Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Сёлета споўніцца 29 гадоў, як Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі. Столькі ж, калі пачынаць адлік з моманту смерці Леніна, кіраваў Савецкім Саюзам Іосіф Сталін (1924−1953). У дачыненні да апошняга пасля яго смерці выкарыстоўвалі тэрмін «культ асобы», існаванне якога афіцыйна прызналі на ХХ з’ездзе Камуністычнай партыі. Разабраліся, ці карэктны ён у дачыненні да Лукашэнкі.

Што такое культ асобы?

У штодзённай лексіцы пад культам асобы звычайна разумеюць прыпісванне палітыкам нейкіх звышздольнасцяў, уменне рабіць нешта, чаго не могуць іншыя, а таксама культуру, якая ўзнікае вакол гэтага сцверджання: прысвячэнне кіраўнікам мастацкіх твораў, правядзенне ў іх гонар мерапрыемстваў, заснаванне прэмій і гэтак далей. Сталін у гэтым сэнсе — класічны прыклад: яго публічна называлі «вялікім правадыром і настаўнікам», у гонар яго пераназывалі гарады, ставілі прыжыццёвыя помнікі, згадвалі ў песнях, а адной з галоўных прэмій у цэлым шэрагу сфераў была Сталінская.

Характарыстыкі тэрміна «культ асобы» сустракаюцца ў многіх навучальных і навуковых выданнях. У большасці выпадкаў яны супадаюць, хоць сфармуляваныя лаканічней, чым вышэй. Напрыклад, «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 тамах трактуе гэты тэрмін як «празмернае ўзвялічванне якога-небудзь дзеяча». Для падрабязнейшай характарыстыкі выкарыстоўваем адзін з навучальных дапаможнікаў для ВНУ — «Паліталогію», напісаную прафесарам Васілём Стэгніем. Паводле яго, да ўзнікнення культу асобы прыводзіць «максімальна завышаная ацэнка функцый і ролі палітычнага лідарства ў гісторыі». Таксама гэта «заканамерны вынік і адна з перадумоваў таталітарнага ладу, хоць сустракаецца і ў аўтарытарных, і ў дэмакратычных дзяржавах».

У сваім дапаможніку Стэгній піша пра дзесяць асноўных рысаў, характэрных для культу асобы. Разбяром кожную з іх на прыкладзе Аляксандра Лукашэнкі.

Правадырызм і знішчэнне дэмакратыі

Першая рыса — «узвялічванне, абагаўленне ролі кіраўніка, прыпісванне яму бязгрэшнасці, усябачання, клопату пра інтарэсы народа». Праілюструем гэты тэзіс на прыкладзе кіраўнікоў Брэсцкай вобласці.

У дзевяностыя гады ў Мінску праходзіла чарговая селектарнуя нарада з Лукашэнкам, якая транслявалася па тэлебачанні. У нейкі момант старшыня Брэсцкай вобласці Уладзімір Заламай паспрабаваў апраўдаць адставанне ва ўборцы кепскімі ўмовамі надвор’я. Лукашэнка абурыўся: «Заладзіў — дождж, дождж! Вы ж прасілі дажджу? Вось табе дождж!» «Так Госпад Бог, мабыць, мог бы абсячы смяротнага, які заблытаўся ў просьбах», — іранічна каментаваў гэтую рэпліку Аляксандр Фядута ў кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія».

Канстанцін Сумар, адзін з пераемнікаў Заламая, узначальваў вобласць у 2000−2014 гадах. Ён неўзабаве наогул паставіў Лукашэнку вышэй за Усявышняга. На селектарнай нарадзе ў 2004-м кіраўнік вобласці пачаў традыцыйна скардзіцца на засуху. Лукашэнка перапыніў яго: «Што ты мне скардзішся? Я ж не Бог!» — «Вы — трошачкі вышэй», — адказаў чыноўнік.

«За праграму адраджэння вёскі, я лічу, Лукашэнку трэба паставіць помнік пры жыцці», — заявіў у 2010-м журналістам усё той жа Сумар. Праз тры гады ў Брэст прывезлі выставу Нікаса Сафронава, які спецыялізаваўся на партрэтах знакамітасцяў. У ліку экспанатаў быў і партрэт Лукашэнкі. Сумар прысутнічаў на адкрыцці, і адразу пасля гэтага карціна знікла. Як выявілася, па камандзе кіраўніка вобласці яго памочнік паехаў у Мінск і перадаў яе Лукашэнку як падарунак.

Гэта толькі некалькі прыкладаў такога стаўлення — падобныя характарыстыкі Лукашэнкі і яго дзейнасці вельмі часта можна пачуць і ў дзяржСМІ. Выснова — гэтая характарыстыка культу асобы цалкам падыходзіць.

