З праграмы для 11-га класа па беларускай літаратуры прыбралі гістарычны раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны падзеям напярэдадні паўстання Каліноўскага. На гэта звярнула ўвагу «Медыязона».
Яшчэ ў праграме на 2022/2023 навучальны год «Каласы пад сярпом тваім» былі. На вывучэнне твора адводзілася пяць навучальных гадзін. У праграме на 2023/2024 навучальны год «Каласы пад сярпом тваім» замянілі на «Чорны замак Альшанскі» Караткевіча (таксама пяць гадзін).
Акрамя таго, з раздзела дадатковага чытання праграмы на 2023/2024 год прыбралі твор Алеся Разанава «У горадзе валадарыць Рагвалод».
«Каласы пад сярпом тваім» — раман Караткевіча, прысвечаны падзеям напярэдадні паўстання 1863 года. Твор быў выдадзены ў 1965 годзе ў часопісе «Полымя», ён лічыцца адным з самых значных у беларускай літаратуры і галоўным у творчасці Караткевіча. Акрамя створаных аўтарам персанажаў у рамане фігуруюць і гістарычныя асобы, такія як правадыр паўстання Кастусь Каліноўскі і класік украінскай літаратуры Тарас Шаўчэнка.
У 2019 годзе раман быў прызнаны самай куплянай кнігай беларускага аўтара.
Чытайце таксама