Жыхарка Адэлаідскіх пагоркаў у Аўстраліі Гейл Аўрыхт у кулеры для вады ў лядоўні знайшла чорную змяю. Пра гэта піша SciencеAlert.
Рэптылія каля 80 сантыметраў даўжынёй звісала з кулера.
Паводле словаў жанчыны, яна пачула дзіўнае шыпенне ў лядоўні і адкрыла яе. Убачыўшы змяю, аўстралійка паспрабавала захаваць спакой і папрасіла суседзяў выклікаць ратавальнікаў.
У выніку змяю злавілі і выпусцілі на прыроду. Адзначаецца, што гэта была чорная змяя (Pseudechis porphyriacus). Відаць, яна шукала ратавання ад пакутлівай спякоты і залезла ў лядоўню. Гэтыя паўзуны часта сустракаюцца на ўсходнім узбярэжжы Аўстраліі. Іх яд не смяротны для чалавека, але можа выклікаць непрыемныя сімптомы (крывацёк і ацёк, галаўны боль, боль у жываце, млоснасць, ваніты, дыярэю і мышачную слабасць).
Дарэчы, з’яўленне змей у дамах аўстралійцаў не рэдкасць. Рэптыліі не могуць рэгуляваць сваю тэмпературу, таму ў вельмі гарачае надвор’е шукаюць прахалодныя месцы. Іх можна знайсці, напрыклад, за кандыцыянерам або пад лядоўняй.