У снежні 2024 года ў нашым і расійскім пракаце стартаваў фільм «Чорны замак», зняты паводле рамана Уладзіміра Караткевіча. Карціны «Беларусьфільма» традыцыйна выклікаюць іранічныя ўсмешкі і скепсіс, але гэтым разам атрымалася зняць годную карціну, якую не сорамна рэкамендаваць да прагляду. Нашая рэдакцыя атрымала ў сваё распараджэнне фільм, які працягвае ісці ў беларускіх кінатэатрах, і расказвае пра ўражанні.
Версіі Караткевіча, Пташука — і Шпрыгава
У аснове фільма, знятага ў партнёрстве з расійскімі кампаніямі, — раман «Чорны замак Альшанскі». Гэта адзін з апошніх буйных твораў класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, скончаны ім у 1979-м, за пяць гадоў да смерці. Беларусам ён вядомы сваёй экранізацыяй, зробленай, што рэдка бывае, па гарачых слядах. У 1983-м гэты дэтэктыўны раман выйшаў асобнай кнігай, а ўжо ў наступным годзе на экранах з’явіўся аднайменны фільм Міхаіла Пташука — зрэшты, не самы ўдалы. «Замак» застаецца запатрабаваным і ў нашыя дні. З нядаўняга часу кнігу Караткевіча праходзяць у школе — яна замяніла іншы раман класіка, «Каласы пад сярпом тваім», які стаў непажаданы для ўлады.
Іх логіка зразумелая: раман апалітычны, адна з сюжэтных ліній прысвечаная падзеям Другой сусветнай, а ў якасці станоўчых персанажаў — супрацоўнікі беларускай міліцыі. Здавалася б, гэтыя абставіны — ідэальны шанец зняць фільм у патрэбным для ўладаў ракурсе (успомнім актыўнае раскручванне крымінальнай справы пра генацыд і г. д.). Ды і Міхаіл Пташук надаў Другой сусветнай павышаную ўвагу — чаму б не прытрымлівацца традыцыі?
Але не: расійскі сцэнарыст Глеб Шпрыгаў прыкметна спрасціў сюжэт і звёў некалькі караткевічаўскіх часавых пластоў да двух. Гэта сучаснасць, у якой у рукі навукоўца Антона Косміча трапляе старадаўняе Евангелле з пасланнем, што вядзе да зніклай казны і каштоўнасцяў, скрадзеных у XVII стагоддзі князем Альшанскім. А таксама падзеі таго часу — галоўны герой перыядычна правальваецца ў мінулае, бачачы тое, што дзеецца з князем, на свае вочы.
Вайны сярод гэтых пластоў няма: у фільме ёй прысвечаная ўсяго адна сцэна, знятая абсалютна карэктна, героі крымінальнага вышуку — далёка не рухавікі сюжэту. Нават больш: у рамане няма ніякай ідэалогіі — нонсэнс для сучаснай прадукцыі «Беларусьфільма» (сцэну падчас здушэння паўстання — гаворка пра гістарычную сюжэтную лінію — можна аднесці да яе з вялікімі нацяжкамі, хутчэй яна адлюстроўвае рэаліі таго часу).

У фільме Косміч ператварыўся ў маладога прафесара (у рэальнасці гэтае званне атрымліваюць у нашмат больш сталым узросце), неабыякавага да жаночага полу. У рамане герой жыве ў звычайнай пяціпавярхоўцы без ліфта. У фільме ў яго і яго сябра Мар’яна Пташынскага (менавіта ў рукі апошняга спачатку трапляе тое самае Евангелле) багатая антыкварная крама ў цэнтры сталіцы, у Антона дарагая машына і жыллё ў цэнтры горада (усе гэтыя эпізоды здымаліся ў Мінску) і г. д. Ужо на гэтых прыкладах зразумела: такія змены скіраваныя на тое, каб зрабіць герояў сучаснымі, а дзеянне — дынамічным. І ў стваральнікаў карціны атрымліваецца. Ды і зняты фільм «па матывах рамана», гэта не даслоўная экранізацыя, што адкідае якія-кольвек прэтэнзіі да змены сюжэту.
Індыяна Джонс з Беларусі ці Расіі?
Фармат карціны — прыгоды а-ля Індыяна Джонс. Здымаў яе расіянін Кірыл Кузін. Да гэтага ён выпускаў поўнаметражныя камедыі «Самый лучший фильм» и «Самый лучший фильм 3-ДЭ», «Залетчики», «Война полов» (іх рэйтынг на «Кинопоиске» вар’юецца ад 1,4 да 3,1 бала з 10), некалькі камедыйных серыялаў, а таксама серыял і фільм у жанры фэнтэзі «Сергей против нечисти». Пагадзіцеся, не самы прадстаўнічы спіс. Таму нейкіх прарыўных ідэй ад «Чорнага замка» чакаць не варта. Не будзе тут і дэталёвага аднаўлення атмасферы мінулага з увагай да дэталяў.
