Фелікс Дзяржынскі ніколі не выходзіў з моды, якую вызначае беларускі КДБ, але сёлета ўвага да гэтага дзеяча рэзка ўзрасла. У лютым 2022-га яго імя надалі адной з гродзенскіх гімназій, у лістападзе Ліцэй БДУ разам з Камітэтам дзяржбяспекі абвясціў конкурс, для якога ў тым ліку прасілі намаляваць комікс пра біяграфію Жалезнага Фелікса (гэта была мянушка рэвалюцыянера). Нядаўна сілавікі прымусілі бабруйчаніна «выбачацца» на камеру, трымаючы ў руках партрэт заснавальніка УНК. Расказваем, хто такі Дзяржынскі, як ён звязаны з Беларуссю і як паўплываў на нашую гісторыю, а таксама ці ёсць падстава ім ганарыцца.
Жалезны Фелікс і Беларусь
Адказаць на пытанне, як Дзяржынскі звязаны з Беларуссю, прасцей за ўсё. Ён нарадзіўся ў 1877 годзе ў родавым маёнтку Дзяржынава (за 15 кіламетраў ад гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна). Падчас Другой сусветнай вайны нацысты цалкам спалілі ўсе пабудовы, якія належалі сям'і рэвалюцыянера. У нулявыя гады іх аднавілі за кошт спецслужбаў Беларусі, Украіны і Расіі, так што цяперашні музей-сядзіба — класічны «навадзел».
На гэтым сувязь рэвалюцыянера з Беларуссю не заканчваецца. Яго бацька, Эдмунд Дзяржынскі, нарадзіўся ў Ашмянах (дарэчы, ён некаторы час жыў у Таганрозе і выкладаў у юнага Антона Чэхава матэматыку). А ў Клецку, у сям'і сваякоў, прайшло дзяцінства будучага заснавальніка УНК.
Але насамрэч сувязь Дзяржынскага з Беларуссю вельмі ўмоўная. Ён рана з’ехаў з родных мясцін — паступіў у Віленскую гімназію — і пазней не бываў на малой радзіме. Атрымаўшы выхаванне ў польскім духу, удзельнічаў у працы першага з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. Пры гэтым Фелікс выступаў за ўваходжанне гэтай арганізацыі ў склад Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), што пасля і адбылося.
Але самае галоўнае, што Дзяржынскі быў класічным рэвалюцыянерам таго часу, для якога нацыянальнае пытанне не грала асаблівай ролі. Дыктатура пралетарыяту для яго значыла больш, чым пытанні нацыянальнай самасвядомасці — таксама як для грузіна Іосіфа Джугашвілі (Сталіна), габрэя Лейбы Бранштэйна (Троцкага) і рускага Уладзіміра Ульянава (Леніна). Для кожнага з іх малая радзіма была толькі месцам нараджэння — не больш за тое.
Стварэнне УНК — папярэдніцы КДБ
Нулявыя гады XX стагоддзя для Дзяржынскага прайшлі ў рэвалюцыйнай барацьбе, першая палова дзясятых — у турме. У 1912-м яго арыштавалі і асудзілі на тры гады катаржных работ. У 1916-м да іх дадалі яшчэ шэсць. Падставаў для гэтага хапала: яшчэ ў канцы нулявых будучага Жалезнага Фелікса асудзілі на пазбаўленне ўсіх правоў, маёмасці і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Адтуль ён, зразумела, збег — так рабіла большасць рэвалюцыянераў. Прыйшоўшы да ўлады, Дзяржынскі зробіць патрэбныя высновы і практычна выключыць магчымасць уцёкаў з месцаў пазбаўлення волі.
Рэвалюцыю 1917-га Дзяржынскі сустрэў у Бутырскай турме. Зразумела, яго стаўленне да пераменаў аказалася захопленым. Выйшаўшы на волю, ён удзельнічаў у з’ездзе РСДРП (бальшавікоў), дзе выступаў супраць права нацый на самавызначэнне. Апошняе — красамоўны штрых у біяграфіі будучага чэкіста. Бо такое права ў разуменні бальшавікоў зусім не дазваляла народам былой імперыі сыходзіць у «свабоднае плаванне». Гаворка ішла пра стварэнне нацыянальных рэспублік, але пад «апекай» расійскіх бальшавікоў. Дзяржынскі выступаў нават супраць такой невялікай вольнасці.
У кастрычніку 1917-га ён браў удзел у арганізацыі бальшавіцкага перавароту, арганізоўваў атрады Чырвонай гвардыі. Падчас выступу захапіў у тагачасным Петраградзе (сучасны Санкт-Пецярбург) Галоўны паштамт і тэлеграф.

