ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі за падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.
«Мы будзем аказваць ціск на Крэмль столькі, колькі спатрэбіцца, з дапамогай жорсткага рэжыму санкцый, і мы распаўсюдзім гэтыя санкцыі на тых, хто ў ваенным аспекце падтрымлівае вайну Расіі, такіх як Беларусь ці Іран», — сказала фон дэр Ляен.
Раней той жа Рыкард Ёзвяк паведаміў, што Украіна нібыта прасіла не ўключаць Беларусь у апошнія пакеты санкцый. Гэтую інфармацыю ў Кіеве абверглі.
Нагадаем, пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Еўрасаюз узгадніў ужо восем пакетаў санкцый супраць РФ. У сярэдзіне кастрычніка мінулага года лідары краін ЕС прыгразілі Беларусі новымі санкцыямі, калі Аляксандр Лукашэнка працягне аказваць падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны. Афіцыйны Мінск і раней трапляў у «расійскія санкцыйныя пакеты» за суўдзел ва ўзброенай агрэсіі.