Амерыканскае агенцтва NASA завяршыла аналіз кавалка металу, які некалькі тыдняў таму прабіў дах і падлогу дома ў штаце Флорыда. Вынікі экспертызы паказалі, што гэта кавалак смецця, выкінутага з Міжнароднай касмічнай станцыі ў 2021 годзе. Пра гэта паведамляе New Atlas.
У сакавіку 2021 года са станцыі скінулі ў космас грузавы паддон са старымі батарэямі, агульная вага грузу складала блізу 2,6 тоны. Эксперты чакалі, што ён цалкам згарыць у атмасферы. Аднак частка смецця праляцела праз атмасферу Зямлі і ацалела, але пашкодзіла жылы дом.
Вывучыўшы аб’ект, спецыялісты NASA прыйшлі да высновы, што гэта апора для мацавання батарэй на паддоне. Яе вага — 0,7 кілаграма, яна каля дзесяці сантыметраў у вышыню і прыкладна чатыры сантыметры ў дыяметры.
Звычайна паддон вяртаюць назад на МКС, але тым разам адбыўся збой, бо расійская ракета, якая мусіла даставіць новыя батарэі, выйшла з ладу, парушыўшы ўвесь графік, таму батарэі давялося проста выкінуць.
Дадамо, што жыхары дома, з іх словаў, былі ў паніцы, калі дзіўны металічны прадмет прабіў дах. Яны выказалі здагадку, што гэта касмічнае смецце, і пачалі высвятляць, хто ім кампенсуе шкоду. Яны тады расказалі тэлеканалу WINK, што гук быў шакавальны, а прадмет ледзь не забіў іх сына, які быў праз два пакоі ад месца падзення.