Адміністрацыя мэсэнджара Telegram заблакавала канал і бот ініцыятывы, якая прапаноўвала беларусам здаць свае беспілотнікі на патрэбы войска. Пра гэта паведамілі набліжаныя да беларускіх сілавікоў рэсурсы.
Пасля блакавання ініцыятыва стварыла новы канал. Па стане на 13.45 21 лістапада ў ім дзевяць чалавек. Адзінае паведамленне ў групе — пра тое, што стары тэлеграм-канал і бот выдаленыя. Блакаванне тлумачаць інтрыгамі «заходніх спецслужбаў», у якіх збор дронаў на патрэбы беларускага войска нібыта «выклікае трывогу». Якіх-кольвек пацверджанняў такім заявам адміністрацыя групы не прывяла.
Нагадаем, ініцыятыва з’явілася пасля таго, як у Беларусі фізічным асобам забаранілі завозіць, вырабляць і выкарыстоўваць беспілотнікі. Тым, хто не ведаў, што рабіць з дарагой тэхнікай, прапанавалі аддаць яе Узброеным сілам Беларусі ці іншым вайсковым фарміраванням.
25 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Пра дзяржаўны ўлік і эксплуатацыю цывільных беспілотных лётных апаратаў». Дакумент уводзіць забарону ўвозу, захоўвання, абароту, эксплуатацыі і вырабу беспілотнікаў для фізічных асоб.
Фізічным асобам карыстацца дронамі, завозіць іх у Беларусь, а таксама займацца іх вырабам нельга з моманту выхаду ўказа — то-бок з 25 верасня 2023 года. Захоўваць і займацца абаротам беспілотнікаў можна будзе яшчэ шэсць месяцаў — да 25 сакавіка 2024 года.