У Брэсце ў вадаёмах парку культуры і адпачынку імя Першага траўня рассялілася вялікая колькасць чырванавухіх чарапах — заолагі б’юць трывогу, піша тэлеграм-канал «#1регион» Брэсцкага аблвыканкама.
Мяркуючы з усяго, іх выпусцілі ўладальнікі. Часта тыя, хто заводзіць чырванавухіх чарапах, не гатовыя да таго, якой стане жывёліна ў будучыні. Тым больш што з часам чарапахам патрэбныя пэўныя ўмовы: вялікія акварыумы з фільтрамі і падагрэвам.
Заолагі адзначаюць, што любыя інвазіўныя віды выпускаць у прыроду ў Беларусі забаронена, за гэта прадугледжаная адказнасць.
У Беларусі чырванавухія чарапахі лічацца інвазіўным (чужародным) відам. З 2022 года іх продаж забаронены. На думку некаторых экспертаў, такія рэптыліі сапраўды могуць нашкодзіць нашай экасістэме, выцесніўшы з яе беларускіх чарапах.