У канцы снежня ці ў пачатку новага года ўсе звычайна падводзяць вынікі мінулага. Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае пра асаблівасці менавіта снежня — з пункту гледжання стасункаў рэжыма і ўлады. Снежань 2022 года быў багаты на розныя падзеі і з’явы, якія можна ўкласці ў тры галоўныя тэндэнцыі.
Вынішчэнне беларушчыны
Рэжым Лукашэнкі заўсёды быў ворагам беларускага, пад дазволенай «беларушчынай» маючы на ўвазе амаль выключна нешта музейна-вясковае кшталту вылегчанага «свята» «Дажынак» альбо скансэна ў Азярцы. Варыянты ўключэння чагосьці беларускага ў сучасную урбаністычную прастору ці актуальны культурны працэс былі магчымыя толькі ў фармаце гета. Але хоць гэта было магчыма. Раней. Цяпер ужо не. Цяпер рэжым функцыянуе ў «савецкім» фармаце барацьбы як з сацдэмаўшчынай, так і з нацменамі. Прычым нацменамі цяпер у Беларусі лічацца не толькі літоўцы і палякі, чые школы закрываюцца, а могілкі знішчаюцца. Нацменамі сталі і тыя, хто размаўляе ці чытае на беларускай мове, робіць беларускую музыку ці прадае беларускія сувеніры ў прыватных крамах.
За апошнія два гады амаль усе арганізацыі і інстытуцыі, якія апекаваліся беларушчынай, былі выціснутыя за мяжу, ліквідаваныя ці знішчаныя. Цяпер дачышчаюцца апошнія. Галоўны прыклад снежня — патрабаванне Мінюста ліквідаваць «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Прычым пасля знішчэння такіх арганізацый даходзіць і да вынікаў іх дзейнасці. У снежні ахвярамі такой увагі рэжыма сталі «шкодныя» беларускія кнігі. Калі раней толькі асобныя з іх заносілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, то ў гэтым месяцы з падачы дзяржпрапагандыста Гігіна з продажу пачалі прыбіраць цэлыя стосы — ад забароненых і знішчаных выдавецтваў «Лімарыус», «Кнігазбор» і «Янушкевіч», а ў дадатак яшчэ і кнігі серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны».
Прасоўванне «русскомирства»
Адзінае, што дазваляецца — савецкая гісторыя і руская культура ці, больш правільна, «рускі свет». Апошні прасоўваецца не толькі праз інфармацыйную прастору, але і праз дзеянні як асобных адыёзных персон, так і праз спецыяльныя арганізацыі кшталту «Рускіх дамоў». Калі кажам пра персон, то можна згадаць прэзентацыю ў Мінску сваёй кнігі пра рускі свет былым палкоўнікам ГРУ Квачковым. Калі вядзецца пра арганізацыі, то гэта як афіцыйныя пасольствы Расіі (дарэчы, дадатковае генконсульства РФ адкрылася ў Гродне), так і напаўдзяржаўныя кшталту «Рускіх дамоў». Пра іх расказвала Медыязона. Прывяду толькі адзін з апошніх прыкладаў: гомельскіх дзяцей прымусілі пісаць лісты на фронт расійскім вайскоўцам. Кшталту падзякі «нашым» абаронцам.
Прынамсі, з задачай прыцягвання рускамірства ў Беларусь ці ўцягвання Беларусі ў «Рускі свет» беларускія ўлады і самі добра спраўляюцца. Трэнд снежня — абарона «традыцыйных» каштоўнасцяў. Пакуль — толькі пакуль — гаворка ідзе пра «абарону» традыцый, сямейных каштоўнасцяў і праваслаўя, але закладваецца база пад вельмі небяспечны нарратыў. І гавораць пра гэта не апошнія людзі ва ўладнай вертыкалі — кіраўнік «Белай Русі» і сябра Савета Рэспублікі Алег Раманаў і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Прычым апошняя шчыра кажа, што гэта расійскі шлях і нам трэба ім ісці.
Стварэнне базы для праўладнай грамадзянскай супольнасці
«Правільная» грамадзянская супольнасць і агульная дзяржаўная ідэалогія — няспраўджаныя мары рэжыму, што суправаджаюць уладу Лукашэнкі ўжо якое дзесяцігоддзе. Калі раней дасягненне гэтых мараў было збольшага дэкларатыўным, то пасля пачатку знішчэння сапраўднай грамадзянскай супольнасці, што стартавала летась, гэтыя працэсы пачалі развівацца значна шпарчэй.
Па-першае, як пішуць аўтары «Беларускага трэкеру пераменаў», з лета адбываецца ўздым і «нармалізацыя» практык актывістаў рэжыму. Гэта і штатныя прапагандысты, і дабраахвотныя актывісты на месцах, па даносах якіх закрываюць бары і выставы, а таксама звальняюць людзей з працы. Прыклады снежня — звальненні ў Нацыянальным мастацкім музеі (былі звольненыя 18 чалавек), патрабаванне знішчыць фрэску «Цуд на Вісле» ў касцёле на Гродненшчыне і забарона Хэлаўіна.
Другое — намаганні неяк замяніць тыя грамадзянскія супольнасці, якія былі знішчаныя. Так, прынамсі яшчэ ўзімку былі размовы пра тое, што нейкія функцыі мог бы узяць на сябе БРСМ. Улетку анансавалі стварэнне нацыянальнага фонду імя Лукашэнкі, які б акумуляваў рэсурсы на дабрачынныя мэты. А ўвосень было абвешчана пра стварэнне дабрачыннага фонду імя польскага дэзерціра Эміля Чэчкі. У снежні значных зрухаў па гэтым напрамку не было, затое шмат што адбывалася ў прававым рэчышчы.
Трэці напрамак — распрацоўка нарматыўна-прававой базы для дзеяння грамадзянскай супольнасці. Калі раней рэжым абыходзіўся кропкавымі ўздзеяннямі кшталту рэгуляцыі дзейнасці экскурсаводаў ці валанцёрства, то ў снежні адбыўся першы крок да зацверджання шырэйшай базы — дэпутаты прынялі ў першым чытанні законы пра Усебеларускі сход і асновы грамадзянскай супольнасці. Калі не занурацца ў патрабязнасці і аднаго і другога, то выснова простая: любая грамадзянская дзейнасць (хоць партый, хоць прафсаюзаў, хоць чаго), калі хоча быць легальнай, мусіць падпарадкоўвацца дзяржаве. І кропка.
Выснова: дзейны рэжым лічыць нацыянальна-беларускае варожым, адзінае яго ідэалагічнае апірышча — савецка-расійскі нарратыў. І ўсё гэта цяпер замацоўваецца юрыдычна.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.