26-гадовы шведскі форвард Віктар Д’ёкерэш забівае вельмі шмат і за партугальскі «Спортынг», і за нацыянальную зборную. 19 лістапада ў Лізе нацый ён адзначыўся покерам у паядынку супраць Азербайджана, а ў нядаўнім матчы Лігі чэмпіёнаў зрабіў хет-трык у гульні супраць «Манчэстэр Сіці». Расказваем пра бамбардзіра, якога неўзабаве можа купіць топ-клуб.
У апошнім матчы Лігі нацый шведы разграмілі Азербайджан — 6:0. Вядома, варта зрабіць зніжку на ўзровень суперніка, але чатыры галы — у любым выпадку значнае дасягненне. Д’ёкерэш вызначыўся на 26, 37, 58 і 70-й хвілінах. Паказальны трэці гол у яго выкананні. Пры ліку 4:0 Віктар рвануў прэсінгаваць абаронцу, забраў у яго мяч і забіў у вароты суперніка.
Шведы занялі першае месца ў сваёй групе ў Лізе С (трэці рангам дывізіён турніру) і пайшлі на павышэнне ў класе. Беларусы, дарэчы, фінішавалі трэцімі ў квартэце ў аналагічным па сіле дывізіёне і працягнуць у ім выступаць.
Але вернемся да Д’ёкерэша. Ён нарадзіўся 4 чэрвеня 1998 года ў Стакгольме. Віктар — выхаванец клуба «Бромапайкарна». У пачатку 2018 года швед перайшоў у англійскі «Брайтан». На новым месцы ён амаль не гуляў: футбаліста пачалі адпраўляць у арэнды. Такім чынам, Д’ёкерэш набіраўся досведу ў нямецкім «Санкт-Паўлі», а таксама англійскіх камандах «Суонсі» і «Ковентры». Менавіта «Ковентры», які выступаў у «Чэмпіёншыпе» (другі па сіле дывізіён чэмпіянату Англіі пасля Прэм’ер-лігі) і выкупіў правы на форварда летам 2021 года. Усяго ў гэтым клубе Віктар правёў 116 матчаў, забіўшы 43 галы і зрабіўшы 17 галявых перадач.
Улетку 2023 года Д’ёкерэша купіў партугальскі «Спортынг» за 24 мільёны еўра, паводле звестак партала Transfermarkt. Гэта быў рэкордны трансфер у гісторыі клуба.
На новым месцы Віктар пачаў феерыць. У 33 матчах чэмпіянату Партугаліі ў сезоне-2023/24 ён забіў 29 мячоў. 17 сакавіка ў матчы супраць «Баавішты» Д’ёкерэш бліснуў хет-трыкам. Таксама ў яго актыве былі дзевяць асістаў. Гэта прынесла шведу званне найлепшага бамбардзіра, а яго камандзе — перамогу ў чэмпіянаце. Акрамя таго, у Лізе Еўропы Віктар адзначыўся пяць разоў у дзевяці сустрэчах.
Цяперашні сезон форвард пачаў яшчэ больш вынікова. У 11 матчах чэмпіянату Партугаліі Д’ёкерэш забіў 16 галоў — у тым ліку быў покер у браму клуба «Эштрэла Амадора» і хет-трык у матчы супраць «Фарэнсэ». Адзначым, што «Спортынг» перамог ва ўсіх гульнях і апярэджвае «Порту» ў табліцы на шэсць ачкоў.
Цудоўна глядзяцца швед і яго каманда і ў Лізе чэмпіёнаў. «Спортынг» перамог французскі «Ліль» (2:0), разышоўся мірам з нідэрландскім ПСВ (1:1), быў мацнейшы за аўстрыйскі «Штурм» (2:0) і разграміў англійскі «Манчэстэр Сіці» — 4:1. У чатырох матчах на рахунку Віктара пяць галоў. Асобна стаіць хет-трык у гульні супраць «Сіці». Форвард двойчы адзначыўся з пенальці і рэалізаваў выхад адзін на адзін.
«Лілю» Д’ёкерэш забіў пераможны гол, разабраўшыся ў штрафной і дакладна прабіўшы з развароту, а ў паядынку супраць «Штурма» ўсталяваў канчатковы лік, праціснуўшы абаронцу на флангу і здзейсніўшы ўражлівае паскарэнне да брамы супернікаў. «Спортынг» займае другое месца ў табліцы асноўнага раўнда.
Сумарная статыстыка Віктара ў партугальскай камандзе ўражвае: 66 галоў і 19 выніковых перадач у 68 гульнях ва ўсіх турнірах!
У зборнай Швецыі Д’ёкерэш забіў 15 мячоў у 26 сустрэчах. У апошніх шасці матчах у Лізе нацый было дзевяць галоў. Пакуль Віктар не ўдзельнічаў у топ-турнірах у форме нацыянальнай каманды.
«Спортс» падлічыў, што сёлета швед ужо забіў 58 галоў. Для параўнання: у найлепшага бамбардзіра 2023 года Крышціяну Раналду было 54 мячы.
Натуральна, цяпер перыядычна з’яўляюцца навіны пра цікавасць да Віктара з боку клубаў з топавых еўрапейскіх ліг. Адзін з варыянтаў — «Манчэстэр Юнайтэд», куды ўжо адправіўся галоўны трэнер «Спортынга» Рубэн Аморым (цікава, што ў свой час Раналду перайшоў у «Юнайтэд» менавіта са «Спортынга»).
Сам Д’ёкерэш сказаў 16 лістапада, што збіраецца дагуляць сезон у Партугаліі, а там паглядзіць:
— У мяне няма асаблівых перавагаў [наконт новага клуба]. Паглядзім… Самае галоўнае — мець магчымасць гуляць. Ёсць і іншыя фактары, але паглядзім, калі прыйдзе час.
«Любы клуб свету цяпер бы ўзяў Віктара. Магчыма, ён у выніку акажацца ў «Рэале» — ім сапраўды патрэбны цэнтрфорвард цяпер. Яны падпісалі Кіліяна Мбапэ з ПСЖ, але ён проста не дае рады на гэтай пазіцыі. Яны моцна здалі ў гэтым сезоне. Д’ёкерэш гуляе як [форвард «Манчэстэр Сіці"] Эрлінг Холанд. Ён моцны, фізічна магутны, атлетычны і скіраваны на браму. У яго няма страху ў гульні сам-насам з абаронцамі — ён мне вельмі падабаецца», — заявіў 7 лістапада экс-паўабаронца «Тотэнхэма» і іншых англійскіх клубаў Джэймі О’Хара.
Чытайце таксама


