Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Выпраўляючыся ў зону баявых дзеянняў і на акупаваныя тэрыторыі, жанатыя расійскія салдаты і афіцэры знаходзяць час і на стасункі з украінкамі — пра такія выпадкі расказала выданне «Север.Реалии». Гаворка ішла ў тым ліку пра жыхарак тэрыторый самаабвешчаных ЛНР і ДНР — то-бок тых, што ўжо амаль дзесяць гадоў знаходзяцца пад акупацыяй. Адносіны паміж жанчынамі, што жывуць на захопленых землях, і самімі захопнікамі не рэдкасць, але гэты сюжэт прымушае ўспомніць гісторыю, якая здарылася падчас Другой сусветнай вайны пасля вызвалення Францыі. Тады францужанкам, западозраным у адносінах з акупантамі, галілі галовы, а часам каралі і больш жорстка. Расказваем, як гэта было.

З’яўленне вішысцкай Францыі

Пакаранне ў выглядзе гвалтоўнага галення галавы жанчынам знаёмае даўно. Яго як сімвал шлюбнай нявернасці выкарыстоўвалі у старажытных Германіі і Францыі, у Сярэднявеччы, а таксама ўжо ў ХХ стагоддзі падчас Першай сусветнай вайны — як на нямецкіх, так і на французскіх тэрыторыях. Але маштаб таго, што здарылася ў Францыі ў 1944−1945 гадах, перасягнуў усе аналагічныя падзеі, якія мелі месца да гэтага.

Пунктам адліку, што прывёў да гэтай акцыі, стала 10 траўня 1940 года. Тады нацысты напалі на Бельгію, Нідэрланды і Францыю. Ужо 14 чэрвеня яны занялі Парыж. Частка французскага кіраўніцтва настойвала на працягу барацьбы. Сярод іх быў і тады малавядомы генерал Шарль дэ Голь, намеснік ваеннага міністра. Міністрам жа абароны быў маршал Анры Філіп Петэн, герой Першай сусветнай. Ён ціснуў на прэм’ер-міністра Поля Рэйно, каб той падпісаў сепаратны мір з немцамі. Апошні адмовіўся і 16 чэрвеня пайшоў у адстаўку. Новы ўрад узначаліў сам 84-гадовы Петэн, які загадаў арыштаваць свайго папярэдніка. Рэйно выйшаў на волю 7 траўня 1945 года.

Оккупационная зона во Франции. Изображение: wikipedia.org
Акупацыйная зона ў Францыі. Выява: wikipedia.org

Тым часам 22 чэрвеня 1940 года Петэн заключыў з немцамі Камп’енскае перамір'е. Меркавалася, што яно будзе дзейнічаць да заключэння паўнавартаснай мірнай дамовы. Але яе так і не падпісалі. Паводле ўмоваў дакумента, немцы акупавалі каля 60% тэрыторыі Францыі — увесь поўнач і захад краіны. На паўднёвым усходзе стваралася Французская Дзяржава — менавіта так афіцыйна называлася структура са сталіцай у горадзе Вішы (адсюль і неафіцыйная назва «рэжым Вішы»). Яе кіраўніком стаў маршал Петэн, які атрымаў дыктатарскія паўнамоцтвы.

Фармальна Вішы была свабоднай незалежнай дзяржавай, якая кантралявала свае ж калоніі. У краіне дзейнічалі французскія законы і не ўводзіліся нацысцкія акупацыйныя войскі. У рэальнасці ж рэжым цесна супрацоўнічаў з нацыстамі, якія адчувалі сябе на яе тэрыторыі як дома.

У 1942 годзе астатняя частка Францыі была цалкам акупаваная Германіяй, а ўзброеныя сілы Вішы перасталі існаваць, хоць адміністрацыя Петэна працягнула працу. Замест арміі была створаная міліцыя, якая дзейнічала пад камандаваннем немцаў да вызвалення краіны.

Супраціў і калабарацыянізм

У такой сітуацыі ўтварыўся клубок супярэчнасцяў.

