24 жніўня 1991 года здарылася, без перабольшання, гістарычная падзея: дэпутатка парламента Галіна Сямдзянава занесла ў будынак Вярхоўнага Савета нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, якому неўзабаве было наканавана стаць дзяржаўным. На наступны ж дзень яна прагнала з трыбуны кіраўніка БССР Анатоля Малафеева. Гэта стала адным з ключавых момантаў, якія прывялі да абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Адстойвала Галіна і суверэнітэт іншых савецкіх рэспублік. Расказваем гісторыю гэтай выбітнай жанчыны, якая магла б стаць міністрам абароны Беларусі.
Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая гісторыя нібыта пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету».
Насамрэч Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям'і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы расказваем пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.
Украінка з Польшчы, якая жыла ў Расіі
На першы погляд Сямдзянава была ідэальнай ураджэнкай СССР. Яна нарадзілася ў 1947 годзе ў Польшчы ў сям'і ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны, рускага і ўкраінкі — марскога афіцэра і старшай аперацыйнай сястры вайсковага шпіталя (пасля вызвалення Польшчы савецкія войскі засталіся на яе тэрыторыі). У пашпарце ў Галіны стаяла нацыянальнасць «украінка», але роднай мовай яна лічыла рускую, асноўную мову СССР.
«Шмат пераязджалі: Берлін, Ліепая, Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург. — Заўв. рэд.), Астрахань, Батумі, Кіеў. Выхоўваў мяне айчым, Якаў Іванавіч [Казлоў], вайсковы лётчык. Падчас вайны яго збілі, быў сур’ёзна паранены, хацелі нават камісаваць, але ён адляжаў у шпіталі, прайшоў медкамісію і зноў лётаў. Скончыў службу камандзірам дывізіі, генерал-маёрам. <…> Для мяне ён — узор годнасці, разважлівасці, дабрыні. Я ніколі не адчувала сябе няродным дзіцем. Ён мяне любіў, а самае галоўнае, што вельмі падабалася, паважаў. Бачыў ува мне асобу. У нас былі да канца яго дзён проста ўнікальныя адносіны. Гены, вядома, уплываюць на развіццё, але мае станоўчыя якасці выхаваныя перш за ўсё ім. Прычым айчым не чытаў мне занудных натацый, як трэба сябе паводзіць. Проста яго думкі, развагі, дзеянні вельмі моцна на мяне паўплывалі», — расказвала Сямдзянава.
«Бацькі аддавалі нам шмат часу: чыталі кнігі (услых яны прачыталі нам амаль усяго Жуля Верна), хадзілі з намі ў лес, на рыбалку, у кіно, тэатр, на выставы, экскурсіі і да т. п. Бацькі шмат чаму нас навучылі, што вельмі спатрэбілася ў жыцці. Умею практычна ўсё: шыць, вязаць, рамантаваць водаправодныя краны, фарбаваць, пілаваць, і г. д. Не магу толькі шыць абутак», — дадавала яна ў тым самым інтэрв'ю.
Змяніўшы праз пераезды 18 школ і атрымаўшы залаты медаль, Галіна паступіла ў Куйбышаўскі політэхнічны инстутут (за савецкім часам Куйбышавам называўся расійскі горад Самара), дзе атрымала спецыяльнасць інжынера-хіміка. Рыхтавала дысертацыю па пытаннях выбуховых рэчываў, але не змагла яе абараніць праз сямейныя абставіны. Працавала ў абароннай прамысловасці на інжынерных пасадах. Выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў. Яе муж служыў у войску, таму яна часта пераязджала з ім па ўсім Савецкім Саюзе.
У студзені 1983-га Галіна перабралася з расійскай Пярмі ў Навагрудак. Чаму ў Беларусь? «Я калісьці з бацькамі ў шасцідзясятыя гады жыла ў Баранавічах. Памятаю, акурат у гэты час у космас паляцеў Гагарын, і мы бегалі, крычалі „Ура!“. Мне давялося пабываць у многіх месцах, але нідзе не было так камфортна, нідзе не адчувала, што дома. Дзіўна, але нават ва Украіне, дзе часта бывала ў дзядулі з бабуляй, такога пачуцця не было. Люблю бываць ва Украіне, але мой дом тут», — тлумачыла яна ў інтэрв'ю.