Але сапраўдны зорны час Дзяржынскага надышоў у канцы таго ж года. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў трэба было хутка фармаваць органы кіравання. Старыя службоўцы адмаўляліся працаваць з бальшавікамі, лічачы іх дзеянні пераваротам, і пагражалі пратэстамі. Тады 6 снежня (19-га паводле новага стылю) савецкі ўрад даручыў Дзяржынскаму «скласці асаблівую камісію для высвятлення магчымасцяў барацьбы з такой забастоўкай шляхам самых энергічных рэвалюцыйных мер». На наступны дзень была створаная УНК — Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (Всероссийская чрезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией и саботажем, каротка — «ВЧК» ці проста «ЧК»; адсюль і назва яе супрацоўнікаў — чэкісты). Пазней яна была перайменаваная ў ГПУ, потым — у АДПУ, НКУС, МДБ, пасля чаго — у КДБ. Правапераемнік гэтай арганізацыі ў нашай краіне — Камітэт дзяржбяспекі.
Дзяржынскі стаў першым кіраўніком УНК і — за выключэннем невялікага перапынку ў 1918-м — кіраваў ёю аж да сваёй смерці ў 1926-м. Рашэнне аб прызначэнні прымаў Ленін.
«7 снежня 1917 года на паседжанні Саўнаркама, дзе паўстала пытанне пра барацьбу з контррэвалюцыяй, былі ахвочыя ўзначаліць камісію. Але Ленін назваў Дзяржынскага <…> „пралетарскім якабінцам“. Фелікс Эдмундавіч пасля паседжання сумна заўважыў, што калі ён цяпер Рабесп’ер, то Петэрс — Сэн-Жуст, відаць. Але нам абодвум не да смеху <…>. Учора былі на Гарохавай. Дом былога кіраўніка горада — пусты, з выбітымі вокнамі. Нас дваццаць тры чалавекі, уключаючы машыністак і кур’ераў. Уся „канцылярыя“ — у худой папцы Дзяржынскага; Уся „каса“ — у мяне ў кішэні скураной курткі. З чаго пачаць?» — расказваў Якаў Петэрс, паплечнік і намеснік Жалезнага Фелікса.
Рабесп’ер і Сэн-Жуст былі дзеячамі Вялікай Французскай рэвалюцыі і прадстаўлялі радыкальны рух якабінцаў, якія арганізавалі тэрор, прыкрываючыся вялікімі мэтамі. Параўнанне больш чым характэрнае. Дарэчы, абодва французы скончылі свой жыццёвы шлях на гільяціне. Дзяржынскі памёр сваёй смерцю. А вось яго паплечнікі — у тым ліку Петэрс — паўтарылі лёс сваіх французскіх куміраў.
Чырвоны тэрор
Імя Дзяржынскага перш за ўсё звязанае з чырвоным тэрорам — палітыцы бальшавікоў па фізічным знішчэнні адных апанентаў і запалохванні іншых. Афіцыйна яго абвясцілі 5 верасня 1918 года. Савецкі ўрад, заслухаўшы даклад Дзяржынскага, адзначыў, што «пры дадзенай сітуацыі забяспечанне тылу шляхам тэрору з’яўляецца прамой неабходнасцю; што для ўзмацнення дзейнасці УНК і ўнясення ў яе большай планамернасці неабходна накіраваць туды як мага большую колькасць адказных партыйных таварышаў; што неабходна забяспечыць Савецкую Рэспубліку ад класавых ворагаў шляхам ізалявання іх у канцэнтрацыйных лагерах; што падлягаюць расстрэлу ўсе асобы, датычныя да белагвардзейскіх арганізацый, змоваў і мяцяжоў; што неабходна апублікоўваць імёны ўсіх расстраляных, а таксама падставы ўжывання да іх гэтай меры».
Фраза пра расстрэл усіх людзей, звязаных з белагвардзейскімі арганізацыямі, змовамі і мяцяжамі, давала найшырэйшы прастор для інтэрпрэтацыі. Фактычна яна дала зялёнае святло расстрэлам без суда і следства — толькі па падазрэнні ў датычнасці да якой-небудзь арганізацыі або падзеі.