Александр Лукашенко в 1994 году. Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка ў 1994 годзе. Фота: Reuters

Другі крытэр — «грэбаванне кіраўніка прынцыпамі калектыўнага кіраўніцтва, дэмакратыі, галоснасці, уліку меркавання мас».

Для дэмакратычнай дзяржавы характэрнае раздзяленне ўладаў. У нас яно было парушанае яшчэ ў 1996 годзе, калі ў Беларусі з парушэннямі прайшоў рэферэндум. Пасля яго з часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савета (абранага законным шляхам) зноў жа з парушэннямі была сфармаваная Палата прадстаўнікоў — ніжняя палата новага парламента, Нацыянальнага сходу. Яе дэпутаты прадстаўлялі толькі 43% выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах.

У новай сістэме беларускі парламент зрабіўся абсалютна пасіўным органам улады. Цягам першых дзесяці гадоў існавання дэпутаты ініцыявалі не больш за 3,5% прынятых законаў. Астатнія ўносіліся прэзідэнтам або ўрадам, але парламентарыі ні разу нават не рабілі спробы накласці на іх вета. Апазіцыю перасталі пускаць у Палату прадстаўнікоў (некалькі выключэнняў толькі пацвярджаюць правіла) — і робяць так аж да цяперашняга часу. Цалкам лаяльны Лукашэнку і ўрад.

У цэлым жа ўсе прэзідэнцкія і парламенцкія выбары з таго моманту праходзілі са шматлікімі парушэннямі, якія дазваляюць сумнявацца ў справядлівасці звестак, агучаных уладай.

Такім чынам, гэты крытэр таксама адпавядае рэчаіснасці.

Гісторык і спецыяліст па сельскай гаспадарцы

Трэцюю і чацвёртую характарыстыкі мы аб’яднаем. Гэта «суб'ектывізм ў ацэнках рэальных працэсаў і валюнтарызм у прыняцці рашэнняў», а таксама «камандна-загадны стыль кіраўніцтва і мабілізацыйныя метады арганізацыі масаў». Лукашэнку гэта ўласціва ў поўнай меры. Напрыклад, ён як экс-дырэктар саўгаса лічыць сябе сапраўдным экспертам у сельскай гаспадарцы, якую працягвае ратаваць каторы год. Палітык корміць чыноўнікаў хлебам з рукі і расказвае пра памылкі ў лусканні ржышча. «За два гады ў мяне з найгоршай у Савецкім Саюзе гаспадарка стала „мільянерам“», — сцвярджаў палітык.

Хаця Васіль Лявонаў, былы першы сакратар Магілёўскага абкама, які дапамагаў Лукашэнку, трымаўся іншага меркавання пра яго поспехі. «Гаварыць пра тое, што Аляксандр Рыгоравіч вывеў саўгас у перадавыя, пра што ён паўтараў і паўтарае, не даводзіцца: саўгас ляжаў на баку, яго прыпаднялі і паставілі сяк-так на ногі калектыўнымі намаганнямі. Далей за гэта справа не пайшла», — успамінаў ён у мемуарах «Праца над памылкамі».

Александр Лукашенко во время посещения 6-ой городской больницы Минска 27 ноября 2020 года. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 6-й гарадской бальніцы Мінска 27 лістапада 2020 года. Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Лукашэнка, гісторык па адукацыі, пастаянна дапускае гістарычныя памылкі. А яшчэ дэманструе камандна-загадны стыль кіраўніцтва. У 2008-м пасля яго рашэння ў Беларусі адмовіліся ад школьнай рэформы, якую рэалізоўвалі 10 гадоў. У 2009-м і 2012-м гадах ён умешваўся ў вынікі адбору на «Еўрабачанне». Пазней прымаў закон аб «дармаедах», скасоўваў забарону на продаж алкаголю ў начны час у Мінску і двух раёнах краіны і рабіў многае іншае. Яскравы прыклад апошніх гадоў — стаўленне спачатку ў цэлым да пандэміі COVID-19 (у той час як увесь свет змагаўся за жыцці людзей, палітык называў хваробу «псіхозам» і заяўляў, што ў Беларусі ад яе ніхто не памрэ), а потым і да мераў супраць распаўсюджвання інфекцыі (у прыватнасці, да масачнага рэжыму).

Таму насупраць абедзвюх характарыстык можам смела ставіць «плюс» — Лукашэнка ім цалкам адпавядае.

Таксама Васіль Стэгній вылучае яшчэ тры характарыстыкі, блізкія адна адной. Гэта:

  • «масавыя рэпрэсіі супраць апанентаў, якія выдаюцца за класавую, расавую барацьбу, а таксама за барацьбу супраць рэальных і ўяўных праціўнікаў палітыкі кіраўніка»;
  • «разгул беззаконня пры бяспраўі народных масаў, які стварае ўмовы для парушэння правоў асобы»;
  • «трансфармацыя ідэйна-тэарэтычных спрэчак па пытаннях развіцця грамадства ў грамадска-палітычную барацьбу і, як вынік, пераслед іншадумцаў».