У Навагрудку Галіна спачатку працавала на заводзе металавырабаў інжынерам-стандартызатарам, потым аграхімікам у мясцовай сельгасхіміі (канторы па размеркаванні ўгнаенняў па калгасах), узначальвала там партарганізацыю. Потым стала інспектарам камітэта народнага кантролю, а пазней узначаліла яго навагрудскае аддзяленне. «Чытача не павінен уводзіць у зман назоў установы — ні да народу, ні да кантролю такія камітэты не мелі ніякага дачынення, гэта былі цалкам падпарадкаваныя райкамам структуры для пакарання дробнага начальства за дробныя парушэнні», — пісаў у сваёй кнізе калега Сямдзянавай па парламенце Сяргей Навумчык.
У сярэдзіне 1980-х СССР аказаўся ў стане глыбокага крызісу. Міхаіл Гарбачоў, які прыйшоў да ўлады, абвясціў пра курс на перабудову, спрабуючы выратаваць імперыю. Адным з аспектаў яго палітыкі была дэмакратызацыя грамадскага жыцця. У 1989-м прайшлі выбары ў саюзны парламент, на наступны год яны былі запланаваныя і ў саюзных рэспубліках, у тым ліку ў Беларусі.
«Па жыцці я чалавек прынцыповы, а тыя, хто мяне ведае, дадаюць „яшчэ і сумленны“. У часы татальнага дэфіцыту я часта правярала крамы, базы і гэтак далей, але ніколі, нідзе, нічога не брала, нават калі нешта было вельмі патрэбнае. Пра гэта ў Наваградку ўсе ведалі, таму, калі пачаліся выбары, мяне вылучылі ад райкама прафсаюза дзяржустановаў. Гаркам партыі тут жа вылучыў, мне як бы ў піку, вельмі моцную альтэрнатыву — дзіцячага доктара, загадчыка аддзялення. Усяго зарэгістравалі восем кандыдатаў у дэпутаты. Першапачаткова пытанне нават ставілася так, каб мяне наогул не рэгістраваць, але работнікі аўтапарка сабралі сход і прапанавалі маю кандыдатуру ад свайго працоўнага калектыву. Не зарэгістраваць у такой сітуацыі стала наогул немагчыма. Вядома, палкі ў колы ставіліся, але істотна перашкодзіць яны ўжо не маглі», — расказвала Галіна пра тыя выбары.

У першым туры перамог доктар, загадчык аддзялення. Сямдзянава была на другім месцы, адстаўшы на 200 галасоў. Але ў другім туры яна перамагла і стала дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання.
Украінка, якая нарадзілася ў Польшчы, большую частку жыцця пражыла ў Расіі і не ведала беларускай мовы — Сямдзянава менш за ўсё была падобная да будучай прадстаўніцы апазіцыі. Як жа гэта адбылося?
З наменклатурнай пасады — у апазіцыю
«Я была сярод тых, каго не задавальняла пазіцыя нашай большасці, нягледзячы на тое, што я была сябрам КПСС і смяротна баялася БНФ», — тлумачыла яна. Гаворка пра Беларускі народны фронт, найбуйнейшы апазіцыйны рух, чыім лідарам быў Зянон Пазняк.
Тым не менш вясной 1990 года Сямдзянава сама прыйшла на паседжанне абраных дэпутатаў ад БНФ — хацела паглядзець, што ўяўляюць з сябе гэтыя «нефармалы» і «экстрэмісты». «Першае паседжанне, як памятаю, яна сядзела моўчкі — назірала. Потым пачала падаваць рэплікі. А ўжо ў сярэдзіне чэрвеня падпісала і заяву аб стварэнні дэпутацкай фракцыі БНФ, а ў ліпені — Апазіцыі БНФ. Пазней у інтэрв'ю наваградскай газеце яна скажа выбаршчыкам, што па-іншаму паглядзець на свет яе прымусілі „Архіпелаг ГУЛаг“ Салжаніцына і дзейнасць Беларускага Народнага Фронту», — пісаў Навумчык.