Фармальна гэтае рашэнне стала адказам на дзве падзеі, якія здарыліся 30 жніўня таго ж года: замах на Леніна, што скончыўся няўдачай, а таксама забойства старшыні Петраградскай НК Маісея Урыцкага. Забіць Леніна паспрабавала Фані Каплан, сябра партыі эсэраў — асноўных праціўнікаў бальшавікоў. Менавіта гэтая партыя перамагла на выбарах ва Устаноўчы сход, які мусіў вызначаць будучыню краіны. Але бальшавікі яго разагналі.
Як адзначаў доктар гістарычных навук Канстанцін Марозаў, Каплан перад замахам на Леніна выйшла з партыі. Але бальшавікі свядома схавалі гэты факт і стараліся не згадваць яго. Бо ў такім выпадку атрымлівалася, што спроба забойства носіць індывідуальны, а не партыйны характар. Ды і ў цэлым пераважная большасць эсэраў выступала супраць тэрору ў барацьбе з бальшавікамі і ніякага дачынення да белага руху не мела.
Паводле гэтага гісторыка, «забойства Урыцкага і замах на Леніна сталі не прычынай чырвонага тэрору, а падставай для яго ўзмацнення». Сапраўды, тэрор пачаўся нашмат раней — пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але тады гэта можна было прадставіць як вынік самасуду абуранага натоўпу або самаўпраўства на месцах (класічны такі прыклад меў месца яшчэ раней, падчас Лютаўскай рэвалюцыі: тады адбылася расправа матросаў над афіцэрамі Балтыйскага флоту). Цяпер жа тэрор стаў легальным і ператварыўся ў аснову дзяржаўнай палітыкі.
«[5 верасня] наркам унутраных справаў [РСФСР Рыгор] Пятроўскі ў цыркулярнай тэлеграме загадвае ажыццявіць арышты правых эсэраў, прадстаўнікоў буйной буржуазіі, афіцэрства і трымаць іх у якасці закладнікаў. А пры спробе схавацца ці контррэвалюцыйных вылазках — масавы расстрэл, неадкладна і безумоўна. „Ніякіх ваганняў пры прымяненні масавага тэрору!“ Крывавая істэрыя ахоплівае ўсю краіну. Ужо назаўтра, 6 верасня, петраградскія газеты публікуюць паведамленне НК <…>: расстраляныя 512 контррэвалюцыянераў і белагвардзейцаў. Тут жа спіс закладнікаў, працягнуты ў трох наступных нумарах газеты — 476 чалавек, чарга да смерці: калі будзе забіты яшчэ хоць адзін савецкі работнік, закладнікаў расстраляюць», — пісаў даследчык Віталь Шанталінскі (у гады перабудовы ён працаваў у архівах КДБ і апублікаваў шматлікія матэрыялы і творы пісьменнікаў, арыштаваных у сталінскія часы).
У тыя дні бальшавікі расстралялі ў Астрахані ўвесь губернскі камітэт партыі эсэраў, перад гэтым гвалтуючы жанчын.
«Мы знішчаем непатрэбныя класы людзей, — пісаў чалец калегіі УНК Мартын Лацыс. — Не шукайце на следстве матэрыялаў і доказаў таго, што абвінавачаны дзейнічаў словам ці справай супраць Саветаў. Першае пытанне — да якога класа ён належыць, якога ён паходжання, выхавання, адукацыі ці прафесіі. Гэтыя пытанні і павінныя вызначыць лёс абвінавачанага. У гэтым — сэнс і сутнасць чырвонага тэрору».
Тут ужо абурылася кіраўніцтва партыі бальшавікоў. Ленін назваў «найвялікшым глупствам» адмову выкарыстоўваць прадстаўнікоў буржуазнага апарата «для кіравання і будаўніцтва».
Можна толькі здагадвацца, колькі чалавек прытрымліваліся аналагічных з Лацысам поглядаў. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Адным з іх быў усё той жа Дзяржынскі. У інтэрв'ю ён трактаваў чырвоны тэрор як «застрашванне, арышты і знішчэнне ворагаў рэвалюцыі паводле прынцыпу іх класавай прыналежнасці або ролі іх у мінулыя дарэвалюцыйныя перыяды» — то-бок не за канкрэтныя дзеянні, а за паходжанне або службу ў дзяржорганах да рэвалюцыі.
Гэтая цытата вельмі важная, бо за савецкім часам дзеянні Жалезнага Фелікса і яго таварышаў трактаваліся як крайняя і вымушаная мера і адказ на белы тэрор. Апошні сапраўды існаваў — не варта ідэалізаваць прадстаўнікоў белага руху. Але розніца ў падыходах і ліку ахвяр.
