У акаўнце Белтэлерадыёкампаніі ў Instagram з’явілася паведамленне пра тое, што ў «Калыханкі» цяпер новая вядучая — Марыя Васілевіч, заўважыла "Наша Ніва".
Цяпер дапамагаць бацькам укладваць дзяцей спаць будзе пераможца конкурсу «Міс Беларусь 2018».
Дарэчы, гэта не першы яе досвед працы на тэлебачанні. Нагадаем, што Васілевіч да працы ў парламенце была вядучай праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!».
Яшчэ гэтай вясной Марыя распавядала, што не ведае, дзе ж будзе працаваць пасля таго, як вызваліла дэпутацкае крэсла: «Я пакуль не магу сказаць, дзе выкарыстаю свае веды і вопыт, таму што пакуль вызначаюся. Але, безумоўна, хочацца знайсці тую сферу, дзе я змагу ўнесці вялікі ўклад, каб яшчэ паляпшаць тыя сферы, якімі я раней займалася».
Разам з гэтым Васілевіч тады адзначала, што ў яе ёсць прапановы з тэлебачання, якія яна «вельмі актыўна разглядае, таму што гэтая творчая кухня пакідае самыя прыемныя ўражанні. Тут ёсць свая лёгкасць і рызыка».
Атрымліваецца, што ў выніку прыгажуня вырашыла паспрабаваць стаць новым Маляванычам.
Неабходна адзначыць, што героі «Калыханкі» бяруць удзел і ў прапагандысцкіх мерапрыемствах. Напрыклад, акцёр Уладзімір Варанкоў, які лялькаводзіць медзведзянём Топай, разам з сёстрамі Груздзевымі ездзіць на так званыя дыялогавыя пляцоўкі «Разам з мастацтвам». Падчас такіх сустрэч артысты расказваюць простым людзям у невялікіх гарадах пра тое, як добра жыць у Беларусі.