«Праз месяц [пасля пачатку працы парламента] я разумела, што БНФ — гэта не тое, што пра яго кажуць, а нашыя пазіцыі па ўсіх пытаннях супадаюць», — успамінала Сямдзянава. Пачалася яе сумесная праца з прадстаўнікамі апазіцыйнай фракцыі.
«Намі распрацоўваліся праекты законаў, працавалі мы і падчас парламенцкіх канікул, наш працоўны дзень быў па 10−16 гадзін. Мы актыўна сустракаліся з выбаршчыкамі, не толькі са сваімі, але і выбаршчыкамі іншых рэгіёнаў Беларусі. Мы адстойвалі свае пазіцыі ў зале паседжанняў, на мітынгах, нават у судзе», — з задавальненнем расказвала пра свой досвед Галіна.
«Кожны дэпутат апазіцыі — асоба, са сваімі інтарэсамі, вартасцямі і недахопамі, — працягвала яна. — Так атрымалася, што 2−5 чалавек заўсёды добраахвотна займаліся распрацоўкай таго ці іншага законапраекта, потым гэта абмяркоўвалася ў фракцыі, уносіліся карэктывы, і потым мы ўсе адстойвалі сваю пазіцыю ў ВС. Лідар апазіцыі — 3янон Пазняк — быў больш дасведчаным у палітычнай барацьбе, чым мы. Я асабіста вельмі яму ўдзячная, шмат чаму ў яго навучылася. Праўда, у адрозненне ад нас, ён працаваў 20 гадзін на суткі. Рашэнні ў апазіцыі (апазіцыйнай фракцыі. — Заўв. рэд) прымаліся калегіяльна, мы таму і былі ў апазіцыі, што ўмелі адстойваць свой пункт гледжання. Па некаторых пытаннях у апазіцыі ішлі гарачыя спрэчкі, але ў выніку прымаліся рашэнні, якія задавальнялі ўсіх нас, і мы потым дружна адстойвалі свой калектыўны пункт гледжання».
Была супраць захавання СССР і падтрымлівала краіны Балтыі
У 1991-м рэспублікі, што імкнуліся да незалежнасці, сутыкнуліся з новым выклікам. Спрабуючы выратаваць Саюз, Міхаіл Гарбачоў абвясціў рэферэндум. На галасаванне вынеслі наступнае пытанне: «Ці лічыце вы неабходным захаванне СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры забяспечвацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці?» з варыянтамі адказаў «так» ці «не».
БНФ выступаў супраць гэтага рэферэндуму і за незалежнасць Беларусі. Але праблемы былі і з самой фармулёўкай. З аднаго боку, адказываючы «так», грамадзяне галасавалі за захаванне СССР, з іншага — за абнаўленне фармату дзяржавы. Якім чынам гэта абнаўленне мусіла адбывацца, з пытання было абсалютна незразумела (новай саюзнай дамовы не публікавалі ў СМІ). Акрамя таго, адказ «не» мог мець на ўвазе і адкіданне другой часткі пытання, у якой прапаноўвалася «забяспечваць правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці».
Сямдзянава была катэгарычна супраць рэферэндуму. Як адзначаў гісторык Аляксандр Кур’яновіч, «асабліва небяспечным для Беларусі яна лічыла само існаванне СССР як нацыянальна-дзяржаўнага арганізма, называла яго спрутам, прыводзіла ў прыклад Фінляндыю, якая вырвалася з савецкіх абдымкаў і стварыла годнае жыццё». Такім чынам, Галіна выступала за незалежнасць усіх рэспублік тагачаснага СССР.
У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года савецкія вайскоўцы і спецслужбы штурмавалі ў Вільнюсе тэлевізійную вежу і будынак Літоўскага радыё і тэлебачання — да гэтага Літва абвясціла незалежнасць. Загінулі 13 чалавек (яшчэ двое памерлі пазней), больш за 500 былі параненыя. Але савецкія ўлады адмаўлялі гэтыя факты. 17 студзеня прадстаўнік Мінабароны СССР заявіў, што смерць цывільных — хлусня.
Беларусы лічылі інакш. Сяргей Навумчык, які ў тыя дні прыехаў у Літву, выступіў на паседжанні Сейма гэтай краіны і зачытаў зварот 82 беларускіх дэпутатаў у яе падтрымку. Навумчык перадаў нашай рэдакцыі фатаграфію першай старонкі таго звароту, скіраванага ў ААН і Міхаілу Гарбачову. Адной з першых (пад нумарам шэсць) яго падпісала Галіна Сямдзянава.

