Беларускія пакерысты Аліна Палягошка і Андрэй Пятрушчанка занялі другое і трэцяе месцы ў турніры па покеры $ 2,500 Mini Main Event у рамках прэстыжнай серыі 2024 WSOP Paradise, якая праходзіць цяпер на Багамах, піша выданне «Беларусь и мир».
У турніры, які доўжыўся тры дні, быў зарэгістраваны 2031 уваход, кожны з якіх прынёс у агульную скарбонку 2500 даляраў. Выніковы прызавы фонд атрымаўся роўным 5 077 500 даляраў.
Праз нейкі дзіўны збег абставінаў, калі за фінальным сталом засталося трое гульцоў, двума з іх аказаліся беларуска і беларус, прычым, як пішуць покерныя сайты, якія яшчэ і пара.
Андрэй Пятрушчанка на той момант меў сур’ёзную перавагу ў фішках, але літаральна за дзве раздачы страціў яе і заняў трэцяе месца, аддаўшы ўсе назапашванні Джэфры Хакіму з ЗША.
А праз некалькі картачных раздачаў амерыканец узяў верх і над Алінай Палягошка, якая засталася з ім сам-насам і моцна саступала яму па фішках.
Другое і трэцяе месцы ў турніры прынеслі беларусцы і беларусу 445 400 даляраў і 344 000 даляраў адпаведна. Пераможца ж атрымаў 575 050 даляраў і бранзалет WSOP.