Спашлемся на падлікі кандыдата гістарычных навук Вадзіма Эрліхмана, аўтара даведніка «Потери народонаселения в XX веке». Паводле яго звестак, колькасць ахвяраў чырвонага тэрору складае не менш за 1,2 млн чалавек, белага — 300 тысяч. Пры гэтым гісторык уключае ў апошнюю катэгорыю дзеянні ўрадаў незалежных Украіны, Грузіі і гэтак далей. Тэрор уласна белых армій, а таксама замежных «інтэрвентаў», якія ваявалі на іх баку, прывёў да гібелі 111,7 тысячы чалавек.

Сваіх праціўнікаў расстрэльвалі ўсе ўдзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі. Але толькі бальшавікі знішчалі людзей паводле класавага і саслоўнага прынцыпу. Толькі ў іх гэта была самастойная, яскрава выяўленая і выразна сфармуляваная ў словах іх лідараў палітыка.
Яе рэалізацыя выклікала пытанні нават у некаторых чальцоў партыі. У канцы 1918 года адзін з лідараў бальшавікоў Мікалай Бухарын, а таксама ветэраны РСДРП Міхаіл Альмінскі і Рыгор Пятроўскі крытыкавалі «паўнаўладдзе арганізацыі, што ставіць сябе не толькі вышэй за Саветы, але і вышэй за саму партыю». Яны патрабавалі прыняць меры, каб «абмежаваць самавольства арганізацыі, нашпігаванай злачынцамі, садыстамі і разбэшчанымі элементамі люмпен-пралетарыяту». Але за Дзяржынскага заступіліся Якаў Свярдлоў, Сталін, Троцкі і Ленін. Пасля гэтага было вырашана, што ў савецкім партыйным друку не можа быць «злоснай крытыкі» ў дачыненні да дзяржаўных установаў, у тым ліку і УНК.
«Ратаванне» дзяцей і пачатак новага этапу тэрору
У выніку Грамадзянскай вайны асноўныя праціўнікі бальшавікоў былі разгромленыя. Але новая ўлада вырашыла, што адклад не ідзе на лад, і ўжо ў 1920-м пачаліся працэсы супраць святароў, міністраў урада адмірала Аляксандра Калчака і гэтак далей.
У гэты перыяд актыўнасць рэпрэсій на нейкі час пайшла на спад, таму ў Дзяржынскага з’явіліся новыя абавязкі. Жалезны Фелікс узначаліў Камісію па паляпшэнні жыцця дзяцей — паводле падлікаў даследчыкаў, па Савецкай Расіі і іншых саюзных рэспубліках у 1922 годзе тулялася каля 7 мільёнаў дзяцей і падлеткаў. Улічваючы, што беспрытульнікі часта аказвалі супраціў уладам, без узброеных чэкістаў праблему было не вырашыць. Таму фактычна ў працы гэтай камісіі выкарыстоўваліся апарат УНК і магчымасці гэтага ведамства.

За савецкім часам гэтыя дзеянні трактаваліся як клопат пра беспрытульнікаў. Але рэальнасць была зусім іншай. Напрыклад, у 1920-м незалежная Ліга выратавання дзяцей звярнулася да савецкага ўрада з прапановай выратаваць дзяцей Расіі ад голаду праз дапамогу з-за мяжы. Ленін адрасаваў гэтую просьбу Дзяржынскаму з прыпіскай: «Я думаю, што гэта падвох». «Карміць нашых дзяцей не будзе замежжа», — пагадзіўся старшыня УНК. На чым грунтавалася адмова ад заходняй дапамогі ў разбуранай краіне, што пакутавала ад голаду, — абсалютна незразумела.
Акрамя таго, успомнім названыя раней лічбы па расстрэлах падчас чырвонага тэрору — з іх вынікае, што з’яўленне ў краіне вялікай колькасці беспрытульнікаў — у значнай ступені вынік дзеянняў саміх бальшавікоў. Атрымліваецца, спачатку чэкісты расстралялі бацькоў, а потым занепакоіліся пра лёс іх дзяцей.
Акрамя таго, у 1924−1926 гадах Дзяржынскі кіраваў Найвышэйшым саветам народнай гаспадаркі. Ён выступаў супраць бюракратыі, імкнуўся развіваць дробны прыватны гандаль і кіраваўся ў працы зусім не чэкісцкімі метадамі. Калі б Дзяржынскі затрымаўся на гэтай пасадзе даўжэй, магчыма, ён бы асацыяваўся ў даследчыкаў не толькі з рэпрэсіямі. Але ўмоўнага ладу гісторыя не ведае.