29 студзеня 1991 года падчас абмеркавання пытання пра рэферэндум у беларускім парламенце дыскусіі зрабіліся такімі гарачымі, што Сямдзянава адмовілася пакідаць трыбуну. Тады кіраўніцтва парламента прапанавала звярнуцца да выбаршчыкаў Галіны і асудзіць яе дзеянні. Але гэтая прапанова не набрала неабходнай колькасці галасоў. Аднак трансляцыя паседжання на радыё была спыненая на 10 хвілін.
Занесла БЧБ-сцяг і прагнала з трыбуны кіраўніка БССР
«Галіна была шчырай, не хавала сваіх перакананняў, не стрымлівала сябе ў ацэнках і магла пайсці на тое, што ў палітыцы называецца „прамое дзеянне“ і адбываецца вельмі рэдка, у экстрэмальных абставінах. Але менавіта такія дзеянні мяняюць абставіны, а часам і хаду гісторыі», — пісаў Сяргей Навумчык. Некалькі такіх выпадкаў адбылося ў 1991 годзе.
Рэферэндум, пра які мы пісалі вышэй, фармальна завяршыўся перамогай прыхільнікаў СССР. Тады Гарбачоў фарсіраваў падпісанне новай саюзнай дамовы паміж Масквой і рэспублікамі, эліты якіх імкнуліся да незалежнасці. Каб перашкодзіць гэтаму, група высокапастаўленых чыноўнікаў-кансерватараў паспрабавала ў жніўні 1991 года здзейсніць дзяржаўны пераварот (вядомы як жнівеньскі путч).
Яшчэ ў самым пачатку путчу БНФ і іншыя дэмакратычна настроеныя дэпутаты паспрабавалі склікаць Вярхоўны Савет Беларусі на пазачарговую сесію. Заяву з рэзкім асуджэннем путчыстаў падпісалі адзінкі — сярод іх была і Сямдзянава.
Дарэчы, спробу перавароту яна сустрэла ў Крыме, у Алушце, дзе жыла яе сястра. Проста на пляжы Галіна штудыявала беларускую мову, якой да гэтага ніколі не вучыла. «Рабіла гэта вельмі проста. Брала слоўнік, чытала ўсё запар, а потым з сястрой размаўляла па-беларуску. Праверыць яна, вядома, не магла. З тымі, хто мовы не ведае, заўсёды прасцей, іх не саромеешся», — успамінала Галіна.
Аднак камуністычная большасць у парламенце нічога не зрабіла і чакала развязкі падзей. Сесія Вярхоўнага Савета была скліканая толькі 24 жніўня, калі путчысты ўжо прайгралі. У той дзень Сямдзянава прынесла ў Авальную залу нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і падняла яго на трыбуну, замацаваўшы побач з афіцыйным (ёй дапамагаў дэпутат Валянцін Голубеў). Спікер Мікалай Дземянцей дабіўся таго, каб сцяг з прэзідыума прыбралі, але дэпутаты паставілі яго ў адным з сектароў, і ён заставаўся ў зале ўсю сесію — пакуль не быў зацверджаны як дзяржаўны 19 верасня.

У той дзень, 24 жніўня, дэпутаты БНФ вынеслі на парадак дня цэлы шэраг законапраектаў, якія яны загадзя падрыхтавалі. Да разгляду было прапанаванае пытанне ацэнкі дзейнасці найвышэйшых службовых асобаў БССР падчас путчу, а таксама пастанова пра роспуск кампартыі. Апошняе даручылі напісаць Сямдянавай. «Памятаю, што, калі яго прачытаў [дэпутат Лявон] Баршчэўскі, то закрычаў: „Братцы, Галіна напісала па-беларуску“. З таго часу я пачала выступаць толькі па-беларуску», — успамінала яна.
