Тым, хто займаецца рамесніцтвам і аказвае паслугі ў сферы аграэкатурызму, у наступным годзе давядзецца пацвярджаць сваю дзейнасць, каб захаваць адпаведны статус і магчымасць выплачваць нізкі падатак. Пра гэта расказаў на прэс-канферэнцыі 27 снежня намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Скрыннікаў.
Цяпер рамеснікі плацяць збор на год наперад у памеры 62 рублёў. Такая дзейнасць вядзецца паводле паведамляльнага прынцыпу, чалавек не мусіць пацвярджаць, што фактычна гэтым займаецца. Але ў 2023 годзе ўсё зменіцца.
— Цягам першага паўгоддзя платнікі спакойна могуць выкарыстоўваць гэты падатковы рэжым, але пачынаючы з 1 ліпеня 2023 года фізічныя асобы змогуць выкарыстоўваць яго толькі ў тым выпадку, калі будзе рашэнне мясцовых органаў улады пра тое, што дзейнасць платніка адносіцца да рамесніцкай, — паведаміў Скрыннікаў.
Намеснік міністра растлумачыў, што зарэгістраваных рамеснікаў у краіне шмат, але далёка не ўсе з іх фактычна займаюцца гэтай дзейнасцю.
— Каб не было злоўжыванняў або падатковых маніпуляцый, калі людзі рэгіструюцца рамеснікамі з мэтай пазбягання іншых падатковых альбо сацыяльных наступстваў, нормы будуць трохі ўзмацняцца, — сказаў чыноўнік.
Акрамя таго, Мінэканомікі скароціць пералік відаў дзейнасці, выканаўцы якіх змогуць застацца на рамесніцкім зборы.
Ужо з 1 студзеня тыя, хто займаецца рамесніцтвам, будуць плаціць збор не на ўвесь год, а кожны месяц па 6 рублёў. Пасля 1 ліпеня мясцовыя органы будуць выносіць рашэнні пра тое, чым насамрэч займаюцца рамеснікі. Калі чыноўнікі не пацвердзяць, што дзейнасць чалавека з’яўляецца рамесніцкай, яму давядзецца перайсці на іншы падатковы рэжым — падатак на прафесійны даход.
Такая самая сітуацыя і з тымі, хто займаецца аграэкатурызмам. Для іх штомесячны збор у новым годзе складзе 37 рублёў, але з другога паўгоддзя плаціць яго змогуць толькі тыя, чыю дзейнасць пацвердзяць мясцовыя ўлады, для астатніх будзе падатак на прафесійны даход.
Акрамя таго, нагадаем, з 1 студзеня 2023 года ўвядуць мноства зменаў у падатках для прадпрымальнікаў:
для ІП ліквідуецца спрошчаная сістэма падаткаабкладання;
скарачаюцца віды дзейнасці, па якіх можна працаваць з выплатай адзінага падатку;
стаўкі адзінага падатку павялічваюцца ў паўтара-тры разы (яны будуць прымяняцца да тых падаткаў, тэрмін выплаты якіх наступіць пасля 30 студзеня);
асноўным падатковым рэжымам стане падаходны падатак, у 2023 годзе яго падымуць з цяперашніх 16% да 20%, а ў 2024-м — да 25%.
Павелічэнне падатковай нагрузкі заўважаць не толькі тыя, хто вядзе бізнес, але і практычна ўсе беларусы: вырастуць акцызы на алкаголь і цыгарэты, падаткі на нерухомасць, зямельны падатак, падатак на сабак і іншыя.