Прэс-служба мінскага «Дынама» паведаміла, што Крэйгу Вудкрафту не будзе прапанаваны новы кантракт. Дзейнае пагадненне канадскага трэнера з хакейным клубам КХЛ заканчваецца 30 красавіка.
«Я ўдзячны Вудкрафту за гады, праведзеныя ў „Дынама“, але намі прынятае рашэнне, што прыйшоў час пачаць новы этап», — заявіўл в.а. генеральнага дырэктара клуба Арцём Каркоцкі.
Сезон-2022/23 для Крэйга быў чацвёртым запар і пятым сумарна на чале беларускай каманды, якая выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе (КХЛ). Чатыры разы пад кіраўніцтвам канадца (сезоны-2016/17, 2020/21, 2021/22, 2022/23) «Дынама» выходзіла ў плэй-оф, дзе вылятала ў першым раўндзе.
— Адназначна, праца ў «Дынама» мне вельмі цікавая. Буду гатовы абмеркаваць усе ідэі і дэталі з кіраўніцтвам клуба. Спадзяюся, мы знойдзем паразуменне, — дзяліўся планамі трэнер 7 красавіка, знаходзячыся ў адпачынку ў Таронта.
Мяркуючы з усяго, пунктаў судакранання не знайшлі. Пры гэтым пакуль незразумела, ці застанецца Вудкрафт ля стырна зборнай.