Але галоўнай задачай было наданне Дэкларацыі пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі статусу канстытуцыйнага закона. Гэты дакумент быў прыняты яшчэ больш за год таму, 27 ліпеня 1990-га, але фактычна заставаўся на паперы. У БССР працягвалі дзейнічаць старыя савецкія законы, якія часцяком супярэчылі дэкларацыі. Большасці прапановаў дэмакратаў у першы дзень не прынялі. Але позна ўвечары стала вядома, што Вярхоўны Савет суседняй Украінскай ССР абвясціў незалежнасць краіны.
На наступны дзень, 25 жніўня, дэпутаты зноў сабраліся на сесію. Яе кульмінацыяй і, магчыма, момантам, які вызначыў ход гісторыі, стаў выхад да трыбуны першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Анатоля Малафеева — фактычнага кіраўніка БССР.
Наступныя чатыры гады Сямдзянава заставалася дэпутатам у апазіцыйнай фракцыі БНФ.
«Галіна Сямдзянава (без перабольшаньня скажу) была своеасаблівай зоркай нашай Апазіцыі. <…> Што цікава, у зале сесіі ці не самым дакладным (у сэнсе выканання тактыкі) і дысцыплінаваным рыцарам была якраз Галіна. Яна заўсёды выконвала тое, пра што дамовіліся, усялякія змены ці новыя павароты тут жа ўзгадняла, выдатна бачыла залю і адчувала яе настрой, тут жа (праз запіску ці іншым спосабам) інфармавала старшыню Апазіцыі. Увогуле, яна добра разумела стыхійную сутнасць таго Вярхоўнага Савета і псіхалогію наменклатуры, умела міла перакінуцца свецкімі слоўцамі з якімі-небудзь „товарищами“ і шмат даведацца, бо была проста разумнейшай за іх», — пісаў пра яе Зянон Пазняк.
Вось некаторыя прыклады яе дзеянняў. У пачатку верасня 1991 года апазіцыя БНФ вынесла на чарговую сесію Вярхоўнага Савета 16 законапраектаў. «Калі тэксты перадаваліся ў сакратарыят ВС на раздрукоўку, нехта з дэпутатаў павінен быў завізаваць іх сваім подпісам, гэта была простая фармальнасць, але тое, што пад прапановамі на вераснёўскую 1991 году сесію аб стварэнні ўласнага войска і аб прыняцці бел-чырвона-белага сцяга і герба „Пагоня“ ў якасці дзяржаўных сімвалаў стаіць подпіс менавіта Галіны Сямдзянавай, якая ўнесла ў Авальную залю нацыянальны сцяг, сёння мне бачыцца сімвалічным», — адзначаў Сяргей Навумчык.
Пытанні стварэння ўласнага войска былі ў прыярытэце ў дэпутатаў БНФ, у тым ліку і ў Сямдзянавай: дачка і жонка афіцэраў, працаўніца абаронпраму — з вайсковай сферай яна была звязаная большую частку жыцця. Пасля распаду СССР адзіная армія знікла не адразу: апошні міністр абароны Яўген Шапашнікаў прапанаваў стварыць замест яе Аб’яднаныя ўзброеныя сілы (АУС) садружнасці. Цягам пяці наступных гадоў меркавалася захаваць пад адзіным камандаваннем агульныя структуры. Незалежныя дзяржавы не мусілі ствараць свае ўласныя ўзброеныя сілы. Толькі ў красавіку 1992-га Мінск і Масква дамовіліся, што ўзброеныя сілы, якія дыслакуюцца ў Беларусі, пераходзяць у падпарадкаванне нашага Міністэрства абароны (адпаведная пастанова выйшла толькі ў траўні). Праўда, прысягаць незалежнай краіне ніхто не спяшаўся. Пры гэтым тры дывізіі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння засталіся пад кантролем АУС (чытай — Масквы).
У выніку навабранцы прысягалі на адданасць Беларусі, афіцэры заставаліся вернымі савецкай прысязе. Арганізоўваць агульную прысягу ўлады не спяшаліся. Тады апазіцыя вырашыла дзейнічаць у адказ. 8 верасня ў Мінску на плошчы Незалежнасці прысягу на адданасць Беларусі і беларускаму народу прынеслі актывісты БНФ і Беларускага аб’яднання вайскоўцаў. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзяла ўдзел і Сямдзянава. Улады абурыліся, актывістаў БАВ неўзабаве звольнілі з узброеных сіл. Але ў апошнія дні 1992 года беларускае войска нарэшце прысягнула на адданасць сваёй краіне.