У якасці ілюстрацыі дастаткова прывесці толькі адну лічбу. На момант публікацыі тэксту ў краіне 1437 палітвязняў. Насамрэч колькасць людзей, асуджаных за палітыку, значна вышэйшая. Акрамя таго, некаторыя палітвязні паспелі цалкам адседзець свой тэрмін і выйсці на волю. Частка праваахоўных органаў у Беларусі ператварылася ў структуры, занятыя амаль выключна рэпрэсіямі і прыгнётам іншадумства (яскравы прыклад — ГУБАЗіК МУС), пры гэтым парушаюцца шматлікія правы грамадзян. У дачыненні да сваіх апанентаў Лукашэнка нярэдка выкарыстоўвае тэрміны, закліканыя выдаць супрацьстаянне з імі за барацьбу з нядобрасумленнымі грамадзянамі або прадстаўнікамі чужых беларускаму грамадству класаў («жулікі», «буржуі»). Апошнім часам выкарыстоўваецца і прасцейшы (але, магчыма, больш злавесны) тэрмін «ворагі».

Так што і гэтыя рысы можам смела занесці ў характарыстыку Лукашэнкі і створанага ім рэжыму.

Стаўка на бразганне зброяй і зніклая падтрымка

Ідзём далей — «мілітарызацыя эканомікі і арыентацыя грамадства на вырашэнне спрэчных пытанняў праз палітыку гвалтоўных метадаў, праз вайну». Праілюстраваць гэтае палажэнне можа тое, што адбываецца літаральна на нашых вачах.

10 кастрычніка 2022 года Лукашэнка на фоне вайны ва Украіне правёў нараду з сілавым блокам. Ён заявіў, што дамовіўся з Расіяй разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў. Паводле словаў палітыка, у Беларусь прыедзе «не адна тысяча» расійскіх вайскоўцаў, ён даручыў іх «прыняць і размясціць». Планавалася, што агульная колькасць расійскага складніка групоўкі складзе да 9 тысяч вайскоўцаў, каля 170 танкаў, да 200 ББМ і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм.

Колькі па факце цяпер у Беларусі знаходзіцца расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі — невядома, гэтыя звесткі не абвяшчаюцца (хоць мы спрабавалі падлічыць самастойна). У Беларусі і Расіі заяўляюць, што зладжванне рэгіянальнай групоўкі войскаў праходзіць паспяхова. Літаральна днямі, 24 студзеня 2023 года, у нашай краіне пачалі раскансервацыю бронетэхнікі з базаў захоўвання. Да гэтага праходзіла зверка звестак у рэзервістаў.

Рыторыка самога Лукашэнкі пры гэтым застаецца дваістай: і да пачатку вайны ва Украіне, і пасля ўварвання ён часта намагаўся выставіць сябе міратворцам. У той жа час і сам палітык, і яго прапаганда не толькі пастаянна кажуць пра жаданне суседзяў ваяваць з Беларуссю, але і заклікаюць да эскалацыі канфлікту самі. У любым выпадку, лепш за словы гавораць справы: нягледзячы на шматлікія абяцанні Лукашэнкі пра тое, што Украіна не будзе атакаваная з нашай тэрыторыі, дакладна гэта адбылося 24 лютага і цягнецца да сёння. Расійскія войскі працягваюць знаходзіцца ў нашай краіне і праходзяць тут падрыхтоўку для ўдзелу ў баявых дзеяннях.

Таму ставім насупраць гэтага пункта ўпэўнены плюс.

Наступная характарыстыка — «масавая падтрымка палітычнага лідара краіны». Вось з гэтым у Лукашэнкі вельмі вялікія праблемы (у адрозненне ад таго ж Сталіна, які падтрымкай жыхароў СССР сапраўды карыстаўся — гэта нават прывяло да трагедый у жыццях многіх людзей пасля таго, як яго культ асобы быў развянчаны). Найлепшы доказ — самыя масавыя ў гісторыі краіны мірныя акцыі пратэсту, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, адным з галоўных патрабаванняў якіх былі новыя выбары без удзелу палітыка.