Стваральнік УНК памёр у 1926-м. У наступным годзе ў СССР заканадаўча замацавалі абавязак даносіць на нядобранадзейных грамадзян. «Неданясенне пра дакладна вядомае контррэвалюцыйнае злачынства, якое рыхтуецца або здзейсненае, цягне за сабой пазбаўленне волі на тэрмін, не ніжэйшы за шэсць месяцаў», — гаварылася ў Крымінальным кодэксе РСФСР, які ўступіў у сілу ў 1927-м і дзейнічаў да пачатку 1960-х.
У тым самым 1927-м у СССР адбыліся першыя арышты па «Шахцінскай справе»: кіраўнікоў і спецыялістаў вугальнай прамысловасці абвінавацілі ў сабатажы і шкодніцтве. Гэта была адна з першых палітычных справаў, якая сімвалізавала паварот да новага тэрору.
Сам жа тэрор пачаўся ў 1934-м, калі, паводле новага заканадаўства, расследаванне і разгляд справаў аб «тэрарыстычных арганізацыях і тэрарыстычных актах супраць работнікаў савецкай улады» (усе ці практычна ўсе з іх былі сфабрыкаваныя) сталі заканчваць не больш чым за дзесяць дзён; абвінаваўчае заключэнне ўручаць абвінавачаным за суткі да разгляду справы ў судзе; слухаць справы без удзелу бакоў; не дапускаць касацыйнага абскарджання прысудаў і падачы хадайніцтваў аб памілаванні; прыводзіць прысуд у выкананне неадкладна.
Няма ніякіх фактаў пра тое, што Дзяржынскі супраціўляўся тэрору, выступаў супраць яго ці хаця б супраць якіх-кольвек «перагібаў». Жалезны Фелікс не дажыў да новага вітка рэпрэсій. Але менавіта ён стаяў ля вытокаў стварэння савецкай рэпрэсіўнай машыны. Менавіта за ім у працы спецслужбаў пачаў дамінаваць класавы прынцып, які быў узведзены ў абсалют падчас Вялікага тэрору. А значыць, Дзяржынскі нясе поўную адказнасць і за яго.
Легенда пра рыцара з гарачым сэрцам
Міф пра Дзяржынскага, які настойліва спрабуюць прасунуць у масы беларускія ўлады, узнік у канцы 1960-х гадоў. Тады КДБ узначаліў Юрый Андропаў. Ён вырашыў аднавіць імідж спецслужбаў, заплямленых удзелам у сталінскіх рэпрэсіях (пра тагачасныя злачынствы жыхарам СССР ужо было вядома — у краіне прайшла хрушчоўская адліга). Задача аказалася няпростай. Яму патрабавалася фігура ідэальнага чэкіста, якая прыйшлася б даспадобы як партыйным чыноўнікам і самому Андропаву, што шчыра верыў у камуністычныя ідэалы, так і па-прасавецку настроенай інтэлігенцыі, якая тым не менш адмоўна ставілася да сталінскіх рэпрэсій.
Але асаблівага выбару не было. Практычна ўсе кіраўнікі УНК-ГПУ-АДПУ-НКУС, якія сталі гаспадарамі Лубянкі пасля Дзяржынскага, былі расстраляныя. Вячаслаў Мянжынскі — пераемнік Дзяржынскага, які ледзь не адзіны памёр сваёй смерцю — не меў такой біяграфіі і харызмы, як Фелікс Эдмундавіч. Заставаўся сам Жалезны Фелікс, які шчасліва памёр ад сардэчнага прыступу да пачатку новага вітка рэпрэсій. У выніку шматлікія кнігі і фільмы, а таксама праца прапаганды ператварыла яго ў рыцара без страху і папроку, «чалавека з халоднай галавой, гарачым сэрцам і чыстымі рукамі». Паводле легенды, гэтая фраза належала менавіта ўраджэнцу Беларусі. Насамрэч жа яна з’явілася ў біяграфічным тэксце пра яго.
Дзяржынскі быў адным са стваральнікаў савецкай рэпрэсіўнай машыны, якая знішчыла мільёны ні ў чым не вінаватых людзей. У гэтым небяспека новай ініцыятывы ўладаў: адбываецца падмена паняццяў. З чалавека, чые злачынствы даўно даказаныя, зноў спрабуюць ляпіць героя. Міф пра яго меў шанцы на поспех у савецкі час — ва ўмовах адсутнасці інфармацыі і закрытых архіваў. У сучасным жа свеце ён успрымаецца як яшчэ адна спроба вярнуцца да савецкай павесткі праз немагчымасці стварыць новую.
Чытайце таксама


