У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, 27 студзеня, у мінскім Моладзевым тэатры мусіла адбыцца прэм’ера спектакля «Тут была Клара», прысвечанага нацысцкім злачынствам супраць габрэяў. Але паказ адмянілі — увагу рэдакцыі на гэта звярнулі чытачы.
Спектакль «Тут была Клара» (рэжысёрка — Таццяна Аксёнкіна) ствараўся паводле п’есы Ксеніі Шталянковай Memoria Nominis Clara.
«Калі пачалася пандэмія каранавіруса, узнікла адчуванне: нешта будзе незваротна страчанае, бо людзі мінімізавалі кантакты, многія вымушана заставаліся дома, і кожны перажываў сваё адчуванне бездапаможнасці, якое заставалася нямым у гарадской прасторы. Гэта вывела мяне ў каардынаты разважанняў пра Халакост, пра важнасць гістарычнай памяці і пра тое, як яна праяўляецца ў мінскім асяроддзі. Так атрымалася выбудаваць уяўны дыялог з прабабуляй — зняволенай Асвенціма. Гэта, дарэчы, падштурхнула расказаць пра сям’ю мастакоў, якія не перажылі Халакосту. Хтосьці загінуў на тэрыторыі Мінскага гета, дзе цяпер знаходзіцца мемарыял „Яма“. А хтосьці не змог дасць рады сямейнай трагедыі», — расказвала драматург дзяржаўнаму выданню «СБ. Беларусь сегодня» за некалькі дзён да прэм’еры.
І ў гэтай публікацыі, і ў сацыяльных сетках тэатра сцвярджалася, што першы паказ адбудзецца 27 студзеня. Але потым на афіцыйным сайце з’явілася інфармацыя пра адмену спектакля — нібыта праз хваробу актора.

А ўжо ў дзень прэм’еры, 27 студзеня, у сацыяльных сетках Моладзевага тэатра была апублікаваная інфармацыя пра тое, што «ў тэатры працягваецца праца над спектаклем». Гэта супярэчыць інфармацыі пра хваробу актора як асноўную прычыну адмены. Бо калі пастаноўка была гатовая і ёй перашкодзіла толькі хвароба, уносіць карэкціроўкі няма неабходнасці.
Акрамя таго, з сайта тэатра наогул выдалілі старонку пра спектакль. Захаваную копію можна знайсці ў архіве. На старонцы гаворыцца, што, акрамя прэм’ернага, быў запланаваны яшчэ адзін паказ — 25 лютага. Але цяпер на гэты дзень у афішы стаіць іншы спектакль — «Каханне ўтраіх». У лютаўскай афішы пастаноўкі «Тут была Клара» няма.

Чытачы расказалі рэдакцыі, што ў пастаноўку «Тут была Клара» ўмяшалася цэнзура: спектакль на нейкім з этапаў зацверджання не прынялі чыноўнікі. У пастаноўку мусяць унесці карэкціроўкі, пасля чаго ён, магчыма, зноў з’явіцца ў афішы.
Гэта не першы такі выпадак. У лістападзе 2022 года ў мінскім Музычным тэатры давялося скараціць аперэту «Герцагіня з Чыкага» на 20 хвілін дзеля дазволу на паказ.
Чытайце таксама