А яшчэ менавіта Галіна ў кастрычніку 1992 года ўзначаліла грамадскі камітэт «Вяртанне», які займаўся вяртаннем на радзіму беларускіх вайскоўцаў, што апынуліся пасля развалу Саюза ў іншых краінах. Дзякуючы ёй у Беларусь вярнуліся 749 афіцэраў і 184 прапаршчыкі. Многія з іх захавалі тым самым сваё здароўе і жыццё — застаўшыся, напрыклад, у Расіі, яны трапілі б у мясарубку чачэнскай вайны.
У выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Пазняк бачыў Сямдзянаву на пасадзе міністра абароны. Гэтага не здарылася: у 1994-м да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка.
Намесніца кіраўніка БНФ, родным якой спачуваў Лукашэнка
У 1995-м гэты палітык прызначыў на адзін дзень парламенцкія выбары ў Вярхоўны Савет новага, XIII склікання, а таксама рэферэндум пра змену дзяржаўнай сімволікі. Абодва галасаванні былі сфальсіфікаваныя ўладамі. Як пісаў Аляксандр Фядута, «яўка на рэферэндум цудоўным чынам супала з няяўкай на выбары, хоць галасаваў адзін і той жа электарат. У 141 акрузе з 260 выбары не адбыліся праз няяўку больш чым паловы выбаршчыкаў. Але рэферэндум адбыўся і там».
Сямдзянава, з яе словаў, не ўдзельнічала ў тых выбарах. Аднак парламент не быў абраны, таму ў лістападзе-снежні 1995 года прайшлі давыбары. Галіна балатавалася ў Першамайскім раёне Мінска, але прадказальна не прайшла: у той Вярхоўны Савет улады не пусцілі ніводнага прадстаўніка БНФ.
Аднак з палітыкі Сямдзянава не сышла. У 1996−1997 гадах яна працавала ў Сакратарыяце Вярхоўнага Савета XIII склікання, куды раней не трапіла як дэпутат — прычым засталася ў яго складзе і тады, калі Лукашэнка ажыццявіў дзяржаўны пераварот і распусціў парламент. Пасля гэтага ВС нейкі час працягваў сваю дзейнасць. У 2001-м Галіна старшынявала на паседжаннях Кансультацыйнага савета апазіцыйных палітычных партый.
На той час Беларускі народны фронт раскалоўся. Зянон Пазняк, які эміграваў з краіны, стварыў сваю «Кансерватыўна-хрысціянскую партыю — БНФ». Апаненты гэтага рашэння не прызналі і, сабраўшыся асобна, абралі лідарам былога намесніка старшыні БНФ, лінгвіста Вінцука Вячорку (гэта бацька Франка Вячоркі, дарадцы Святланы Ціханоўскай). Найбольш яркія палітыкі — фізік Юрый Хадыка, гісторык Валянцін Голубеў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, журналіст Віктар Івашкевіч — выбралі партыю Вячоркі. З імі ж засталася і Сямдзянава, якая ў 2002−2006 гадах была намесніцай кіраўніка БНФ, потым сябрам яго Рэвізійнай камісіі. Ад гэтай арганізацыі яна ў 2008-м вылучалася ў склад Цэнтрвыбаркама, праз два гады — у Мінскую гарадскую камісію па выбарах прэзідэнта (у абодвух выпадках яе туды ўключылі). Перашкодзіць фальсіфікацыям Галіна прадказальна не змагла. Напрыклад, у 2008-м яе і іншых прадстаўнікоў палітычных партый папярэдзілі пра важныя паседжанні толькі напярэдадні. А калі гаворка ішла пра разгляд скаргаў, іх не знаёмілі ні з распарадкам дня, ні з разгляданымі дакументамі. Пры ЦВК дзейнічалі куратары — прадстаўнікі афіцыйнага парламента — з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, хоць у заканадаўстве не прадугледжвалася іх наяўнасць.