Тым не менш імшы Кузін не сапсаваў. Галоўны герой (у карціне яго ролю выконвае актор Яўген Шварц) разам з сяброўкай — студэнткай Стасяй (Вераніка Усцімава), млявая закаханасць якой застаецца платанічнай, правальваюцца ў падзямеллі, ідуць падземнымі хадамі, ухіляюцца ад стрэлаў кілера і расшыфроўваюць таямнічыя запісы. Мінімум спецэфектаў, затое дынамічна, прафесійна і з сімпатыяй да Беларусі — кадры прыроды і помнікаў архітэктуры радуюць вока.
Чаму з сімпатыяй, а не з любоўю? «Чорны замак» — айчынны фільм, які ствараўся на нацыянальнай кінастудыі, у беларускіх інтэр'ерах (здымкі праходзілі ў Лідскім і Мірскім замках, у Полацку, Глыбокім, Гродне). Аднак нашых актораў можна з цяжкасцю знайсці хіба што ў эпізодах і масоўцы. Ва ўсіх сур’ёзных ролях — прыезджыя расіяне (Яўген Стычкін, Віктар Вяржбіцкі), па той бок камеры — таксама людзі з гэтай краіны. Калі разумееш гэта, чарговым разам становіцца неймаверна крыўдна за сваіх — як тых, хто з’ехаў, так і тых, хто застаўся.
Кіно было, ёсць і будзе надзейным і самым хуткім спосабам заваяваць глядацкія сэрцы. Святлана Зелянкоўская, якая стала айчыннай зоркай пасля досыць сярэдняй карціны «Анастасія Слуцкая», не дасць схлусіць. Папулярнай яе зрабіў менавіта гэты фільм, а зусім не нашмат больш цікавыя і складаныя ролі ў Купалаўскім тэатры. «Чорны замак» мог без асаблівых праблем раскруціць беларускія імёны, прымусіць суайчыннікаў хадзіць на сваіх і захапляцца імі, але прадказальна не зрабіў гэтага.
На рускай мове, але з міністрам культуры
Зрэшты, чаму здзіўляцца. Напрыклад, у прапагандысцкім фільме 2023 года «На іншым беразе» сярод беларусаў у галоўных ролях аказаўся толькі цяперашні міністр культуры Руслан Чарнецкі (ён засвяціўся і ў «Чорным замку»). З вялікіх карцін «Беларусьфільма» апошняга часу нашыя суайчыннікі гралі галоўныя ролі толькі ў «Купалу» і «Авантурах Пранціша Вырвіча» — паводле невыпадковага супадзення, абедзве гэтыя карціны 2019 года даўно і трывала ляжаць на паліцы. Так што беларускае кіно чарговым разам здымаецца без беларусаў.
Тая самая сітуацыя з роднай мовай. У краіне каля дзевяці мільёнаў жыхароў, але беларуская гучыць у «Чорным замку» лічаную колькасць разоў (напрыклад, калі героі спяваюць нацыянальныя песні). Атрымліваецца вяртанне да савецкай традыцыі, калі для нацыянальных моваў існавала рэзервацыя — народная культура. Для ўсіх астатніх сфер заставалася руская.
У «Чорным замку» ёсць і іншыя спрэчныя моманты. Раскрываць іх — спойлерыць сюжэт, і рабіць гэтага мы не будзем. Адзначым толькі, што містычна-вампірскі эпізод у фінале выглядае не вельмі пераканаўча. Але кардынальна ўспрымання карціны яны не мяняюць.
«Чорны замак» наўрад ці трапіць у энцыклапедыю беларускага кіно ці спіс 50 найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю. Але глабальна за яго не сорамна і — трымаючы ў галаве мінусы, пра якія мы казалі вышэй — яго можна рэкамендаваць да прагляду.
Для адных гледачоў, якія ведаюць пра планы «Беларусьфільма» зняць кіно пра ўварванне Расіі ва Украіну, гэта апалітычна-забаўляльны «прамень святла ў цёмным царстве». Для іншых — магчымасць адключыцца ад сучасных рэалій. Для трэціх (у першую чаргу гаворка пра падлеткаў), якія сутыкаюцца з засіллем расійскай павесткі на тэлеэкранах, гэта нечаканая магчымасць убачыць Беларусь у кіно і зацікавіцца сваёй гісторыяй. Не найгоршы варыянт у цяперашнія няпростыя часы.
Чытайце таксама