З 1 студзеня 2023 года ў Беларусі з’явіцца новаўвядзенне па спісанні курсавых розніц. Чыноўнікі дазволяць штомесяц уключаць гэтыя сумы ў даходы або выдаткі (у залежнасці ад сітуацыі на валютным рынку). Гэта прадугледжана ўказам № 430, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Сам дакумент яшчэ не апублікаваны.
Курсавая розніца — гэта разбежка ў кошце тавару або паслуг, якая ўзнікла праз змену курсу рубля да замежных валют.
Як паведамляецца, указ дазваляе сярод іншага штомесячнае прызнанне даходамі і выдаткамі станоўчых і адмоўных курсавых розніц у аднолькавых сумах адпаведна.
«Гэта забяспечыць раўнамернае ўключэнне іх у абкладаную базу па падатку на прыбытак, — паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. — Прадугледжанае таксама штомесячнае спісанне сумаў курсавых розніц, якія засталіся пасля такога прызнання, на даходы (выдаткі) па фінансавай дзейнасці ў памеры, устаноўленым кіраўніком арганізацыі, але не менш за 1/36 сумы, якая засталася».
Чакаецца, што новы ўказ дапаможа знізіць уплыў курсавых розніц на фінансавыя вынікі арганізацый, а таксама спрасціць іх бухгалтарскі ўлік.
Яшчэ адзін чаканы вынік ад змены — мінімізаваць рызыкі назапашвання курсавых розніц і пагаршэння фінансавых паказчыкаў арганізацый да канца 2025 года. Праз нюансы з улікам курсавых розніц, якія спісваліся са спазненнем, у некаторых арганізацый назапашваліся схаваныя страты.