У 2008-м паміж Расіяй і Грузіяй адбылася кароткатэрміновая вайна, падчас якой войскі РФ 11 жніўня ўвайшлі на тэрыторыю паўднёвай суседкі. Лукашэнка гэтага спалохаўся. Ужо на наступны дзень ён выклікаў да сябе міністра замежных справаў Сяргея Мартынава і заявіў пра намер палепшыць адносіны з краінамі Еўрапейскага саюза і ЗША. Словы не разышліся са справай. Палітык памілаваў некалькіх палітвязняў, а незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі так і не прызнаў, хоць на гэтым настойвала Расія.
У асяроддзі апазіцыі ўзнікла пытанне, як да гэтага ставіцца. Сямдзянава была катэгарычная. «Калі зараз пачынаюцца тлумачэнні, што трэба ісці на паразуменні з рэжымам, што трэба спрыяць яму, каб Беларусь не была ізгоем у Еўропе, — мне гэта баліць, бо я разумею, што такім чынам мы будзем спрыяць замацаванню гэтага рэжыму на доўгі час. Крыўдна, што некаторыя сябры Фронту, якія ўжо даўно ў Фронце, дагэтуль не разумеюць гэтай небяспекі. І гэтая нашая памяркоўнасць, яна можа да дабра не давесці. Трэба ўсё ж быць больш рашучымі і адстойваць тое, за што мы змагаліся шмат гадоў», — заявіла яна ў 2009-м у інтэрв'ю.
Той год БНФ пачынаў з Лявонам Баршчэўскім на пасадзе лідара, даўнім паплечнікам Сямдзянавай па парламенце. Аднак акурат у 2009-м на чарговым з’ездзе новым кіраўніком фронту стаў Аляксей Янукевіч, прадстаўнік ужо іншага пакалення.
Іх погляды на будучыню не супалі. У лютым 2011 года 86 чалавек (у тым ліку Баршчэўскі, Хадыка і Сямдзянава) абвясцілі пра свой выхад з партыі БНФ. «Досвед партыйнага жыцця пасля з’езду 2009 года і асабліва вынікі апошняй прэзідэнцкай кампаніі канчаткова пераканалі нас, што палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адказвае выклікам сучаснасці, супярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, свабоды, маральнасці і прынцыповасці, з якім атаясамліваецца Беларускі народны фронт з дня яго заснавання», — гаварылася ў падпісанай імі заяве.
На той час Сямдзянава ўжо цяжка хварэла. Памерла яна 18 верасня 2011 года. Ёй было ўсяго 64 гады. Паводле словаў сястры, гэта адбылося праз хваробу, выкліканую перш за ўсё Чарнобылем.
«Штодзённае нервовае напружанне не прайшло бясследна — у 41 год пайшоў з жыцця Ігар Гермянчук, у 50 — Ігар Пырх, заўчасна пайшлі Генадзь Грушавы, Барыс Гюнтэр, Яўген Цумараў, Галіна Сямдзянава. Дыягназ амаль ва ўсіх — рак. Магчыма, гэта звязана і з Чарнобылем (мы шмат ездзілі ў забруджаныя раёны), але я ўсё ж звязваю гэтыя заўчасныя смерці з няспынным, на некалькі гадоў, стрэсам», — пісаў Сяргей Навумчык пра сваіх калег па апазіцыі БНФ.
Нягледзячы на статус апазіцыянеркі, Сямдзянаву пры спрыянні сталічнага гарсавета пахавалі на ганаровай алеі Паўночных могілак у Мінску. На цырымонію прыйшоў і віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў. «У якой іншай краіне тое было б нормай, але не ў Беларусі, бо тут самая нявінная сімпатыя чыноўніка да апазіцыі будзе імгненна каштаваць яму кар’еры», — пракаментаваў гэты факт Навумчык. Візіт чыноўніка тлумачыўся проста: той, як расказалі Навумчыку, прыйшоў, каб перадаць сям'і спачуванні ад Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, публічна гэтыя словы так нідзе і не былі вымаўленыя ці надрукаваныя.
«Над сталом міністра абароны нейтральнай і бяз’ядравай, дэмакратычнай Беларусі (некалі на гэтую пасаду абавязкова прыйдзе жанчына) павінен вісець партрэт Галіны Сямдзянавай», — адзначаў пісьменнік Уладзімір Арлоў. З гэтымі словамі цяжка не пагадзіцца.
Чытайце таксама