Частка насельніцтва пайшла на супрацоўніцтва з нацыстамі. Да прыкладу, гэта:

  • 7 тысяч чалавек, якія ўвайшлі ў склад «Легіёна французскіх добраахвотнікаў супраць бальшавізму» (у 1943−1944-м яны ўдзельнічалі ў барацьбе супраць партызан на тэрыторыі Магілёўшчыны, пазней увайшлі ў склад дывізіі СС «Шарлемань», якая ў канцы вайны здалася амерыканцам);
  • больш за 100 тысяч французскіх прастытутак або жанчын, што гандлявалі сваім целам і абслугоўвалі немцаў;
  • супрацоўнікі адміністрацыі Вішы, якія ўдзельнічалі ў дэпартацыях габрэяў. На момант нападу Германіі ў Францыі іх жыло 330 тысяч. Больш за 70 тысяч былі дэпартаваныя — на момант вызвалення з іх ліку ў жывых засталося ўсяго 2,5 тысячы.

Многія французы супрацоўнічалі з акупантамі, каб выжыць. Напрыклад, 200 тысяч францужанак абслугоўвалі нацыстаў як прачкі і прыбіральшчыцы. Гэта быў адзіны спосаб пракарміць сябе. Тысячы жыхароў краіны будавалі для немцаў абарончы вал на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Першапачаткова на працу адпраўлялі добраахвотна, потым — прымусова.

Іншая частка насельніцтва змагалася з ворагам у шэрагах Супраціву. Дакладныя лічбы невядомыя, сустракаюцца згадкі пра 350−500 і нават пра 600 тысяч чалавек, што, зрэшты, можа быць завышанымі паказчыкамі.

Бойцы французского Сопротивления. Фото: U.S. National Archives and Records Administration, commons.wikimedia.org
Байцы французскага Супраціву. Фота: U.S. National Archives and Records Administration, commons.wikimedia.org

Былі і тыя, хто трапіў у палон: Петэн пасля паразы перадаў Трэцяму рэйху ўсіх нямецкіх ваеннапалонных, а вось захопленыя французы засталіся ў лагерах. Каля 2/3 з іх (1 млн з 1,5 млн) выйшлі на волю толькі пасля заканчэння Другой сусветнай.

І, зразумела, сустракаліся тыя, хто проста чакаў развіцця падзей і не рабіў наогул нічога, каб не прыцягваць увагі. Напрыклад, са ста французскіх каталіцкіх біскупаў толькі шасцёра асудзілі нацысцкі рэжым.

Грамадства было расколатае, але гэта зусім не адпавядала вобразу Францыі як «вялікай дзяржавы». Хоць менавіта так краіна пазіцыянавала сябе дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі да Другой сусветнай вайны. Між тым у 1940-м Францыю спасцігла катастрофа, прычыны якой былі незразумелыя многім грамадзянам.

У тым ліку і таму ўдзельнікаў Супраціву распірала нянавісць да ворагаў. Падчас вайны лідар руху, генерал дэ Голь, што знаходзіўся ў эміграцыі, мінімум пяць разоў публічна ў сваіх выступах на радыё або на мітынгах заклікаў не толькі да барацьбы з захопнікам, але і да помсты калабарацыяністам. Ажыццявіць яго было нашмат прасцей у дачыненні да жанчын, чым да мужчын.

«Быў прыняты такі пункт гледжання: кожная жанчына, якая легла з немцам, здрадзіла радзіме ў душы. „Гарызантальны калабарацыянізм“ быў самай невыноснай прыкметай паразы і акупацыі. Гэта была метафара поўнага падпарадкавання Францыі, якая легла пад Германію ў прамым і пераносным сэнсе», — пісаў у 2009 годзе расійскі публіцыст Леанід Млечын.

Мужчын, якія знаходзіліся ў палоне, абураў сам факт, што падчас іх адсутнасці ім здраджвалі: кожны дзясяты вызвалены ваеннапалонны развёўся амаль адразу пасля вяртання дадому. Амаль заўсёды прычына была адна — шлюбная здрада. Варта дадаць, што французскае грамадства было вельмі кансерватыўным і традыцыйным. Да Другой сусветнай вайны жанчыны не мелі права галасаваць на выбарах: яны атрымалі яго толькі ў 1945-м.

