Упраўленне паліцыі Новага Арлеана зазнала нашэсце пацукоў. Грызуны прабраліся нават у пакой рэчыўных доказаў і з’елі нейкую колькасць марыхуаны, якая там захоўвалася. Пра гэта расказала начальніца ўпраўлення паліцыі Новага Арлеана Эн Кіркпатрык на паседжанні гарадскога камітэта па крымінальным правасуддзі, піша Associated Press.
— Пацукі ядуць нашую марыхуану. Яны ўсе пад кайфам, — заявіла Эн Кіркпатрык.
Начальніца ўпраўлення патлумачыла нашэсце паразітаў старасцю будынка паліцыі. Яна адзначыла, што штаб-кватэра праваахоўнікаў Новага Арлеана настолькі наводненая грызунамі і прусакамі, што супрацоўнікі знаходзяць пацучыны памёт на сваіх сталах.
Гарадскія ўлады паабяцалі прыняць меры для пераносу паліцэйскага ўпраўлення ў іншы будынак. Паведамляецца, што пераезд будзе каштаваць прыкладна 7,6 млн даляраў.