Дзеля аб’ектыўнасці заўважым, што ў лістападаўскім даследаванні аўтары аналітычнага дакладу «Беларускі трэкер перамен» зафіксавалі рост даверу да беларускіх уладаў. Так, паводле апошняга апытання, колькасць тых, хто схільны адчуваць давер да дзяржаўных інстытутаў, і прыхільнікаў улады складае 61,7%. Зрэшты, аналітыкі мяркуюць, што такую дынаміку можна растлумачыць не зменамі ў грамадстве, а, напрыклад, «фактарам страху, ад’ездам пратэсна настроеных рэспандэнтаў» або адхіленнямі ў структуры выбаркі. На іх думку, ігнараваць тэндэнцыю росту падтрымкі ўлады складана. Але ў любым выпадку, масавыя рэпрэсіі ў краіне ідуць ужо трэці год. У такіх умовах разлічваць на свабодныя адказы не даводзіцца. Таму насупраць гэтай характарыстыкі ўсё ж паставім мінус.

Пратэсты 2020 года, якія паказалі страту папулярнасці Лукашэнкі. Фота: TUT.BY

Апошняя характарыстыка Стэгнія — «ідэалагічная апрацоўка масаў, уменне схіляць масавую свядомасць на карысць палітычнага лідара краіны». Манапалізацыя СМІ ў краіне пачалася неўзабаве пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады і працягваецца дагэтуль. Яшчэ ў снежні 1994 года апазіцыйны дэпутат парламента Сяргей Антончык выступіў з дакладам пра карупцыю ў асяроддзі прэзідэнта. Публікаваць гэты тэкст дзяржвыданням забаранілі. У выніку газеты, якія вырашылі надрукаваць тэкст, выйшлі з «белымі плямамі», а большасць рэдактараў гэтых выданняў неўзабаве звольнілі. Апазіцыі фактычна забаранілі доступ на радыё і тэлебачанне — гэтае правіла дзейнічае аж да нашага часу.

Але з уменнем схіляць масавую свядомасць на сваю карысць усё складаней. Доўгі час у прапаганды гэта атрымлівалася (зразумела, выкарыстоўваючы неканстытуцыйныя метады і парушаючы закон).

«У 2006-м мы дакладна ведалі рэйтынгі апазіцыі, таму што тады быў рэальны экзітпол. І маскоўскія сацыёлагі праводзілі, і нашыя. Я набраў каля 25%, а разам з [Аляксандрам] Казуліным, думаю, у нас было да траціны галасоў, — расказваў адзіны кандыдат ад апазіцыі Аляксандар Мілінкевіч. — Чаму так? Таму што большасць грамадства не хацела пераменаў. З Захадам Лукашэнка не сябраваў, Расія давала бясконцыя танныя крэдыты, танны газ, танную нафту. Пры такіх ільготных умовах эканоміка расла, развівалася. Ну, такая абмежаваная, не рынкавая да канца, быў такі наменклатурны капіталізм. Але яна развівалася. І заробкі раслі. Людзі былі задаволеныя. Была відаць перспектыва касмічнай па тых часах зарплаты ў 500 даляраў. Людзі казалі: „Мы столькі ніколі не атрымлівалі, а чаму перамены трэба рабіць? Можа, будзе горш з гэтымі дэмакратамі. Яны скажуць: зацягвайце паясы, мы будзем зараз рабіць рэформы. А мы не хочам“. Таму беларусы проста не былі гатовыя да пераменаў».

Дадамо ад сябе, што многія грамадзяне ў той час сапраўды былі гатовыя слухаць прапаганду і нярэдка ёй давяралі.

У другой палове дзясятых уменне схіляць масавую свядомасць дало адчувальную расколіну. Значную ролю ў гэтым адыграў рост даступнасці інтэрнэту, які значна складаней кантраляваць, чым традыцыйныя каналы перадачы інфармацыі. Дзякуючы гэтаму, а таксама пасіўнасці ўладаў у ключавых для грамадства пытаннях, прыхільнікаў пераменаў стала большасць. Масавыя пратэсты 2020-га паказалі, што цяпер схіляць людзей на сваю карысць можна толькі гвалтам. Такім чынам, гэтую характарыстыку можна лічыць карэктнай напалову — спробы ўплываць на масавую свядомасць Лукашэнка і яго атачэнне робяць, аднак іх выніковасць вельмі сумнеўная.

Што ў выніку?

З дзесяці рысаў, характэрных для культу асобы, у дачыненні да Лукашэнкі мы знайшлі восем з паловай. У яго ўжо няма масавай падтрымкі, а апарат развучыўся схіляць масавую свядомасць на карысць свайго правадыра (але сама па сабе ідэалагічная апрацоўка масаў працягваецца). Магчыма, гэта адзін з галоўных плюсаў сітуацыі: пасля змены ўлады грамадства наўрад ці атрымае траўму, параўнальную з той, што перажылі многія грамадзяне СССР пасля смерці Сталіна.

А вось усе астатнія характарыстыкі ў сіле. Адсюль выснова: культ асобы Лукашэнкі ў Беларусі сапраўды існуе, хай і не ў класічным выглядзе, як гэта было ў СССР і шэрагу персаналісцкіх рэжымаў мінулага стагоддзя.