Освобождение Парижа. Август 1944 года. Фото: Jack Downey, U.S. Office of War Information, библиотека Конгресса США, commons.wikimedia.org
Вызваленне Парыжа. Жнівень 1944 г. Фота: Jack Downey, U.S. Office of War Information, библиотека Конгресса США, commons.wikimedia.org

Тыя ж, хто ў вайну сам супрацоўнічаў з рэжымам Вішы ці адседзеўся ў цені, часта былі гатовыя далучыцца да большасці ў цкаванні жанчын — зноў жа, каб не прыцягваць лішняй увагі да сябе.

Існуе яшчэ і такое меркаванне: маўляў, Францыя летам 1944 года стаяла на парозе грамадзянскай вайны паміж калабарацыяністамі і ўдзельнікамі Супраціву. І пакаранне толькі для жанчын ва ўмовах, калі з нацыстамі супрацоўнічала значная частка французаў, паслужыла спосабам «нацыянальнага замірэння». Напэўна, гэта перабольшанне, але цкаванне жанчын сапраўды дазваляла выпусціць пару і спісаць з мужчын частку іх грахоў.

Бессістэмная помста

Першыя факты гвалтоўнай стрыжкі жанчын былі зафіксаваныя на акупаванай

тэрыторыі краіны яшчэ ў 1941-м. У тым самым годзе ў падпольнай прэсе, якая выдавалася «Свабоднай Францыяй» (рухам, які стварыў дэ Голь), з’яўляюцца першыя пагрозы здрадніцам.

«Францужанкі, якія аддаюцца немцам, будуць пастрыжаныя нагала, — папярэджвалі ўлёткі, што распаўсюджваліся Супрацівам. — Мы напішам вам на спіне: „Прадалася немцам“. Мы павінныя правесці вакцынацыю — выпрацаваць імунітэт ад д’ябальскай спакусы калабарацыянізмам, ад віруса пятай калоны. Калі юныя францужанкі прадаюць сваё цела гестапаўцам ці міліцыянерам, яны здраджваюць крыві і душы сваіх французскіх суайчыннікаў. Будучыя жонкі і маці, яны абавязаныя захоўваць сваю чысціню ў імя любові да радзімы».

Але падчас акупацыі гэта ўсё яшчэ былі таемныя і нешматлікія акцыі. А вось пасля вызвалення яны зрабіліся масавымі, адкрытымі і паўсюднымі, зафіксаванымі ва ўсіх рэгіёнах Францыі.

Французские женщины после принудительной стрижки. Париж, лето 1944 года. Фото: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Французскія жанчыны пасля прымусовай стрыжкі. Парыж, лета 1944 года. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Звычайна паслядоўнасць падзей была наступнай. Спачатку ў горадзе з’яўляліся мясцовыя Камітэты вызвалення (часткі агульнанацыянальнага Французскага камітэта нацыянальнага вызвалення, сфармаванага ў эміграцыі дэ Голем), якія ініцыявалі пошук «здрадніц» і выносілі прысуд жанчынам, вінаватым у «нацыянальнай нявартасці і ў нацыянальнай дэградацыі». Што адбывалася пасля прысуду?

«Людзі са зброяй у руках урываліся ў дамы і сілай выцягвалі жанчын, вялі іх на гарадскую плошчу і стрыглі нагала. Жанчын трымалі за рукі, каб не супраціўляліся. Закліканы выканаць свой патрыятычны абавязак цырульнік арудаваў нажніцамі ці машынкай для стрыжкі. Пакаранне і прыніжэнне былі тым мацнейшыя, што здзяйсняліся публічна, На вачах у сваякоў, суседзяў і знаёмых. Людзі смяяліся і пляскалі ў ладкі. Пасля гэтага зганьбаваных жанчын вадзілі па вуліцах — усім напаказ. Часам з жанчын зрывалі адзенні. Хлапчукі ўлюлюкалі», — пісаў Млечын. Каб надаць гэтым падзеям выгляд законнасці, пры «стрыжках» абавязкова прысутнічаў паліцэйскі або жандарм. На гэтым пакаранне ў цэлым і заканчвалася.

