Ціль Швайгер выступіў з апраўданнямі з нагоды ваяжу ў Беларусь
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Нямецкі актор Ціль Швайгер выступіў з апраўданнямі пасля прэс-канферэнцыі ў Мінску. Ён апублікаваў іх у сторыз у Instagram.

Тиль Швайгер. Фото: Instagram / @tilschweiger
Ціль Швайгер. Фота: Instagram / @tilschweiger

«Я наведаў прэс-канферэнцыю, каб расказаць выключна пра свой удзел у рэкламнай кінакампаніі і падзяліцца з гледачамі творчай працай, якая стаіць за ёю. Мяне запэўнілі, што мерапрыемства будзе цалкам прысвечанае рэкламе і яе зместу. На жаль, я выявіў, што некаторыя адказы былі вырваныя з кантэксту і выкарыстаныя для паведамленняў, якія не адлюстроўваюць маіх перакананняў», — напісаў ён у Instagram у адказ на артыкул у газеце Bild «Ціль Швайгер займаецца прапагандай для сябра Пуціна».

Швайгер падкрэсліў, што не падтрымлівае «ніякай палітычнай ці ідэалагічнай пазіцыі», пра якую гаворыцца ў артыкуле, і дыстанцыюецца ад яе.

«Мой удзел быў строга абмежаваны рэкламнай кампаніяй», — дадаў ён.

Скриншот сториз
Скрыншот сторыз

Нагадаем, знакаміты нямецкі актор Ціль Швайгер, які днямі ўпершыню прыбыў у Мінск для здымак промароліка, узяў удзел у прэс-канферэнцыі, якую правялі беларускія дзяржаўныя медыя.

«Я чуў пра вашую краіну толькі найлепшае», — заявіў Швайгер, прызнаўшыся, што гугліў інфармацыю пра Беларусь.

Прыезд вядомага актора ў нашую краіну выклікаў неадназначную рэакцыю. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская прызналася, «што цяпер, калі ў краіне пануе тэрор», для яе «стала вялікім расчараваннем убачыць візіт Ціля Швайгера».

Яна адзначыла, што ў такія часы нельга проста прыехаць у дыктатуру і паводзіцца так, быццам нічога не адбылося, і прапанавала актору выкарыстаць свой прыезд, каб сустрэцца з палітвязнямі ці запісаць відэа ў іх падтрымку.