Другая ракетка свету Арына Сабаленка ўпершыню ўзначаліць рэйтынг наймацнейшых тэнісістак з наступнага тыдня — пасля US Open, які праходзіць цяпер у Нью-Ёрку, піша афіцыйны сайт Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).
Цяперашні першы нумар рэйтынгу, полька Іга Свёнтэк, прайграла ў 1/8 фіналу прадстаўніцы Латвіі Алене Астапенка. Такім чынам, Свёнтек не зможа абараніць ачкі, якія яна здабыла за перамогу на Адкрытым чэмпіянаце ЗША год таму. Ігу абыдзе Арына Сабаленка.
Беларуска, якая прабілася ў 1/8 фіналу і сустрэнецца з расіянкай Дар’яй Касаткінай, упершыню ўзначаліць Сусветны тур з наступнага тыдня. 25-гадовая Сабаленка, як адзначае сайт WTA, будзе 29-й жанчынай у гісторыі, якая стане першай ракеткай. Акрамя таго, Арына будзе толькі восьмай у гісторыі, хто здолеў аказацца на вяршыні і адзіночнага, і парнага разрадаў. У пары Сабаленка зрабіла гэта ў лютым 2021 года.
Таксама дадамо, што раней сярод беларусак адзіночны рэйтынг узначальвала Вікторыя Азаранка. Яна была нумарам адзін 51 тыдзень.