Адзначым, што нейкага адзінага алгарытму не існавала. Часам жанчынам, абвінавачаным у інтымных адносінах з ворагам, суды давалі «суткі» — не менш за восем. У дэпартаменце Усходнія Пірэнеі, што на мяжы з Іспаніяй, іх абавязвалі цягам паўгода раз на два тыдні наведваць венеролага — як і зарэгістраваных прастытутак. Таксама адзначым, што стрыжка не заўсёды адбывалася на вачах у радаснага ці раз’юшанага натоўпу.

Першая вялікая хваля гвалту адбылася ў канцы лета 1944 года, калі былі вызваленыя многія французскія гарады. Адначасова праходзіў яшчэ адзін працэс: лінчаванні і пазасудовыя расправы (часцей за ўсё над мужчынамі), падчас якога загінулі 9−10 тысяч чалавек. «Гэта, вядома, вельмі шмат, але можна адзначыць важную дэталь: да васьмі тысяч такіх расправаў здзейснілі яшчэ да поўнага вызвалення Францыі ад акупантаў і ўсталявання новай улады. То-бок з таго моманту, калі пачаўся судовы пераслед калабарацыяністаў, маштабы адвольнага гвалту істотна скараціліся», — адзначаў французскі гісторык Аліўе Віўерка, спецыяліст па перыядзе нямецкай акупацыі і рэжыму Вішы.

Важны нюанс: у адрозненне ад лінчавання, стрыжка жанчын з усталяваннем новай улады не спынілася. Другая хваля адбылася ў траўні і чэрвені 1945 года, калі на радзіму вярнуліся французскія ваеннапалонныя, дэпартаваныя і зняволеныя канцэнтрацыйных лагераў, а таксама тыя, хто добраахвотна з’ехалі гастарбайтарамі або суправаджалі немцаў падчас адступлення. Таксама на той момант сталі добра вядомыя падрабязнасці ўтрымання ў канцлагерах. Акрамя таго, пад рэпрэсіі трапілі жанчыны, што пазбеглі першай хвалі або атрымалі прысуд, які падаўся грамадскасці занадта мяккім.

Масава стрыжкі праходзілі да канца 1945 года. Апошні такі выпадак быў зафіксаваны ў Савоі (гістарычная вобласць на паўднёвым усходзе Францыі ля падножжа Альпаў) у лютым 1946 года.

Ахвяры і наступствы

Усяго ахвярамі стрыжак стала больш за 20 тысяч жанчын. Прычым не ўсе яны абавязкова займаліся з немцамі сэксам. Францужанкі маглі проста падтрымліваць з імі сяброўскія ці дзелавыя адносіны. У якасці прэтэнзій да такіх жанчын маглі фігураваць наступныя: яны пілі віно, слухалі музыку і танцавалі, пакуль балі забароненыя.

Ніякай логікі ці агульнага прынцыпу ў прысудах не было. Напрыклад, зорка даваеннага кіно Мірэй Бален спрабавала ўцячы ў Італію з каханкам, нямецкім афіцэрам. Партызаны схапілі абаіх: мужчына знік, а акторку збілі і згвалтавалі. Пасля гэтага Бален сыграла толькі адну ролю, пакінула кіно і пазней памерла ў галечы.

Аналагічны лёс, здавалася б, чакаў мадэльерку Како Шанэль, якая стала каханкай нямецкага дыпламата. Але пасля вайны яна змагла з’ехаць у Швейцарыю. Акторка Арлеці (сапраўднае імя Леані Батыя) падчас вайны таксама была каханкай нямецкага афіцэра. На судзе яна нібыта заявіла: «Маё сэрца належыць Францыі, аднак вагіна — мне». Паводле іншай версіі, фраза гучала так: «Маё сэрца французскае, а срака Інтэрнацыянальная!» (хоць, магчыма, гэтую фразу ёй прыпісалі). Тым не менш Арлеці атрымала 18 месяцаў турмы — яе ніхто не стрыг, а ўжо праз тыдзень жанчыну перавялі пад хатні арышт.

