Біёлагі расказалі, як алкаголь пашкоджвае сэрца
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Медыкі даўно ведаюць, што падчас канікул і святаў расце колькасць пацыентаў з парушэннямі працы сэрца. Прычына — у празмерным п’янстве. Дзве групы навукоўцаў паказалі, як спіртное выклікае мігальную арытмію, а таксама папярэдзілі пра рызыку для жанчын, якія прымаюць гарманальную замяшчальную тэрапію, піша Naked Science.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pixabay.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

У ЗША расце колькасць выпадкаў мігальнай арытміі. Адна з прычын — алкаголь, мяркуюць навукоўцы. П’янствам лічыцца прыём вялікай колькасці спіртнога за кароткі перыяд: пяць порцый для мужчыны і чатыры для жанчыны за дзве гадзіны.

«У адпачынку, на святах празмернае п’янства часта прыводзіць людзей у кардыялагічнае аддзяленне. Прычым нават тых, хто раней не пакутаваў на захворванні сэрца. У даследаванні на мышах мы паказалі механізм развіцця арытміі, выкліканай алкаголем, а таксама пазначылі спосабы яе перадухілення», — расказаў Саўгат Ханал, аспірант кафедры фізіялогіі і клеткавай біялогіі ў Медыцынскім каледжы Універсітэта штата Агаё (ЗША), які прадставіў сваю працу на навуковай канферэнцыі Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі.

Паводле Ханала, рэгулярнае п’янства правакуе сур’ёзныя парушэнні рытму сэрца, у тым ліку мігальную арытмію. Статыстыка пацвердзіла: траціна новых выпадкаў звязаная з алкаголем, у выпівак рэгулярна здараюцца рэцыдывы.

Сосуды сердца. Иллюстрация: American Heart Association
Сасуды сэрца. Ілюстрацыя: American Heart Association

«Сувязь паміж п’янствам і арытміяй падчас адпачынку добра вядомая. Медыкі называюць гэта сіндромам святочнага сэрца. Чалавек налягае на выпіўку, а потым хапаецца за сэрца», — растлумачыў навуковец.

З ранейшых эксперыментаў вядома, што арытмію выклікае рэзкі скачок сінтэзу бялку JNK2 на фоне стрэсу. Гэта парушае забяспечанне клетак сэрца кальцыем, што прыводзіць да пачашчэння сэрцабіцця, збояў рытму. У новай навуковай працы даследчыкі ўпершыню паказалі, што прэпарат Alda-1 можа гэта перадухіліць.

У эксперыменце мышэй увялі ў стан ап’янення, у 70 працэнтаў узнікала мігальная арытмія. Тыя ж, хто атрымаў кардыяпратэктар Alda-1, парушэнняў рытмаў сэрца пазбеглі: у іх актыўнасць ферменту JNK2 і праца кальцыю заставаліся ў межах нормы.

Прэпарат Alda-1 блакуе актыўнасць JNK2 і аднаўляе дзеянне ферменту альдэгіддэгідрагеназы, якая ўдзельнічае ў расшчапленні этанолу. Прэпараты на яго аснове дапамогуць у барацьбе з сіндромам святочнага сэрца, сказаў Ханал.

Другая праца прысвечаная дзеянню алкаголю на жаночы арганізм. Лічыцца, што гармоны з групы эстрагенаў абараняюць жаночы пол ад хваробаў сэрца. Аднак алкаголь зводзіць гэтую карысць на нішто. Горш за ўсё тым, як паказалі даследаванні на грызунах, у каго ўзровень эстрагенаў вельмі высокі.

Навукоўцы з медыцынскай школы Броўдзі пры Усходне-Каралінскім універсітэце (ЗША) восем тыдняў назіралі за самкамі пацукоў са штучна выкліканай менапаўзай. Ім выдалілі яечнікі, каб спыніць выпрацоўку жаночых палавых гармонаў, і пасля рэгулярна спойвалі, падліваючы спірт у ежу. Пры гэтым адной групе давалі гарманальныя прэпараты, каб кампенсаваць дэфіцыт эстрагенаў.

Высветлілася, што тыя, хто прымаў гарманальную замяшчальную тэрапію, не так актыўна набіралі вагу, аднак у іх часцей павышаліся крывяны ціск і частата сардэчных скарачэнняў. У цэлым сэрца ў пацукоў у гэтай групе працавала горш. Усё гэта прыводзіць да сардэчнай недастатковасці.