А што са звычайнымі жанчынамі? Даследчыкі прыводзілі ўрывак з паліцэйскага пратакола, які вельмі наглядна паказвае ролю чутак у працэсе абвінавачанняў:

«Расследаванне пасля ананімнага ліста з даносам на аборт мадам X, 25 гадоў, хатняй гаспадыні, мужа ваеннапалоннага, інтэрнаванага.

Сведка № 1: «Яна славіцца распустай і часта бывала ў немцаў».

Сведка № 2: «Аднак, паводле чутках, яна зрабіла аборт. Вядома, што яна часта бывала ў немцаў і што яе шмат крытыкавалі з гэтай нагоды».

Сведка № 3: «Усё, што я магу сказаць, — гэта тое, што яна была звязаная з акупацыйнымі войскамі».

Сведка № 4: «Грамадская пагалоска абвінавачвае яе ў цесным супрацоўніцтве з акупацыйнымі войскамі».

Сведка № 5: «Паводле чутак, яна была цяжарная».

Мадам X: «Я рашуча адмаўляю абвінавачанні супраць мяне».

Невядома, ці быў вынесены гэтай жанчыне абвінаваўчы прысуд. Але можна толькі здагадвацца пра яе далейшую рэпутацыю ў гэтым населеным пункце.

А вось канкрэтныя звесткі па дэпартаменце Сена і Уаза (са сталіцай у Версалі). Да крымінальнай адказнасці там прыцягнулі каля 900 жанчын, 76% з іх — па даносах. У артыкуле прыводзяцца звесткі па прысудах 609 чалавек: 502 асудзілі, 107 апраўдалі. У Парыжы ў сэксе з афіцэрамі або салдатамі нямецкай арміі абвінавацілі 135 жыхарак, 95 з іх апраўдалі. Але стрыжка была не адзіным пакараннем. Напрыклад, у Марбіяне (дэпартаменце на захадзе Францыі, у Брэтані) без суда пакаралі смерцю 76 жанчын, у тым ліку 27 — за інтымныя адносіны з немцамі.

«Часам, зрэшты, у гэтай цырымоніі не было ніякай палітыкі. Жанчын стрыглі нагала і ў мястэчках, дзе ў гады вайны не размяшчаліся нямецкія гарнізоны, не было ні калабарацыяністаў, ні ўдзельнікаў Супраціву. Гаспадары мястэчка вярталі сабе ўладу над жанчынамі, або, як кажуць феміністкі, задавальнялі свой мужчынскі шавінізм. Вядомыя выпадкі, калі нагала стрыглі і мужчын — за марадзёрства і даносы. Але вось што цікава — нікога з французаў не абстрыглі за інтымныя адносіны з немкай», — пісаў Млечын.

На першы погляд, наступствы стрыжкі былі не такімі сур’ёзнымі. Ні самі жанчыны, ні іх дзеці звычайна не былі ніяк абмежаваныя ў правах. Але для ахвяраў гэтыя падзеі сталі велізарнай псіхалагічнай траўмай. Вядомы выпадак, калі жанчына, што зазнала такое пакаранне, 40 гадоў заставалася замкнутай у сваім доме. Многія францужанкі, якія падвергліся стрыжцы, потым не выйшлі замуж і не нарадзілі дзяцей. Мадэлі, паводле якіх дзейнічалі дарослыя, капіявалі і дзеці. Напрыклад, у дэпартаменце Шаранта (на захадзе Францыі) гісторыкі зафіксавалі ў пасляваенны перыяд наступную гульню: дзеці, узброіўшыся драўлянымі шаблямі, захоплівалі сад, выпускалі з клетак трусоў, пасля чаго стрыглі дзяўчат.

Чытайце таксама